FIDH заклікае міжнародную супольнасць не забываць пра справу Алеся Бяляцкага

2012 2012-03-07T12:17:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтам якой Алесь Бяляцкі з'яўляецца з 2007-га года, з моманту арышту вядзе маштабную кампанію за вызваленне праваабаронцы. Шмат у чым дзякуючы менавіта намаганням FIDH сёння імя рэпрэсаванага беларускага праваабаронцы гучыць на міжнароднай арэне і акалічнасці яго справы вядомыя ў многіх афіцыйных міжнародных арганізацыях.


Пасля этапавання Алеся Бяляцкага ў калонію для адбыцця пакарання FIDH распаўсюдзіла наступны зварот:

«Дарагія сябры,

Пасля доўгага этапавання 28 лютага 2012 г. Алесь Бяляцкі быў дастаўлены ў выпраўленчую калонію № 2 г. Бабруйска. Паводле прысуду, менавіта там ён павінен правесці бліжэйшыя 4 гады, паколькі Мінскі гарадскі суд адмовіў, 24 студзеня 2012, у задавальненні касацыйнай скаргі і пакінуў у сіле раней вынесены прысуд - 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці, уключаючы офіс ПЦ "Вясна". Пакуль Алесь асвойваецца ў новай калоніі, мінскі офіс "Вясны", куды на працягу апошніх пятнаццаці гадоў прыходзілі па дапамогу і падтрымку сотні ахвяраў правапарушэнняў і палітычных рэпрэсій, рыхтуецца да канчатковай эвакуацыі.

З моманту арышту Алеся Бяляцкага міжнароднае супольнасць, праваабаронцы і актывісты ўсяго свету ініцыявалі мноства кампаній і акцый салідарнасці з Алесем і яго калегамі, якія мы стараліся сістэматычна асвятляць на нашым сайце.

Асабліва важна, каб увага да яго справы не зніжалася і цяпер, калі ўсе судовыя інстанцыі пройдзены, а ўвага прэсы пераключаецца на паўсядзённыя праблемы краіны.

Колькі месяцаў ці гадоў працягнуцца лагерныя будні для заснавальніка і кіраўніка "Вясны", які ўжо сем месяцаў правёў па розных СІЗА?
Гэта збольшага будзе залежаць і ад нас з Вамі.

Цяпер, калі дыялог паміж міжнароднай супольнасцю і беларускімі ўладамі здаецца асабліва абцяжараным з прычыны дыпламатычных канфліктаў і адклікання амбасадараў ЕС з Беларусі, патрабаванні неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў Беларусі і іх шматгадовага абаронцы, які раздзяліў іх долю - Алеся Бяляцкага, павінны гучаць гучна і ўвесь час!

Са свайго боку мы будзе працягваць:

- сістэматызаваць інфармацыю пра ўсе праваабарончыя кампаніі і акцыі салідарнасці з Алесем ва ўсім свеце, пра якія нам стане вядома;
- распаўсюджваць заявы афіцыйных міжнародных прадстаўнікоў і інстанцый з нагоды яго справы;
- перадаваць навіны ад самога Алеся і распавядаць пра ўмовы яго ўтрымання ў бабруйскай калоніі (гл.: http://freeales.fidh.net/n2).

Мы таксама будзем абнаўляць фота і відэаархіў сайта, ужо даволі вялікі, дзякуючы Вашай дапамозе!

Мы будзем удзячныя за любую дапамогу ў распаўсюдзе інфармацыі і за падтрымку ў грамадстве цікавасці да справы Алеся Бяляцкага.

Дасылайце нам вашыя заявы і фота/відэаматэрыялы пра акцыі падтрымкі, пра якія мы з радасцю распавядзем на нашым сайце. Стаўце банеры сайта "Свабоду Алесю Бяляцкаму!" на Вашы сайты, старонкі ЖЖ, Facebook і іншых сацыяльных сетак - толькі так мы зможам дамагчыся таго, каб яго лёс працягваў хваляваць многіх людзей не толькі ў Беларусі, але і далёка па-за яе межамі.

Разам мы зможам дамагчыся вызвалення Алеся Бяляцкага!»

Сайт FIDH, прысвечаны Алесю Бяляцкаму: freeales.fidh.net

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) - гэта рух, які складаецца з 164 сяброўскіх арганізацый, якія працуюць у больш чым ста краінах. У сваёй дзейнасці федэрацыя абапіраецца на даследаванні, сведчанні, кампаніі і прававую працу з мэтай абароны і захавання правоў чалавека. Ужо амаль 90 гадоў FIDH змагаецца за захаванне асноўных свабодаў, абарону ахвяраў правапарушэнняў і прыцягненне да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international