“Гэта з міліцыі, калі вы не прыедзеце, вашага сябра затрымаем на 3 сутак”

2012 2012-03-17T11:30:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Такое СМС прыйшло на нумар 24-гадовай дзяўчыны, якую міліцыя спрабавала выклікаць на размову.

Віталя выклікалі ў крымінальны вышук Кастрычніцкага раёна Мінска, каб паразмаўляць пра суседку Аню. Пакуль ён ехаў, дзяўчына атрымала СМС:

"Гэта з міліцыі, калі вы да нас не прыедзеце, ваш сябар будзе затрыманы на 3 сутак".

Шукаюць дзяўчыну, нібыта, каб атрымаць тлумачэнні, ці не мае яна дачынення да асобаў, якія хочуць звергнуць уладу. Міліцыя не можа знайсці яе ўжо месяц, але позву не дасылае. Участковы хадзіў да яе 20 разоў, але дома ні разу не застаў. 

Еўрарадыё тэлефануе па нумары, з якога прыйшла СМС, і высвятляецца, што па ім адказвае Віталь Бусел, супрацоўнік крымінальнага вышуку Кастрычніцкага раёна.

"Для Еўрапейскага радыё я нічога каментаваць не буду", – адказвае ён.

Падчас сустрэчы з сябрам Ганны, аператыўнік тлумачыць: прыйшла папера ад Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, справа на кантролі міністра! Таму дзяўчыну трэба тэрмінова адшукаць! Позву не прысылалі, бо... навошта, калі ўчастковы прыходзіў 20 разоў.

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч шакаваны такімі метадамі і раіць звяртацца ў пракуратуру.

"Першы раз чую, каб такое рабілі. Бывала, што падманам заманьвалі і арыштоўвалі, як Вінаградава. Спачатку запрасілі на гутарку, а потым аформілі хуліганства. Але такога, каб некага ўзялі і прапанавалі размен... Яны ж ёй дзверы не выламвалі, хаця такое права цяпер маюць. Значыцца, яна ім была не вельмі патрэбная".

Старшыня БХК Алег Гулак таксама кажа пра відавочнае парушэнне закона.

"Каб выламаць дзверы, патрэбная фармальная падстава. Відаць, што ў іх проста не было патрэбы, а яны і падставы знайсці не маглі. Я б рэкамендаваў звярнуцца ў пракуратуру. Указаць нумары тэлефонаў, з якіх былі СМС, апісаць сітуацыю і хай яны разбіраюцца".

Алег Гулак прыгадвае незаконныя метады, якімі можа карыстацца міліцыя , каб выклікаць чалавека, замест таго, каб проста выслаць позву.

"Просьбы, перакананні, запалохванні, выкарыстанне залежнай сітуацыі на працы. Арсенал шырокі, але гэта ўсё незаконна".

Кіраўнік службы інфармацыі мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі ўвогуле сумняваецца ў праўдзівасці сітуацыі. Бо, калі верыць словам удзельнікаў падзей, гэта парушэнне, але наўрад ці супрацоўнік міліцыі стане займацца такім глупствам, мяркуе Ластоўскі:

"Я нават не магу ўявіць сітуацыі, у якой бы супрацоўнік міліцыі пайшоў бы на парушэнне закона".

Дзяўчына ў міліцыю не пайшла, але і сябра не затрымалі. Толькі ўзялі тлумачэнні, а СМС апынулася хітрасцю, што праўда, незаконнай.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international