Суд апраўдаў Святлану Задзядзюрыну

2012 2012-03-15T10:01:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Студэнтку фізічнага факультэта БДУ, што была затрыманая 19 снежня 2011 года падчас акцыі салідарнасці з палітвязнямі і атрымала штраф, апраўдаў суд Партызанскага раёна Мінска.

Гісторыя Святланы Задзядзюрынай нагадвае безліч выпадкаў, якія мелі месца падчас летніх «маўклівых акцый» — тады досыць часта затрымлівалі выпадковых мінакоў. Паводле слоў Святланы, увечары 19 снежня яна вярталася дадому з вучобы і нават не здагадвалася, што перад касцёлам святых Сымона і Алены адбываецца несанкцыянаваная акцыя.

Калі Святлана ішла каля касцёла, на яе ледзь не наехаў сіні мікрааўтобус без нумароў, з яго раптам выйшлі двое невядомых людзей і зацягнулі яе ўнутр. Потым Святлану адвезлі ў Маскоўскі РАУС, дзе на яе склалі адміністратыўны пратакол, згодна з якім яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ноч яна правяла на Акрэсціна, а на наступны дзень суддзя Абрамовіч суда Партызанскага раёна Мінска прысудзіла ёй штраф у памеры 25 базавых велічынь.

Але дзяўчына вырашыла змагацца з несправядлівасцю і падала касацыйную скаргу на прысуд. Яе разглядаў суддзя Мінскага гарадскога суда Уладзімір Карноў, які адносна нядаўна быў унесены ў «чорны спіс» Еўрасаюза. На дзіва, суддзя пастанавіў адправіць справу на перагляд у суд Партызанскага раёна.

У судзе Партызанскага раёна Мінска справу нанова разглядала суддзя Мар’яна Валчкова. З боку Святланы Задзядзюрынай на судзе сведчылі яе бацька Яўген Задзядзюрын і прафесар фізічнага факультэта БДУ Аляксандр Гарбацэвіч. Менавіта прафесар Гарбацэвіч пацвердзіў, што 19 снежня Святлана знаходзілася на занятках да 19.20 і прыкладна ў 19.30 толькі падыходзіла да касцёла.

Паводле пратакола, складзенага міліцыянтамі, у гэты самы час яна здзяйсняла адміністрацыйнае правапарушэнне. Але, па словах Святланы, у гэты час яна размаўляла па тэлефоне са сваёй маці, і прымаць удзел у акцыі, а тым больш выкрыкваць лозунгі не магла. На судзе дадзены факт быў пацверджаны раздрукоўкай тэлефонных размоў, якую суд запатрабаваў у мабільнага аператара, якім карыстаецца Святлана і яе маці. На думку Святланы, менавіта гэты факт забяспечыў ёй алібі і дапамог дамагчыся апраўдальнага вердыкту. Акрамя гэтага падчас судовага пасяджэння высветлілася, што міліцыянты ўносілі змены ў пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні пасля таго, як выдалі копію Святлане.

Рашэнне суда, згодна з якім Святлана Задзядзюрына была прызнаная невінаватай, было вынесена 12 сакавіка і ўступіць у законную сілу праз 10 дзён. Да ўступлення ў законную сілу яно можа быць апратэставана пракурорам.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international