Аршанскія электрасеткі: пасля хваляванняў рабочых дырэкцыя атрымала вымову

2012 2012-03-05T10:44:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rabstvo_02-192x.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля таго, як на незалежных інфармацыйных сайтах з’явілася інфармацыя аб тым, што 52 работнікі Аршанскага філіялу электрасетак напісалі заяву аб выхадзе з дзяржаўнага прафсаюзу, гэтым выпадкам зацікавілася мясцовая Пракуратура і КДБ.

Нагадаем, што работнікі Аршанскіх электрасетак, пасля таго, як заўважылі ў сваіх разліковых квітках адсутнасць налічэнняў за шкодныя ўмовы працы, склалі калектыўную заяву аб выхадзе з дзяржаўнага прафсаюзу. Яе падпісалі 52 работнікі. Рабочыя патрабавалі тлумачэнняў з боку адміністрацыі, на што ім сказалі, што скасаванне выплат за шкодныя ўмовы працы адбывалася ў іх філіяле ў якасці эксперыменту. Гэты эксперымент далей планавалася пашырыць на тэрыторыі ўсёй вобласці.

“Нас пачулі толькі тады, калі інфармацыя аб свавольствах нашай адміністрацыі выйшла за межы прадпрыемства і стала агульнавядомай ва ўсёй краіне, - гаворыць рабочы Юрый, - Недаплачаныя грошы за шкодныя ўмовы працы за мінулы месяц нам павінны выдаць у гэтым. Нам таксама стала вядома, што за сваю ініцыятыву сэканоміць на грашовых выплатах рабочым ужо дэпрэміравана шэраг начальнікаў Аршанскага філіялу электрасетак, у тым ліку дырэктар. Усе яны атрымалі за свае дзеянні вымову. Кіраўнік электрасетак па Віцебскай вобласці забараніў надалей праводзіць такія эксперымнеты”.

Юрый адзначае, што пасля гэтага выпадку, каб залагодзіць работнікаў, кожнаму з іх на 23 лютага была выдадзена па 250 тысячаў рублёў, чаго ніколі не было раней.

“Пасля таго, як мы заявілі пра сябе, усіх бунтароў пачалі кантраляваць. Цяпер выхад на абед строга па раскладу – ні раней, ні пазней нельга, бо лічыцца парушэннем. У абедзенны час забаронена на машынах выязджаць з тэрыторыі прадпрыемства. Усе вадзіцелі, якія выязджаюць за межы тэрыторыі прадпрыемства, цяпер едуць у суправаджэнні некага з кіраўніцтва. Новаўвядзеннем з’яўляецца тое, што ўсім у канцы працоўнага дня робюць алкатэст. Дырэктар аддаў нефармальны загад начальнікам як мага мацней заціскаць гайкі ў дачыненні да рабочых за дастаўленыя яму непрыемнасці”, - адзначае Юрый.

Тым часам рабочы кажа пра тое, што зараз працуе камісія з Мінску, якая займаецца атэстацыяй працоўных месцаў. Акрамя таго, бугалтэрыю прадпрыемства правярае пракуратура і КДБ.

“Рабочыя не разгубіліся ў гэтай сітуацыі і кажуць пра тое, што калі іх начальнікі занялі прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да іх – за імі таксама не заіржавее. Вадзіцелі абяцаюць, што цяпер ні адзін з начальнікаў у працоўны час не будзе па дарозе на службовым транспарце заязджаць па сваіх справах у розныя месцы, крамы, дахаты і г.д. Акрамя гэтага, кіроўцы дамовіліся, што нават калі будзе скончаны працоўны дзень і неабходна ставіць машыны ў гаражы на тэрыторыі прадпрыемства начальнікаў сваіх будуць адвазіць на тэрыторыю электрасетак, а не дадому, як было раней. І самае галоўнае – у Віцебскай вобласці часта бываюць бураны, ад чаго рвуцца электрычныя лініі, а вазіць рамонтнікаў прыходзіцца тым жа самым вадзіцелям у выходныя і святочныя дні. У сувязі з гэтым рабочыя адзначаюць, што ў іх падчас наступнага бурану могуць адключыцца мабільныя тэлефоны і хто тады завязе рамонтнікаў да месцаў абрыву? Прыдзецца чакаць працоўнага дня альбо шукаць іншыя магчымасці”, - адзначае Юрый.

“Рабочых абурыў яшчэ адзін выпадак, які ўсплыў не так даўно. Начальніку гаража на аперацыю на назе кіраўнік прафсаюзу выдаткаваў 9 міліёнаў рублёў. У той жа самы час рабочаму, які захварэў і не можа зараз хадзіць, было выдадзена матэрыяльнай дапамогі ўсяго 200 тысяч рублёў. Дзе ж тут справядлівасць? Кіраўнік прафсаюзу пасля таго, як мы ўзбунтаваліся, пачаў заўважаць нас як людзей, цярэцца ўвесь час з намі, высвятляе нашыя настроі і ўвесь час наракае, як жа мы яго падставілі. А ці не задумываўся ён над тым, што сам быў звычайным рабочым, пакуль мы яго не выбралі кіраўніком прафсаюзнай арганізацыі і ён пачаў ужо абараняць не нашыя правы, а займацца тым, як каго з адміністрацыі адправіць у Кіеў ці яшчэ куды на экскурсію і як каму з кіраўніцтва выдаць зверх меры матэрыяльную дапамогу. Хіба гэта нармальны прафсаюзны лідар?”, - абураецца Юрый.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international