Лявон Вольскі: Неабходна вярнуць усе рэчы на сваё законнае месца

2012 2012-02-23T12:09:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liavon_volski.jpg
Лявон Вольскі

Лявон Вольскі

Намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі ў чарговы раз заявіў – ніякіх “чорных спісаў” дзеячоў культуры няма. Больш за тое, выказаўся, што з выпадкамі забароны неабходна разбірацца.

“Магу только пацвердзіць, што ў Міністэрства культуры ніякіх чорных спісаў няма. Мы лічым, што творчыя калектывы, дзейнасць і творчасць якіх не супярэчаць заканадаўству, нацыянальным традыцыям і агульнапрынятым нормам грамадскіх паводзін і гэтак далей, павінны быць запатрабаваныя. Мы не бачым ніякай праблемы ў прадастаўленні пляцовак і эфіру беларускамоўным гуртам і музыкам. Калі недзе на месцах існуюць такія забароны, то патрэбна ў кожным канкрэтнымм выпадку высвятляць, хто гэта зрабіў і з якіх прычынаў”, - упэўнівае чыноўнік.

Як насамрэч выглядае сітуацыя з правядзеннем канцэртаў беларускамоўнага гурта распавядае лідэр “Крамбамбулі” Лявон ВОЛЬСКІ.

- Колькі канцэртаў у вас не адбылося па незалежных ад вас прычын з часоў з’яўлення “чорнага спіса-2”?

- Не адбыўся вялікі, нават грандыёзны канцэрт, які мусіў прайсці 11 літага ў адным са сталічных клубаў, не адбыўся канцэрт у пабе “Госці” і ў Брэсце канцэрт з кавярні быў перанесены ва ўніяцкую царкву ад граху падалей. Гаспадару кавярні нехта патэлефанаваў, ён моцна напалохаўся і тым памяшканні канцэрт адмяніўся. Можа быць у гэтым пераліку я нешта і ўпусціў – цалкам верагодна.

-Ці атрымалі вы хоць раз уцямнае тлумачэнне прычынаў адмены канцэрта?

- Ніхто нічога не тлумачыў! Вы ж разумееце, адкуль гэта ішло. І зараз мы рассылаем адпаведные запыты па ўсіх установах, задаем тое ж пытанне. Вось, днямі атрымалі адказ з Міністэрства культуры, што ніякіх”чорных спісаў” няма.

- Першы варыянт “чорных спісаў”, існаванне якіх, дарэчы, таксама адмаўлялі, перастаў існаваць пасля вашага з калегамі з іншых гуртоў паходу да тагачаснага кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Праляскоўскага. Прынамсі, праводзіць канцэрты перасталі перашкаджаць. Няма жадання ізноў схадзіць у госці да нейкага чыноўніка? Напрыклад, да міністра культуры Латушкі?

- Ні на якую сустрэчу я больш не пайду! Я ужо, як вы сказалі, схадзіў адзін раз і ні да чаго нармальнага гэта не прывяло. А вось разам з іншымі музыкамі, канцэрты якіх адмяняліся, сістэматызаваць усе гэтыя адмены, выкласці гэтыя звесткі ў адным агульным лісце і даслаць яго ў той жа Мінкульт, я магу паўдзельнічаць. Каб было бачна, што гэта не адзінкавае рашэнне нейкага клуба, а сістэма. Сістэма добра бачна, калі разам выкладзены факты аб забароне, да прыкладу, 20 канцэртаў на розных пляцоўках.

- Такім чынам, вы не супраць паваяваць у гэтым накірунку?

- Гэта ніякая не вайна. Той,хто займаецца адменай нашых канцэртаў выдатна разумее, што робіць гэта незаконна. У нашым заканадаўстве няма такога, што канцэрт можа быць адменены тэлефанаваннем нейкага чыноўніка, не істотна, з якога ён ведамства, дырэктару клуба! Калі капнуць, то гэта нават можа быць расцэненае як злачынства! Таму, гэта не вайна, а вяртанне рэчаў на сваё законнае месца.

- Я гляджу, вы добра вывучылі адпаведнае заканадаўства!

- Безумоўна! У нас зараз найліберальнейшае заканадаўства ў гастрольна-канцэртнай дзейнасці! Ледзь не ва ўсім свеце! Зараз нам не трэба браць нейкія гастролькі, а трэба толькі за 5 дзён да канцэрта паведаміць у аддзел культуры Мінгарвыканкама, што мы будзем праводзіць канцэрт. А яны мусяць толькі зафіксаваць гэта. І толькі камісія па супрацьдзеянні прапагандзе наркотыкаў, парнаграфіі і міжнацыянальнай розні знойдзе нешта з пералічанага ў песнях, то яны могуць забараніць выконваць песні такога зместу. Здаецца, яны нават не могуць забараніць канцэрт, а толькі загадаць выкінуць з праграмы неадпаведныя песні. Але менавіта гэтая камісія ў нас заўсёды позна прачынаецца чамусьці. Як у выпадку з расійскімі порна-зоркамі: канцэрт пройдзе і толькі пасля яго гэта камісія пачынае хапаецца за галаву – ай-ай-ай, што было!

- Ну, у нас ёсць яшчэ і такое ўтварэнне, як ідэалагічныя аддзелы!

- Усё прапісана ў законе пра гастрольна-канцэртную дзейнасць – ніякіх ідэалагічных аддзелаў там не ўзгадваецца! Канешне, калі ёсць нейкія сакрэтныя матэрыялы на гэту тэму, то хай дадуць іх нам пачытаць, каб мы ведалі і не варушыліся дарэмна!

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international