Камісія па памілаванні разгледзіць прашэнні Саннікава і Бандарэнкі

2012 2012-02-06T18:46:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kraty.img.jpg

Камісія па памілаванні збіраецца ўсяго раз на два месяцы. Апошні раз — у кастрычніку. Яна прымае толькі рэкамендацыі для кіраўніка краіны.

Два палітвязні, Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка, напісалі прашэнні аб памілаванні. Як даведалася Еўрарадыё, іх справы яшчэ не разглядалі, але Камісія па памілаванні плануе гэта зрабіць.

“Зразумела, іх прашэнні будуць разглядацца, — адказвае сябра Камісіі па памілаванні, дэпутат Мікалай Самасейка. — Толькі вы ведаеце, што пасяджэнне камісіі падобнае да пакоя для прыняцця рашэнняў у судзе? Таму я вам не кажу, што пра гэта думаю, ні да, ні пасля”.

Праўда, ці разглядала камісія прашэнні аб памілаванні, пададзеныя іншымі палітвязнямі ўлетку, Самасейка не згадаў.
“Камісію вызначае яе кіраўнік, — дадае яшчэ адзін сябра камісіі, старшыня Мінскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц. — Кіраўнік накіроўвае сябрам камісіі лісты, і яны прыходзяць на пасяджэнне. Такі ліст мне яшчэ не прыходзіў. Таму мне пакуль нічога не вядома”.
 
У камісіі больш за дзесяць чалавек. Ёсць старшыня Вярхоўнага суда, генпракурор, міністр юстыцыі і старшыня КДБ. Кіруе намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч. Як даведалася Еўрарадыё, сустракаюцца ўсе гэтыя асобы, прыкладна, раз на два месяцы, па меры збірання матэрыялаў для разгляду.
 
“Пасяджэнні не носяць рэгулярнага характару. Камісія па памілаванні збіраецца па меры збірання матэрыялаў. Незалежна ад таго, рэзанансная гэта справа альбо не рэзанансная, значная — не значная, штодзённая — не штодзённая. Па меры збірання матэрыялу, так, каб гадзіны на 2-3 камісія пазасядала, разгледзела ўсе пытанні, камісія збіраецца”, — расказвае Мікалай Самасейка.
 
Чыноўнік гаворыць, што нейкую заканамернасць у рашэннях камісіі прасачыць складана. Яны прымаюцца, зыходзячы з абставінаў кожнага асобнага выпадку.
 
“Ведаеце, тут няма такога, што давайце сёння задаволім, а ў наступную камісію — не будзем, бо ліміт вычарпалі. Такога няма”.

І ўвогуле, Камісія па памілаванні насамрэч нічога самастойна не вырашае. Яна толькі рэкамендуе кіраўніку краіны памілаваць  ці не таго альбо іншага асуджанага. Канчатковае рашэнне — заўсёды за Аляксандрам Лукашэнкам. Самасейка гаворыць, што станоўча разглядаецца невялікі працэнт прашэнняў. Толькі прашэнні, напісаныя да суда пасля кампенсацыі стратаў, задавальняюцца на 60-70%.

“Камісія прымае рашэнні рэкамендацыйныя. Бо канчатковыя — усё адно за прэзідэнтам. З 88 прым, скажам, ну — 60-70%. Дзесьці так вось. Што датычыць іншых, то там невялікі працэнт”.
 
Былы палітвязень Алесь Кіркевіч расказаў Еўрарадыё, як выглядае механізм падачы прашэння аб памілаванні. Паводле яго словаў, пішуць прашэнне ў адвольнай форме на чыстым аркушы паперы, на канверце пазначаюць толькі тое, каму прашэнне адрасаванае. Прашэнні перадаюцца ў рукі прадстаўнікоў адміністрацыі калоніі альбо турмы.
 
“Пасля чакаў, — прыгадвае Алесь Кіркевіч. — Пару тыдняў, наколькі я памятаю, ці тыдзень… І вызваленне, у прынцыпе, было такой нечаканасцю. Нас ніхто аб ім не папярэджваў. Хутка сабралі, за хвілін 40, прыкладна, і ўсё”. 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international