«Чорны сьпіс» ЭЗ будзе пашырацца да вызваленьня палітвязьняў

2012 2012-03-23T14:56:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Рада міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу пашырыла сьпіс беларускіх асобаў і кампаній, што трапляюць пад санкцыі, паведамляе карэспандэнт РС у Брусэлі.

Санкцыі пашырыліся за кошт 29 кампаній і 12 асобаў — судзьдзяў, пракурораў, бізнэсоўцаў, якія, паводле ЭЗ, адказныя за парушэньні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а таксама падтрымліваюць або зьяўляюцца бэнэфіцыярамі ўлады Лукашэнкі.

У высновах Рады ў справе Беларусі гаворыца:

«Дзеля таго, што палітычныя зьняволеныя дагэтуль ня вызваленыя і не рэабілітаваныя, і на фоне далейшага пагаршэньня сытуацыі, Рада вырашыла вызначыць дадатковы сьпіс асобаў адказных за сур'ёзныя парушэньні правоў чалавека і за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, да якіх будуць ужытыя візавыя абмежаваньні і замарожаньне ўкладаў. Рада таксама вырашыла уключыць у сьпіс бізнэсоўцаў і кампаніі, якія маюць прыбытак дзякуючы рэжыму або падтрымліваюць яго. Была дамоўлена, што сьпіс будзе пашырацца на наступных паседжаньнях Рады, пакуль у Беларусі ня будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя. Сьпіс асобаў і фірмаў, да якіх ужываюцца абмежавальныя захады Эўразьвязу, застаецца адкрыты і будзе ўвесь час пераглядацца».

Рада зноў заклікае Беларусь паважаць міжнародна прызнаныя прынцыпы дыпляматычнай недатыкальнасьці і прывілеі дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў ЭЗ у Менску і спыніць цяперашняе цкаваньне і запалохваньне.

У сувязі з плянаваным Чэмпіянатам сьвету па хакеі 2014 году Эўразьвяз будзе інфармаваць Міжнародную фэдэрацыю хакею на лёдзе і нацыянальныя фэдэрацыі аб сваёй глыбокай занепакоенасьці з прычыны непавагі з боку Беларусі да правоў чалавека, вяршэнства законаў і дэмакратычных прынцыпаў.
 
ЭЗ пацьвярджае сваю цьвёрдую наважанасьць надалей умацоўваць узаемадзеяньне з народам Беларусі і грамадзянскай супольнасьцю і падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу. Рада вітае ініцыятыву Эўразьвязу «Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі» зь беларускім грамадзтвам у справе неабходных рэформаў для мадэрнізацыі Беларусі і патэнцыйнага разьвіцьця дачыненьняў з ЭЗ, а таксама магчымай падтрымкі ў гэтым з боку ЭЗ.

***

Дадаткі да сьпісу яшчэ не апублікаваныя, аднак удзельнікі паседжаньня паведамілі, што ў сьпіс трапілі толькі 2 бізнэсоўцы - Анатоль Тарнаўскі і Юры Чыж і . У сьпісе фірмаў — кампанія Тарнаўскага "Унівэст", сярод астатніх — тыя, што належаць Чыжу і Пефціеву. Аднак у сьпіс ня трапілі кампанія Чыжа, якая супрацоўніцае з Славеніяй, і тры кампаніі, якія маюць бізнэсовыя сувязі з Латвіяй.

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі не хаваў, што ня зьвязвае з гэтымі санкцыямі вялікіх надзеяў:

«Гэта выказваньне нашай салідарнасьці зь беларускім грамадзтвам і нэгатыўнай ацэнкі таго, што робяць улады»,— цытуе Сікорскага ПАП.

Польскі міністар падкрэсьліў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца: «Некаторыя палітычныя зьняволеныя знаходзяцца на мяжы сьмерці. Гэта ня можа быць пакінута без адказу».

Сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ і чые актывы павінны быць замарожаны, Рада ЭЗ зацьвердзіла 31 студзеня 2011 года. Зараз у ім больш за 200 прозьвішчаў.

На паседжаньні Рады міністраў ЭЗ аналягічны сьпіс быў дапоўнены і дачыненьні да Сырыі. Сярод 12 новых асобаў у сьпісе — жонка прэзыдэнта Асма Асад і іншыя родныя і сваякі прэзыдэнта Башара Асада.

Афіцыйнае паведамленьне чакаецца пазьней.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international