Былы лідэр Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык параўноўвае дзьве выбарчыя прэзідэнцкія кампаніі - 2001 і 2006 годаў і ацэньвае зьмены ў Беларусі за гэты час

2006 2006-09-20T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пяць гадоў таму Аляксандар Лукашэнка прынёс прысягу і пачаў адлік свайго другога прэзыдэнцкага тэрміну. Ягоны канкурэнт ад аб’яднанай апазыцыі на тых выбарах, былы лідэр Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык сёлета працаваў у камандзе Аляксандра Казуліна. Свой досьвед працы ў апошніх выбарчых кампаніях ён выклаў у кнізе “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі — у рэжыме аўтакратыі”.

Паводле афіцыйных зьвестак, у верасьні 2001 году за А.Лукашэнку прагаласавала 75% выбарцаў, якія прыйшлі на ўчасткі для галасаваньня. Сёлета пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ЦВК агучыў лічбу — 83% падтрымкі А.Лукашэнкі. Сам дзейны кіраўнік краіны днямі ў інтэрвію Бі-Бі-Сі заявіў, што за яго галасавала 95% выбарцаў. Уладзімер Ганчарык мяркуе, што нават гэтыя лічбы сьведчаць пра пэўныя зьмены — прынамсі, у сьвядомасьці самога Аляксандра Лукашэнкі, які імкнецца да большага кантролю над грамадзтвам.

У сваёй кнізе спадар Ганчарык піша, што ні ўлада, ні апазыцыя не зрабілі патрэбных высноваў з выбараў 2001 году. Улада не пайшла на больш лібэральны шлях разьвіцьця краіны, а наадварот — пачала зьнішчаць незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасьць. Апазыцыя ж не змагла пазьбегнуць памылак пяцігадовай даўніны, зноў дапусьціла шмат унутраных дыскусіяў перад выбарамі, ня мела эфэктыўнага пляну абароны вынікаў галасаваньня. Ацэньваючы перамены ў Беларусі ў цэлым за мінулыя пяць гадоў
, спадар Ганчарык зазначыў у інтэрвію Радыё Свабодзе: “Пазытыўная ёсьць розьніца, калі ўзяць бягучыя праблемы ў эканоміцы. Бо ўсё-такі ёсьць нейкі рост. Іншая справа, наколькі гэта пэрспэктыўна, коштам чаго. А што датычыць стану грамадзтва, то тут мінус — і вялікі мінус, бо яно незьяднанае, больш пасіўнае, у ім больш страху”.

Нягледзячы на горыч паразаў, спадар Ганчарык заклікае апазыцыю не адносіць сябе ў разрад дысыдэнтаў, больш працаваць з моладзьдзю. Але на хуткія дэмакратычныя пераўтварэньні ён не спадзяецца: “Не, калі ня будзе такой мэтанакіраванай працы, а таксама з улікам унутранай абстаноўкі, зьнешніх дачыненьняў, калі гэта не пераацаніць, то яшчэ доўгі час чакаць… Умацоўваецца рэжым, на жаль, гэта трэба прызнаць, запалохваньні й перасьлед таксама ўплываюць. Хаця і цяпер людзі больш крытычна ставяцца да ўлады, але гэта на пабытовым узроўні, а не ў палітычнай актыўнасьці”.

Спадар Ганчарык не спадзяецца апублікаваць сваю кнігу ў Беларусі, таму будзе шукаць выдаўца ў Расеі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international