Расія зацікаўлена ў тым, каб Беларусь далучылася да мараторыя на смяротную кару

2012 2012-03-20T10:51:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Расія зацікаўлена ў тым, каб усе еўрапейскія краіны, у тым ліку Беларусь, далучыліся да мараторыя на смяротную кару, заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.

Каментуючы ў інтэрв'ю радыёстанцыі "Камерсант FM" смяротную кару абвінавачаных у тэрарызме Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, кіраўнік расійскага МЗС адзначыў: "Барацьба з тэрарызмам, канешне, павінна быць бязлітаснай. У той жа час наша стаўленне да смяротнай кары добра вядома — мы даўно аб'явілі мараторый на смяротную кару. Наконт гэтага ёсць спецыяльныя рашэнні, якія былі прыняты Канстытуцыйным судом, і гэтаму мараторыю расійскае кіраўніцтва прыхільнае. Мы ў прынцыпе былі б зацікаўлены ў тым, каб усе еўрапейскія краіны да такога мараторыя далучыліся".

Пры гэтым Лаўроў падкрэсліў, што адмена смяротнай кары — пытанне "складанае" і "неадназначнае" і "гэта — справа кожнай дзяржавы". "На мой погляд, аптымальным на гэтым этапе з'яўляецца захаванне мараторыя", — дадаў кіраўнік МЗС.

Ён выказаў перакананне ў тым, што рух Беларусі "ў бок паўнапраўнага членства ў Савеце Еўропы якраз забяспечыць вырашэнне праблемы прымянення смяротнай кары, таму што адной з умоў удзелу ў Савеце Еўропы з'яўляецца яе адмена".

У выніку тэракта ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года 15 чалавек загінулі, больш за 300 — атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

30 лістапада абвінавачаныя ва ўчыненні тэракта 25-гадовыя жыхары Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў былі прыгавораны Вярхоўным судом Беларусі да вышэйшай меры пакарання. Канавалаў прыгавор не абскардзіў і аб памілаванні не прасіў. Кавалёў — падаў на імя прэзідэнта прашэнне аб памілаванні. Акрамя таго, родныя Кавалёва падалі скаргу ў камітэт па правах чалавека ААН, які яе прыняў і афіцыйна прасіў улады Беларусі не прыводзіць прыгавор у выкананне, пакуль справа не будзе разгледжана.

Тым не менш 14 сакавіка стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмовіў у памілаванні асуджаных, а 17-га — з'явілася інфармацыя аб тым, што смяротныя прыгаворы ў дачыненні да Канавалава і Кавалёва прыведзены ў выкананне. Гэта выклікала неадназначную рэакцыю ў беларускім грамадстве, бо многія ставілі пад сумненне справядлівасць судовага прыгавору.

Міжнародная супольнасць і дэмакратычныя краіны асудзілі чарговыя факты смяротнай кары, падкрэсліваючы, што Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль прыводзяцца ў выкананне смяротныя прыгаворы.

Цяперашняя заява міністра Лаўрова стала першай рэакцыяй Расіі на пакаранне Канавалава і Кавалёва.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international