Уладзімір Няпомняшчых спаганяе з міліцыі 9 мільёнаў маральнай шкоды за незаконнае змяшчэнне ў ІЧУ

2012 2012-03-14T14:57:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/niapomniashchyh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Няпомняшчых

Уладзімір Няпомняшчых

14 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбылося папярэдняе паседжанне па грамадзянскай справе актывіста АГП і Руху «За свабоду!», пенсіянера МУС Уладзіміра Няпомняшчых. Апазіцыянер спаганяе праз суд маральную шкоду ў памеры 9 мільёнаў рублёў за незаконнае ўтрыманне ў ІЧУ. Працэс вядзе суддзя Ірына Кавалевіч.

Заяўнік лічыць, што адвольнае ўтрыманне яго да суду пад арыштам да трох сутак зняважыла яго чалавечую годнасць, прымусіла на працягу доўгага перыяду часу адчуваць сваю безабароннасць перад уседазволенасцю дзяржаўных органаў, усумніцца ў дзейснасці прынцыпу законнасці і справядлівасці.

Уладзімір Няпомняшчых быў затрыманы міліцыяй 7 кастрычніка 2011 года, напярэдадні Народнага сходу, і змешчаны без прад'яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў да суда ў ІЧУ. 10 кастычніка актывіст быў дастаўлены ў суд, які прызнаў яго вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў штрафам. Ужо пасля суда Няпомняшчых даведаўся пра існаванне яшчэ аднаго пратаколу, складзенага міліцыянтамі, пра тое, што актывіст нібыта лаяўся матам, гэта значыць здзейсніў дробнае хуліганства. Дадатковае абвінавачванне з боку міліцыі Няпомняшчых расцэньвае як іх спробу апраўдаць нічым не абгрунтаваны пазасудовы адміністрацыйны арышт да трох сутак. Довады апазіцыянера аб фальсіфікацыі з боку супрацоўнікаў міліцыі доказаў па абвінавачванні ў дробным хуліганстве пацвярджаюцца пастановай суду Цэнтральнага раёна ад 11 студзеня 2012 г. аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з недаказанасцю віны.

«У выніку неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў адказчыка я панёс такое дадатковае пазасудовае адміністрацыйнае спагнанне, як фактычны адміністрацыйны арышт у выглядзе трох сутак, хоць ніякай неабходнасці ў пазбаўленні мяне волі ў момант затрымання не існавала», - піша ў зыскавай заяве Няпомняшчых. Ён упэўнены, што міліцыянты не мелі законнага права змяшчаць яго ў ІЧУ да суда, паколькі на той момант ён меў статус асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, а не асобы, якая здзейсніла правапарушэнне.

На судзе 14 сакавіка прысутнічаў адказчык – прадстаўнік аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Уладзіслаў Шукель. Ён не прызнаў патрабаванняў апазіцыянера і выказаў меркаванне, што міліцыя мела права змяшчаць Уладзіміра Няпомняшчых да суду ў ІЧУ для «забеспячэння адміністрацыйнага працэсу».

Уладзімір Шукель падкрэсліў, што адміністрацыйны працэс у адносінах да актывіста па пратаколу за «брудную лаянку» быў спынены па фармуліроўцы «у сувязі з недаказанасцю віны». «Значыць, мы не вычарпалі ўсе спосабы збору доказаў», - дадаў міліцыянер.

Суддзя прыйшла да высновы, што суадказчыкам па справе будзе з'яўляцца не толькі РАУС, але і УУС, і Міністэрства фінансаў, бо РАУС не мае права распараджацца грашовымі сродкамі.

Наступнае паседжанне суддзя Ірына Кавалевіч прызначыла на 27 сакавіка. Уладзімір Няпомняшчых зрабіў заўвагу: «Высокі суд, ці можна перанесці паседжанне на іншую дату? Бо звычайна, па практыцы апошніх гадоў, 25 сакавіка, на Дзень волі, мяне затрымлівае міліцыя, абвінавачвае ў бруднай лаянцы і арыштоўвае. Таму наўрад ці я прыму ўдзел у паседжанні, якое адбудзецца 27 сакавіка».

Суддзя ж адказала, што і з ІЧУ апазіцыянера могуць пры неабходнасці даставіць у суд. «Затое мы будзем ведаць ваша дакладнае месцазнаходжанне і напярэдадні, 26 сакавіка, праверым, дзе вы, і калі вы будзеце ў ІЧУ, то вас адтуль даставяць на суд, калі вы мяркуеце, што вас могуць пасадзіць», - адзначыла суддзя.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international