Дэпутат: Калі б не тэракт, ужо б абмяркоўвалі мараторый на смяротную кару

2011 2011-12-13T12:12:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка тлумачыць, чаму ён супраць смяротнага пакарання і чаму прысуд Канавалаву і Кавалёву – законны.

Еўрарадыё: Вы ўзначальваеце працоўную групу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання. Найперш, цікавіць ваша асабістае стаўленне да смяротнага прысуду.

Мікалай Самасейка: Калі казаць коратка, то на мой асабісты погляд, смяротнага пакарання не павінна быць у прынцыпе. Я лічу, што гэта пытанне ляжыць нават не ў сферы абмеркавання аргументаў “за” і “супраць”. Гэта пытанне ляжыць у сферы маральна-этычнай. Проста, трэба ўсвядоміць, што смяротнага пакарання не павінна быць у прынцыпе.

Еўрарадыё: Не першы год дэпутаты вывучаюць магчымасць адмены смяротнага пакарання. І на якой стадыі знаходзіцца сёння гэта пытанне?

Мікалай Самасейка: Вы ведаеце, што 3 лютага 2010 года ў парламенце была створаная працоўная група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, як сродку крымінальнага пакарання. Мэта гэтай групы – не падштурхнуць пытанне да адмены альбо захавання смяротнага пакарання, а давесці да шырокай грамадскасці тыя пытанні, тыя праблемы, тыя вострыя аспекты, якія ўзнікаюць падчас абмеркавання. Але не мэта – схіліць вагі ў той ці іншы бок. Я скажу чаму. У 1996 годзе ў нас быў праведзены рэферэндум, дзе 80,44% прагаласавалі за захаванне смяротнага пакарання. А вы ведаеце, што пераважная большасць краін і ў Еўропе, і на постсавецкай прасторы прынялі рашэнне аб адмене смяротнага пакарання альбо ўвядзенні мараторыя насуперак меркаванню грамадства. Але мы правялі рэферэндум, запыталіся ў народа яго меркаванне. І калі мы запыталіся адзін раз – мы абавязаныя запытацца і другі.

Еўрарадыё: Але ж апроч рэферэндуму ёсць і іншыя шляхі вырашэння пытання – увядзенне мараторыя, да прыкладу?..

Мікалай Самасейка: Сапраўды. Пытанне смяротнага пакарання знаходзіцца ў тым артыкуле Канстытуцыі, змена якога патрабуе правядзення рэферэндуму. Для поўнай адмены смяротнага пакарання. Для мараторыя рэферэндум не патрабуецца. У 2004 годзе Канстытуцыйны суд сказаў, што пытанне аб адмене смяротнага пакарання альбо ўвядзенні мараторыя знаходзіцца ў кампетэнцыі прэзідэнта альбо парламента. Чаму парламент гэтага не ініцыюе? Усё вельмі проста. Я вам назваў меркаванне рэспандэнтаў, якія прагаласавалі за захаванне смяротнага пакарання ў 1996 годзе. Сацыялагічныя апытанні, якія праводзяцца і Аналітычным цэнтрам пры прэзідэнце, і незалежныя сацыялагічныя апытанні паказваюць, што вагі схіляюцца да захавання смяротнага пакарання. А парламент з’яўляецца люстраным адбіткам настрояў грамадства. І ў парламенце далёка не ўсе за адмену смяротнага пакарання! Я нават падазраю, што большасць – за захаванне. Вынесці гэта пытанне на пасяджэнне і атрымаць адмоўны адказ – гэта будзе ці крок назад, ці таптанне на месцы.

Еўрарадыё: І якое выйсце вы, прыхільнік адмены смяротнага пакарання, бачыце з гэтай сітуацыі?

Мікалай Самасейка: Я лічу, што ў выніку грамадства павінна да гэтага саcпець. Я не схільны ідэалізаваць сітуацыю і спадзявацца, што меркаванне грамадства кардынальна зменіцца. Прынамсі, калі меркаванні ў грамадстве падзеляцца 50 на 50 – тады гэта пытанне можна будзе сур’ёзна абмяркоўваць і прыходзіць да нейкага канчатковага яго рашэння.

Дарэчы, меркаванні грамадства змяняюцца ў залежнасці ад тых падзей, якія адбываюцца ўнутры грамадства. Залежыць гэта ад сацыяльна-эканамічнага становішча і гэтак далей. Што тычыцца Нарвегіі, то там такім фактарам стаў Брэйвік. Што тычыцца Беларусі – то гэта тэрарыстычны акт у метро 11 красавіка. Усё гэта пакідае свой адбітак на адносінах грамадства да пытання адмены ці захавання смяротнага пакарання. Маё асабістае меркаванне, не афіцыйнае, у тым, што тэрарыстычны акт у метро затармазіў абмеркаванне пытання аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Я лічу, што вясной бягучага года мы шчыльна падышлі да рэальнага абмеркавання гэтага пытання. Зразумела, тэракт усё затармазіў.

Пасля вынясення прысуду ў грамадстве пачалася шырокая дыскусія наконт захавання альбо адмены смяротнага пакарання. Бачыце, з аднаго боку тэракт затармазіў гэты працэс, а пасля вынясення прысуду – даў новы штуршок абмеркаванню гэтага пытання. Праўда, там не ўсё прыгожа – штуршок далі людзі, альбо далёкія ад юрыспрудэнцыі, альбо, якія хочуць папракнуць улады ў некампетэнтнасці. Але прысуд абсалютна законны і абгрунтаваны! Паверце мне: я адпрацаваў 20 гадоў у судовай сістэме і магу гэта сцвярджаць. Але тыя людзі, якія казалі аб незаконнасці прысуду, яны міжволі далі штуршок грамадству – каб яно зноў вярнулася да абмеркавання адмены смяротнага пакарання. Без нейкага знешняга прымуса і нейкіх сацыялагічных даследаванняў.


                       Ніякай паспешлівасці пры вынясенні прысуду тэрарыстам не было



Еўрарадыё: Што вы, як чалавек з судовай сістэмы, можаце адказаць тым людзям, якія ўказваюць на шматлікія недапрацоўкі следчых, на недамоўкі суда па справе аб тэракце?

Мікалай Самасейка: Я не збіраюся абмяркоўваць кожную дэталь прысуду. Але, калі вы верыце мне на слова як прафесіяналу, то я пад гэтымі дзвюма пасылкамі распісваюся: альбо далёкія, альбо – наўмысна шукаюць падставу!

Еўрарадыё: І ўсё ж: ці не занадта жорсткі прысуд вынесены Кавалёву – смерць за тое, што не данёс у міліцыю на сябра і дапамог сумку паднесці?

Мікалай Самасейка: У дадзеным выпадку будзе неэтычна абмяркоўваць рашэння суда.

 

Еўрарадыё: На фоне “справы Брэйвіка” справа “Канавалава-Кавалёва” прайшла даволі хутка...

Мікалай Самасейка: Вы таксама далёкі ад юрыспрудэнцыі! Гэта звычайныя тэрміны для звычайнага працэсу. Так, сапраўды, справа неардынарная. Такой у Беларусі не было і я спадзяюся, што не будзе больш ніколі. Але паверце, я меў дачыненне да такога кшталту спраў – гэта тэрміны, якія ўпісваюцца ў патрабаванні заканадаўства. Ніякай спешкі тут няма. Вы прапаноўваеце, каб суд праз кожны дзень аб’яўляў перапынак на тыдзень? Судовыя пасяджэнні ішлі размерана, былі дапытаныя абвінавачаныя – тыя, хто з іх даў паказанні. Былі дапытаныя пацярпелыя, сведкі, даследаваныя пісьмовыя матэрыялы справы. Суд для такога аб’ёма – 114 лістоў – узяў разумныя тэрміны і акурат у іх уклаўся. Ніякай паспешлівасці ці затрымкі тут няма – гэта звычайныя працэсуальныя тэрміны для знаходжання ў дарадчым пакоі.


  Наяўнасць смяротнага пакарання робіць грамадства больш жорсткім. Гэта добра відаць на прыкладзе Амерыкі



Еўрарадыё: Смяротнае пакаранне ў нас – мера часовая. Так запісана і ў Канстытуцыі, і Крымінальным кодэксе. Кіраўнік краіны мае права памілаваць асуджанага. Але за ўсе гады Аляксандр Лукашэнка скарыстаўся гэтым правам толькі аднойчы...

Мікалай Самасейка: Будзе не вельмі этычна абмяркоўваць дзеянні прэзідэнта. Ён акумулюе ў сабе волю народа, які яго абраў. І ён мае права прымаць рашэнні. Хтосьці падтрымае прэзідэнта, калі ён некага памілуе ці не памілуе, хтосьці – наадварот.

Еўрарадыё: Вы не думаеце, што існаванне ў нашай краіне смяротнага пакарання робіць больш жорсткім наша грамадства?

Мікалай Самасейка: І не толькі наша грамадства. Наяўнасць смяротнага пакарання робіць грамадства больш жорсткім. Гэта добра відаць на прыкладзе Амерыкі – насілле на экранах, крымінальнікі, злачынствы. А пра знешнія праявы іх агрэсіўнасці і казаць няма чаго! І вялікае значэнне тут адыгрывае наяўнасць смяротнага пакарання. А яны ж яшчэ і транслююць выкананне смяротнага пакарання! Называюць гэта прэвентыўнай мерай. Але давайце паглядзім на Беларусь. У 1998 годзе было вынесена 47 смяротных прысудаў, а ў 2008, 2009, 2010 – усяго па два. Колькасць смяротных прысудаў скарацілася ў 23 разы. Здавалася б, гэта можна патлумачыць тым, што была ўведзеная такая альтэрнатыва смяротнаму пакаранню як пажыццёвае зняволенне. Але і колькасць прысудаў, па якіх выносіцца пажыццёвае зняволенне, таксама скарацілася! І колькасць злачынстваў, за якія прысуджаюць такія пакаранні скарацілася. Гэта сведчыць, што смяротнае пакаранне не мае прэвентыўнага значэння.


                    З увядзеннем мараторыя на смяротнае пакаранне мы топчамся на месцы



Еўрарадыё: Ці ўсё ж Беларусь ідзе да таго, каб адмяніць смяротнае пакаранне альбо ўвесці мараторый?

Мікалай Самасейка: Топчацца на месцы. Сумневаў у тым, што смяротнае пакаранне будзе адмененае, няма. Іншае пытанне – калі? Я вам больш скажу: наша працоўная група, якая была створаная 3 лютага 2010 года, павінна была быць створаная яшчэ раней – летам 2009 года. Аднак 23 чэрвеня 2009 года Парламенцкая асамблея Савета Еўропы выставіла Беларусі ультыматум наконт вяртання статуса спецзапрошанага пры ўмове ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Магчыма, ім падавалася, што гэта падштурхоўвае працэс, а працэс затармазіўся. Трэба ведаць менталітэт беларусаў – не трэба знешняга ўціску. Не трэба навязваць сваё меркаванне, не трэба падштурхоўваць іншыя краіны да прыняцця таго ці іншага рашэння. Яны сваім ультыматумам на паўгода адцягнулі стварэнне працоўнай групы.  

Еўрарадыё: Сыходзячы з вашых слоў, заклікі да адмены смяротнага пакарання, якія з новай сілай пачалі гучаць пасля прысуду Канавалаву і Кавалёву, зноў стануць тормазам на шляху яго адмены?

Мікалай Самасейка: Вы ж беларус, ведаеце, што ў нас ёсць свой нацыянальны гонар. У любым пытанні беларусы ўсё за сябе вырашалі самі. Без знешняга ўціску. Беларусы не прыймаюць уціск!

Еўрарадыё: Ці хапае ў нас інфармацыйных праграм па пытанні смяротнага пакарання, нейкіх ток-шоу, прысвечаных гэтаму?

Мікалай Самасейка: Хапае. Як кіраўнік працоўнай групы, я сачу за гэтым і сам раз, а то і два ў месяц выступаю па гэтым пытанні. Нейкія мерапрыемствы на гэту тэма праводзяцца. Справа ў іншым – наўрад ці гэта знаходзіць усіх адрасатаў. Тыя, хто цікавіцца гэтым – знойдуць, пабачаць і зробяць для сябе высновы. Незалежна ад таго, “за” яны альбо “супраць”, але яны цікавяцца. Але больш за палову насельніцтва наўрад ці спецыяльна шукаюць адказ на гэта пытанне для сябе. Мне нават даводзілася сутыкацца з інтэлігентнымі, адукаванымі людзьмі, якія ў мяне пыталіся: “А смяротнае пакаранне ў нас увогуле ёсць ці няма?” Мяне гэта здзівіла, але факт застаецца фактам.


          Магчыма, прысуды былі спрэчнымі, але відавочна несправядлівых няма.



Еўрарадыё: Пасля гучных працэсаў апошніх гадоў шэраг суддзяў трапілі у спіс неўязных у ЕС. Крыўдна за калег?

Мікалай Самасейка: Вядома! Што-небудзь змянілася ад пашырэння гэтага спісу неўязных? І ніколі не зменіцца. Суддзі падпарадкоўваліся і будуць падпарадкоўвацца толькі закону. Вы можаце назваць прысуды, якія былі відавочна несправядлівыя супраць тых ці іншых асоб? Магчыма, прысуды былі спрэчнымі, але відавочна несправядлівых няма.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да ўвядзення інстытута прысяжных?

Мікалай Самасейка: Я лічу, што ў гэтым пытанні Беларусі трэба шукаць сваю мадэль. Дарэчы, існуючы ў нас інстытут народных засядацеляў не выконвае сваю функцыю. У тым плане, як тое задумвалася. Магчыма, інстытут народных засядацеляў павінен трасфармавацца не ў прысяжных, а ў судовыя калегіі, дзе будуць прысутнічаць прафесіяналы. Тры іх будзе ці пяць, але не 12.

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international