Заява ГА “БАЖ” з нагоды абмежавання права на выезд з краіны журналістаў і сябраў арганізацыі

2012 2012-03-15T13:02:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адзначае няўхільнае пагаршэнне сітуацыі са свабодай слова і іншымі грамадска-палітычнымі правамі ў краіне.

Амаль адначасова адбываюцца незаконнае абмежаванне права на свабоду перамяшчэння сябраў арганізацыі, рэзкае ўзмацненне пераследу журналістаў з боку пракуратуры і КДБ, а таксама распаўсюд недакладнай і зневажальнай інфармацыі пра ГА “БАЖ” і яго кіраўніцтва  дзяржаўным тэлебачаннем.

За апошнія некалькі дзён ужо чатыром сябрам ГА “БАЖ” было адмоўлена ў выездзе за межы Беларусі. Сярод іх – старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, якой 15 сакавіка памежныя службы не дазволілі вылецець з аэрапорту “Мінск-2” у Варшаву. У той жа дзень не далі выехаць з краіны прадстаўніку тэлеканалу “Белсат” Міхасю Янчуку, які таксама накіроўваўся ў Варшаву. Напярэдадні, 14 сакавіка, з Беларусі не дазволілі выехаць ў Літву шэф-рэдактару газеты “Наша Ніва”, сябру ГА “БАЖ” Андрэю Дынько, а 11 сакавіка – яшчэ аднаму сябру нашай арганізацыі Валянціну Стэфановічу.

Ніводная з афіцыйных структур не дае журналістам інфармацыі, кім і на якой падставе прымалася рашэнне аб часовым абмежаванні іх права на выезд з краіны. З аналагічнымі праблемамі сутыкнуўся ў гэты ж перыяд шэраг грамадскіх дзеячоў і апазіцыйных палітыкаў.

Гэтыя абмежаванні наўпрост парушаюць артыкул 30 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога грамадзяне краіны маюць права свабодна пакідаць Беларусь, - гэтак жа як і закон “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспублікі Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь”. Абмежаванне права журналістаў і сябраў БАЖ на выезд з краіны супярэчыць таксама арт.арт. 33 і 34 Канстытуцыі краіны, якія гарантуюць грамадзянам свабоду выказвання і свабоду распаўсюду інфармацыі.

Масавыя парушэнні свабоды меркавання праяўляюцца і ў тым, што з пачатку года сем журналістаў з Гродна і Полацку атрымалі вусныя альбо пісьмовыя папярэджанні ад органаў пракуратуры і КДБ. Яшчэ адзін журналіст з Брэста выкліканы ў абласную пракуратуру на 19 сакавіка. Таксама вельмі трывожнымі сігналамі для журналістаў сталі затрыманні ў апошнія дні ў Мінску дзвюх замежных здымачных груп – эстонскай з канала TV3 3 і шведскай з SVT, якія былі акрэдытаваныя ў краіне. 

Нельга не звярнуць увагі на тое, што ціск на журналістаў і сябраў БАЖ павялічыўся неўзабаве пасля распачатай на беларускім тэлебачанні кампаніі цкавання і дыскрэдытацыі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і яе кіраўніцтва. Складваецца ўраджанне, што беларускае дзяржаўнае тэлебачанне займаецца ідэалагічным забяспячэннем наступу на незалежную журналістыку ў краіне. 

У сувязі з вышэйпералічанымі фактамі ГА “БАЖ” :  

- рашуча пратэстуе супраць увядзення абмежавання журналісцкай дзейнасці, правоў і законных інтарэсаў сваіх сябраў;

- патрабуе, каб Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС і Дзяржаўны памежны камітэт адказалі на пытанне - якая дзяржаўная ўстанова і на якой падставе прымала рашэнне абмежаваць шэрагу грамадзян выезд з краіны;

- звяртаецца ў Пракуратуру РБ з патрабаваннем зрабіць захады па аднаўленні законнасці; 

- заяўляе, што будзе і надалей, незалежна ад ціску на арганізацыю, ажыццяўляць сваю дзейнасць па ўсталяванні свабоды слова ў краіне.

 

Прынята Праўленнем ГА “БАЖ”

15.03.2012 г.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international