Алесь БЯЛЯЦКI: Гарачая вясна 96-га

2012 2012-02-28T23:51:00+0300 2014-03-21T12:38:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud04281003.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі ляжыць на падлозе ў залі Вярхоўнага Суду на знак пратэсту супраць ліквідацыі "Вясны"

Алесь Бяляцкі ляжыць на падлозе ў залі Вярхоўнага Суду на знак пратэсту супраць ліквідацыі "Вясны"

"Народная Воля" надрукавала ўжо пяты ліст-успамін зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаны ім за кратамі. Гэтым разам ён згадвае гістарычныя падзеі 1996 году, масавыя вясновыя акцыі, разгоны і ўзбуджэнне крымінальных справаў. Вынікам гэтай гарачай пары якраз і сталася тое, што дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі заняўся праваабарончай дзейнасцю і ўтварылася "Вясна". Застаючыся верным сваёй жыццёвай пазіцыі на працягу ўсіх гэтых гадоў, Алесь час ад часу зварочваў і на літаратурную сцяжыну, хоць вольнага часу шмат не меў. За кратамі іншы рытм жыцця, таму  зняволенне ён скарыстоўвае з плёнам для сябе ды іншых.

Алесь БЯЛЯЦКІ: Гарачая вясна 96-га

(Навела №5)

1996 год быў, мабыць, самым трагічным годам у новай гісторыі Беларусі. Закладзеныя ў папярэднія гады праз кроў і пот дэмакратычных дэпутатаў ды шараговых актывістаў асновы нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавы ламаліся-знішчаліся першым прэзідэнтам краіны. Горкі парадокс маладой беларускай дэмакратыі, якая, не паспеўшы нарадзіцца, ужо пачала з’ядаць самую сябе. Ідэя выбару прэзідэнта ўсеагульным галасаваннем у грамадстве, у якім цалкам адсутнічалі дэмакратычныя традыцыі і палітычная культура, была заганнаю і легкадумнаю. Збітыя з панталыку эканамічнымі цяжкасцямі і беднасцю, людзі ў 1994 годзе падтрымалі дэмагога з языком без костак, які абяцаў адрадзіць савецкія парадкі і вярнуць мінулую адносную стабільнасць. Ягоная праграма была пабудавана на вяртанні ў мінулае. І вось пад адхон паляцела беларускамоўная адукацыя, пад’ёмным кранам з будынка Дома ўрада была скінута “Пагоня”, а ягонымі апрычнікамі падраны на шкамуты бел-чырвона-белы сцяг. Прэзідэнт бесцырымонна падцягваў пад сябе заканадаўчую ўладу і суды. Ён, як бязлітасны карны меч, біў па самых балючых месцах маладой беларускай дэмакратыі.

Выбары ў Вярхоўны Савет у 1995-м і давыбары ў 1996 гадах былі халодным душам для фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. З былых фронтаўцаў у новы кіраўнічы дзяржаўны орган не патрапіў ніхто. У гэты час палітычныя баталіі, якія раней праходзілі ў сценах Вярхоўнага Савета, выліліся на вуліцы.

Добра памятаю раніцу наступнага дня пасля збіцця дэпутатаў-фронтаўцаў у зале пасяджэнняў ВС. Мы, паўтара дзясятка чалавек, прыгаломшаныя навінаю, выйшлі з аркі з боку будынка Мінскага гарсавета на ходнік. Дэпутат Шут трымаў бела-чырвона-белы сцяг. Гэта быў выхад адчаю, бо адбылося штосьці мярзотнае і агіднае, тое, чаго проста не магло быць. Хутка падбеглі міліцыянты і пачалі выпіхваць нас у бок Галоўпаштамта. Я і Галіна Вашчанка, дэпутаты гарсавета, спрабавалі супраціўляцца, махалі нашымі дэпутацкімі пасведчаннямі, але нас не слухалі і працягвалі штурхаць. Насупраць мяне падскокваў, ярыўся невысокі і худы старшы лейтэнанцік у берэтцы і цяльняшцы, піхаў мяне ў грудзі і крычаў, што такіх ён душыў і душыць будзе. Я запомніў ягоную неўтаймаваную злосць, малады румянец на шчаках і потым назіраў за ягонай кар’ерай. А вось цяпер, седзячы на Валадарцы, убачыў яго ў тэленавінах — пагрузнелы, у неверагодна высокай фуражцы і ў палкоўнічых пагонах — атрымліваў ад Лукашэнкі прызначэнне на начальніка мінскай міліцыі.

Супраць рэферэндуму, супраць саюзных дамоў, супраць рэстаўрацыі таталітарнай сістэмы праходзілі шматлікія дэманстрацыі і пікеты. У 1995-м адбыўся першы, не заўважаны грамадствам палітычны судовы працэс. Судзілі аднаго з дэманстрантаў за бойку з міліцыянтамі. Ён быў асуджаны на год умоўна. Адміністрацыйныя пакаранні дажджом сыпаліся на актывістаў. Таму ўвесь 95-ы і палову 96-га года я, як дэпутат Мінскага гарсавета, быў  заяўнікам масавых акцый. Суд не мог асудзіць мяне без дазволу гарсавета, а гарсавет, значную частку якога складалі дэмакратычныя дэпутаты, такога дазволу не даваў.

Некалькі такіх пікетаў запар мы ставілі насупраць расійскай амбасады, пратэстуючы супраць саюзных дамоў. Мяне, як арганізатара, забіралі ў міліцэйскі ўазік, везлі ў суд Цэнтральнага раёна, што знаходзіўся побач, на вуліцы Багдановіча. Там я даставаў дэпутацкае пасведчанне, і мяне адпускалі. І гэтак паўтаралася разоў пяць. Аднойчы нават суддзя пачала судовы працэс, але я ўсчаў крык, і яна адпусціла мяне. Пазней па пошце прыслалі судовае рашэнне, у якім мне выпісалі папярэджанне. Гэта было незаконна, але займацца абскарджваннем зусім не было часу — праходзілі наступныя і наступныя акцыі, якія забіралі ўсе сілы.

Мы з Вячаславам Сіўчыкам, будучы тады сакратарамі Управы БНФ, вадзілі калоны дэманстрантаў па праспекце Францішка Скарыны, абдурваючы міліцыянтаў, абыходзячы па дварах міліцэйскія ланцугі, якія перагароджвалі праспект. Гэта былі адчайныя спробы даступнымі і мірнымі сродкамі ўратаваць незалежнасць і дэмакратычныя заваёвы ранейшых часоў.

Вясна 1996 года была вельмі гарачаю. Шматлюдныя акцыі 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі, 25 сакавіка ў Дзень Незалежнасці, 2 красавіка — супраць падпісання чарговай саюзнай дамовы і, урэшце, 26 красавіка — Чарнобыльскі Шлях літаральна скаланалі Мінск.

Пасля дэманстрацыі на 25 сакавіка, якая патрабавала прамога эфіру для дэмакратаў, была ўзбуджана крымінальная справа і пачалося паляванне на Зянона Пазьняка. Ён хаваўся.

На Чарнобыльскі Шлях сабралася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Дэманстрацыя, якая ішла ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасці, набрала сілу на плошчы Коласа. Тая была ўся запруджана народам. Відовішча было надзвычай маляўнічае: сотні бел-чырвона-белых сцягоў, транспаранты, плакаты, гербы розных гарадоў, стужкі, група студэнтаў з мастацкай акадэміі, апранутых у балахоны і процівагазы. Людзі сабраліся, каб сказаць “Не!” анексіі Беларусі Расіяй і прэзідэнцкаму свавольству. Але выхад з плошчы на праспект быў перакрыты міліцыяй. Упоперак дарогі былі пастаўлены нават некалькі міліцэйскіх легкавікоў. Дэманстрацыя была выключна мірная, але на Чарнобыльскі Шлях прыехалі з дзясятак гарачых украінскіх хлопцаў. Яны, напрактыкаваныя змагацца з экіпіраванымі міліцыянтамі, голымі рукамі пры падтрымцы іншых удзельнікаў узламалі міліцэйскі завал, які перакрываў праспект. Распаленыя дэманстранты кульнулі адзін з легкавікоў, які перагароджваў шлях. Міліцыянты спрабавалі ўтрымаць грамаду, замільгалі дубінкі, але іх лёгка адсунулі, і людская маса паваліла далей.

Там знаходзіўся і я. Я, наколькі памятаю, не быў гэтым разам ні заяўнікам, ні арганізатарам і не быў у месцы прарыву міліцэйскага кардона ў першых радах, а апынуўся каля міліцэйскіх аўтамабіляў, калі яны ўжо былі перакуленыя. Прайшоўшы трохі па праспекце разам з людзьмі, я ўбачыў свайго кума, беларускага літаратара Язэпа Янушкевіча, які бегаў ад аднаго міліцыянта да другога і спрабаваў утрымаць іх: “Хлопцы! Хлопцы!” А хлопцы, самі страшэнна напалоханыя, махалі сваімі гумовымі дручкамі і мясілі людзей. Я быў схапіў адзін такі ўзняты над галавою міліцыянта дручок, рэзка таргануў яго на сябе, міліцыянт ледзь не перакуліўся. Затым людская плынь, можа, у дзесяць рук падхапіла яго і адкінула да дома.

На перасячэнні з вуліцамі Казлова і Варвашэні праспект перагароджвалі зялёныя накрытыя тэнтамі грузавікі. Дэманстранты рассунулі іх рукамі і пайшлі далей. Але вось за цыркам, за перакрыжаваннем з вуліцай Янкі Купалы, на горцы праспект быў перакрыты вялізнай гурмою міліцыянтаў з дубінкамі і шчытамі. Ісці на іх азначала ісці на адкрыты штурм. Дэманстранты спыніліся на скрыжаванні, пастаялі, пакуль падцягнуліся заднія шэрагі, а затым, ухіляючыся ад сутычак, павярнулі направа.

Дэманстранты прайшлі па вуліцы Купалы, затым павярнулі налева, на вуліцу Багдановіча. Тут проста пасярэдзіне вуліцы стаялі нечакана заспелыя грузавікі, запоўненыя спецназам. Людзі абыходзілі іх без усялякай агрэсіі. Хтосьці спрабаваў шлёгнуць вудзільнам па тэнце грузавіка, яго адразу спынілі: “Яны ж не вінаватыя!” Калі дэманстранты прайшлі мост праз Свіслач, міліцыя з дубінкамі зноў атакавала людзей, збягаючы яшчэ з гары Верхняга горада. Ізноў завязаліся дробныя сутычкі.

Мітынг прайшоў каля Палаца спорту.

Увечары міліцыя спрабавала штурмаваць памяшканне Управы БНФ, шукаючы Зянона Пазьняка. Ён выйшаў праз другія дзверы ва ўнутраны дворык, сеў у машыну і з’ехаў незаўважаным. Апоўначы па Мінску прайшлі арышты кіраўніцтва БНФ. Былі арыштаваны амаль усе намеснікі старшыні і сакратары. Засталіся толькі мы з Анатолем Крываротам. Памятаю тое ўнутранае напружанне, якое было ў мяне на наступны дзень. Мы сабралі рэшткі Управы ў арцы дома на праспекце Скарыны, насупраць Акадэміі міліцыі, вёў лятучае пасяджэнне я. І галоўным пытаннем было — што рабіць у бліжэйшыя дні? Мы адразу ж пачалі збіраць звесткі пра арыштаваных. Было цяжка, бо міліцыя нічога не паведамляла пра затрыманых, панавала атмасфера разгубленасці.

Затым у прэсе з’явілася інфармацыя з афіцыйных крыніц пра тое, што распачата крымінальная справа, пералічваліся прозвішчы арганізатараў “масавых беспарадкаў”, патэнцыяльных падазроных, сярод якіх было і маё прозвішча. Ніякага страху не было. Я нават і ў думках не ўяўляў сабе, што можна з’ехаць куды-небудзь за мяжу і перачакаць там ці папрасіць палітычнага прытулку. Гэта быў не мой шлях.

Але было зразумела, што ў нашым жыцці і ў гісторыі Беларусі пачаўся новы перыяд, перыяд цяжкай і доўгай, зацятай барацьбы за незалежнасць, дэмакратыю і правы чалавека. Цягам сямі гадоў, з Дзядоў 88-га года, улады асцерагаліся ўжываць гвалт да мірных дэманстрантаў. Як высветлілася, было арыштавана каля двухсот чалавек, мастаку Аляксею Марачкіну, які нёс абраз Маці Божай Чарнобыльскай, ударам дубінкі ледзь не выбілі вока. Гэта быў жорсткі, бязлітасны, цынічны гвалт. Для мяне стала відавочным, што наперадзе нас чакае шмат людскога цярпення і шмат ахвяр.

Тады і выспела ў мяне думка пра стварэнне праваабарончай арганізацыі, якая дапамагала б ахвярам палітычных рэпрэсій, бо вельмі важна, каб у часы рэпрэсій і пераследу людзі не заставаліся сам-насам з бяздушнай машынай гвалту. Так, з першай акцыі дапамогі пацярпелым за ўдзел у Чарнобыльскім Шляху распачаў сваю працу Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праз тры дні пасля дэманстрацыі выйшлі на свабоду з ІЧУ Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч. А праз нейкі час мяне ў пракуратуру выклікаў следчы і паведаміў, што па справе аб масавых беспарадках 26 красавіка ўзбуджана крымінальная справа, па якой ён хоча дапытаць мяне ў якасці сведкі. Яго цікавіла мая роля як удзельніка і арганізатара акцыі. На ўсе пытанні я адказваў адмоўна ці няпэўна: не памятаю, не магу дакладна сказаць, не ўпэўнены. Следчы бойка адклацваў двума пальцамі па гузіках друкавальнай машынкі, запісваючы свае пытанні і мае адказы. А затым ён паказаў мне два невялікія чорна-белыя здымкі, уклееныя ў тоўсты следчы том, дзе я стаяў каля перакуленых міліцэйскіх машын з малітоўна складзенымі ад здзіўлення рукамі.

“Вы ўдзельнічалі ў сутычках?” — спытаўся следчы. “Ды не”, — адказаў я. “А гэта вы?” — удакладніў ён. “Не ўпэўнены, — паўтарыў я. — Можа, так, а мо і не...” Дзякуй Богу, болей ніякіх здымкаў у справе не было.

Юрый Хадыка і Вячаслаў Сіўчык яшчэ сядзелі на Валадарцы і трымалі галадоўку. Было зразумела, што калі ўлады захочуць зладзіць паказальны працэс над актывістамі апазіцыі, тады на лаву падсудных да іх могуць далучыць і іншых. Але, кажуць, званок Ельцына Лукашэнку з просьбай спыніць ціск даў станоўчы вынік. Праз тры тыдні пасля затрымання Хадыка і Сіўчык былі адпушчаны, а крымінальная справа, па ўсім відаць, была спынена, бо ні сядзельцаў, ні сведкаў па ёй болей ніхто не турбаваў.

Калі б мне хто тады сказаў, што гэты перыяд няспыннага супраціву, незлічоных грамадскіх ахвяр, зламаных лёсаў працягнецца сямнаццаць, а мо і болей гадоў, я б нізашто ў гэта не паверыў. Але ж, калі ўрэшце сітуацыя ў нас зменіцца на лепшае, хто тады асмеліцца сказаць, што незалежнасць краіны, грамадскія і палітычныя правы і свабоды дасталіся беларусам задарма? Цяпер ужо ніхто. Ніхто.

Папярэднія лісты ўспаміны:

Алесь БЯЛЯЦКІ: Халоднае крыло над маладымі галовамі

Пра часопіс «Бурачок» і палкоўніка Даніліна

Набліжалі, як маглі, гібель савецкага «Тытаніка»

Алесь БЯЛЯЦКI: «Камуністы і не думалі здавацца»

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international