Справа тэракта: застаўся доўгі шлейф

2012 2012-03-10T15:35:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Што стала з абвінавачанымі ў халатнасці ды іншых злачынствах?

Пасля леташняга выбуху ў мінскім метро Аляксандр Лукашэнка і прадстаўнікі сілавых ведамстваў заявілі пра шэраг магчымых крымінальных спраў.

«Калі б не галавацяпства асобных, мы б іх [падазраваных у выбуху] затрымалі раней, яшчэ па выбуху 3 ліпеня, — заўважыў Лукашэнка 16 красавіка 2011 пра затрыманне міліцыянтаў, праз чыю халатнасць не ўдалося прадухіліць выбух. — Ёсць факты, у бліжэйшы час скажам, як гэта стала магчыма, і там ёсць элемент найпоўнай расхлябанасці. Каго? Яны затрыманыя, я сказаў іх дапытваць як злачынцаў». Ён удакладніў: «Як чалавек з вялізнай торбай ў 20 кг нясе выбухоўку і ўсё гэта праходзіць міма міліцыі, міма работнікаў метро?»

Паведамілі, праўда, не ў бліжэйшы час, а значна пазней. У Віцебску судзілі супрацоўніка абласнога УУС Руслана Сініцына, які не ўзяў адбіткі пальцаў у Дзмітрыя Канавалава.

Эксперт не толькі не правёў дактыласкапію, але і выдаў маладому чалавеку даведку аб тым, што той прайшоў такую працэдуру раней.

І такім чынам прызыўнік не быў правераны на датычнасць да выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, менавіта адбіткі пальцаў Канавалава былі выяўлены на выбуховым прыстасаванні, якое не спрацавала ў 2008-м. Суд над Сініцыным адбываўся ў закрытым рэжыме. У выніку міліцыянера асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення.

Другі міліцыянт, якога абяцалі прыцягнуць да адказнасці, — супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў метро. Генпракуратура пасля выбуху паказала відэа, на якім міліцыянт размаўляе з супрацоўніцай метро, калі побач з ім бесперашкодна праходзіць чалавек з вялікай сумкай. Суд прызнаў, што гэта быў Дзмітрый Канавалаў, які праносіў выбухоўку.

«Будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням тых, хто павінен быў прадухіліць магчымасць праносу выбуховага прыстасавання ў метрапалітэн, — заяўляў тады міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. — Калі браць па Мінску, станцыя метро «Фрунзенская» — гэта пакуль адзін чалавек».

Але журналістаў пра вынікі праверкі так і не праінфармавалі.

Вядома толькі, што з пасады былі знятыя начальнік мінскай міліцыі Леанід Фармагей і начальнік упраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС Вячаслаў Яўстаф’еў.

Карэспандэнт «НН» звярнуўся ў шэраг праваахоўных органаў, але ні ў адным не змаглі сказаць, як пакаралі міліцыянта са станцыі «Фрунзенская».

У пракуратуры Мінска адзначылі, што не маюць дачынення да гэтай справы. А начальнік аддзела ўнутраных спраў метро перанакіраваў у аддзел інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама. Кіраўнік жа аддзела Аляксандр Ластоўскі адзначыў, што не валодае інфармацыяй, бо гэта не справа яго ведамства. Ён адзначыў, што функцыі расследавання крымінальных спраў перайшлі да Следчага камітэта Беларусі. Нягледзячы на тое, што СК пачаў працаваць толькі з 1 студзеня.

Ніхто не панёс пакаранне і за распаўсюджванне чутак аб выбуху аўтобуса маршруту №100 праз дзень пасля тэракта ў сталіцы.

Прадстаўнік Дзяржсакратарыята Рады бяспекі Беларусі ў інтэрв’ю агенцтву «Інтэрфакс» яшчэ летась, у красавіку, заявіў, што затрымалі траіх распаўсюджвальнікаў правакацыйных чутак. «Усе трое — жыхары Мінска — былі затрыманыя і змешчаныя ў следчы ізалятар за тое, што з дапамогай інтэрнэт-форумаў і сацыяльных інтэрнэт-сетак распаўсюджвалі загадзя лжывыя звесткі пра нібыта ажыццёўленыя ў беларускай сталіцы тэрарыстычныя акты: выбухі аўтобусаў, аўта- і чыгуначнага вакзалаў». Супрацоўнікамі спецслужбаў «ужо ўстаноўленыя асобы яшчэ дзесяці распаўсюджвальнікаў ілжывай інфармацыі, у самы бліжэйшы час у дачыненні да іх будуць прынятыя адпаведныя меры».

Хаця ні паказальных судоў, ні хаця б вынесеных папярэджанняў грамадскасць так і не ўбачыла. А як аказалася, сталічная пракуратура, у кампетэнцыю якой гэта ўваходзіла, не займалася нават расследаваннем. «Следчым аддзелам пракуратуры горада Мінска праверка па ўказаных фактах не праводзілася». Такі адказ атрымала Рэдакцыя на свой запыт у праваахоўныя, органы. Гэта значыць, што заявы аб затрыманых распаўсюджвальніках чутак былі ўсяго толькі спробай збіць хвалю чутак.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international