Беларускія праваабаронцы з Праваабарончага цэнтру "Вясна" занепакоеныя лёсам палітычных зьняволеных Артура Фінкевіча і Дзьмітрыя Дашкевіча

2006 2006-09-28T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 верасьня 2006 года Беларускія праваабронцы зьвярнуліся да амбасадара офісу АБСЕ у Мінску з лістом, дзе выказваюць сур’ёзную заклапочанасьць лёсам маладых палітзьняволеных Артура Фінкевіча і Дзьмітрыя Дашкевіча ў сувязі з іхнімі нечалавечымі ўмовамі ўтрыманьня ў зьняволеньні і тымі метадамі, якія ўжывае адміністрацыя ўстаноў, дзе яны ўтрымліваюцца.

     У лісьце гаворыцца пра тое, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” валодае  інфармацыяй аб цяжкім становішчы, у якім апынуліся гэтыя палітычныя вязьні, і мае падставы меркаваць, што ў дачыненьні да Артура Фінькевіча і Дзьмітрыя Дашкевіча выкарыстоўваюцца метады, якія можна расцэньваць як жорсткія і бесчалавечныя віды абыходжаньня.

Артур Фінькевіч адбывае пакараньне ў выглядзе двух гадоў абмежаваньня волі ў адной са сьпецыяльных камендатур горада Магілёва. Па інфармацыі, якой мы валодаем, умовы ўтрыманьня ў інтэрнаце, дзе знаходзіцца Артур Фінькевіч, вельмі кепскія.  Ён увесь час падвяргаецца псіхалагічнаму ціску з боку адміністрацыі дадзенай установы. Так, нядаўна Артур быў зьмешчаны ў бальніцу, дзе яму зрабілі аперацыю на нагах. Нягледзячы на тое, што ён павінен быў знаходзіцца ў бальніцы яшчэ пэўны час для рэабілітацыі здароўя, супрацоўнікі міліцыі ў прымусовым парадку даставілі яго ў інтэрнат установы. З гэтага тыдня, нягледзячы на тое, што ногі ў яго яшчэ не загаіліся, Артур абавязаны выходзіць на працу на цагельны завод, дзе выконвае цяжкую фізічную працу. Адміністрацыя ўстановы пастаянна пагражае яму тым, што ў выніку “дысцыплінарных праступкаў” ён будзе пераведзены на больш жорсткі рэжым – у калонію агульнага рэжыму.

Дзьмітрый Дашкевіч быў узяты пад варту ў межах крымінальнай справы па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). 21 верасьня 2006 года Дзьмітрыю было прад’яўлена афіцыйнае абвінавачаньне, мера стрыманьня пакінутая бяз зьменаў. На дадзены момант Дзьмітрый Дашкевіч знаходзіцца ў СІЗА МУС Рэспублікі Беларусь па вул. Валадарскага ў Мінску.

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, Дзьмітрый утрымліваецца ў вельмі кепскіх умовах, якія мы расцэньваем як жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне. Так, тры дні ён знаходзіўся ў камеры плошчай 12 квадратных метраў, у якой утрымлівалася 25 чалавек. Зьняволеныя, і Дзьмітрый у тым ліку, былі вымушаныя спаць седзячы на падлозе. У камеры, у якой Дзьмітрый утрымліваецца зараз, 16 спальных месцаў на 21 чалавека. Такім чынам, зьняволеныя вымушаныя спаць па чарзе.

Мы лічым, што такімі дзеяньнямі ўлады груба парушаюць Канвенцыю ААН супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня ці пакараньня; не выконваюць мінімальныя стандартныя правілы абыходжаньня са зьняволенымі; не выконваюць абавязкі, узятыя на сабе Беларусьсю, як краінай-удзельніцай АБСЕ.

Мы просім Вас зьвярнуцца ў Рэспубліканскую пракуратуру Рэспублікі Беларусь з прозьбай аб наведваньні Артура Фінькевіча і Дзьмітрыя Дашкевіча, а таксама давесьці да беларускіх уладаў пазіцыю Вашай арганізацыі па дадзенай праблеме.

Мы таксама просім Вас зьвярнуць увагу на ўмовы ўтрыманьня іншых палітычных вязьняў у Беларусі: Аляксандра Казуліна, Цімафея Дранчука, Мікалая Астрэйкі, Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Андрэя Клімава, Сяргея Скрабца, Івана Крука.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international