Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае рашэнне Менгарсуда па скарзе Валянціна Стэфановіча

2012 2012-02-22T14:43:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/absiervatoryjapaabaroniepravaabaroncau-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Парыж-Жэнева, 21 лютага 2012 года

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), асуджае адмову ў задавальненні скаргі, накіраванай у Менскі гарадскі суд намеснікам старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” сп. Валянцінам Стэфановічам.

13 лютага 2012 года Менскі гарадскі суд адхіліў другую скаргу, накіраваную сп. Валянцінам Стэфановічам, і пакінуў у сіле прысуд, абвешчаны Партызанскім раённым судом г. Менска ад 16 снежня 2011 года, які прысудзіў яго да штрафу ў памеры 53 мільёнаў рублёў (каля 4 тысяч 840 еўра). Першая пастанова ў дачыненні да яго была абвешчана 19 кастрычніка 2011 года, згодна з якой ён быў абавязаны выплаціць 4 мільёны 750 тысяч беларускіх рублёў (каля 435 еўра).

Уся справа звязаная з прэтэнзіямі да яго з боку падатковай інспекцыі Партызанскага раёна Менска на падставе артыкула 13.6 КаАП (“нявыплата або няпоўная выплата падаткаў”). Падатковая інспекцыя сцвярджае, што сп. Валянцін Стэфановіч не задэклараваў сумы грошай, якія яна разглядае ў якасці “асабістага прыбытку”. Насамрэч, гэтыя сумы, пераведзеныя на банкаўскія рахункі ў Літве з боку міжнародных арганізацый, такіх як Amnesty International і Дацкі інстытут па правах чалавека, заўсёды выкарыстоўваліся ў межах дзейнасці ПЦ “Вясна”.

Уладам Беларусі ўдалося распачаць справу супраць сп. Стэфановіча пасля перадачы пэўнай банкаўскай інфармацыі літоўскім Міністэрствам юстыцыі Міністэрству падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь, як гэта было ў выпадку з прэзідэнтам ПЦ “Вясна” Алесем Бяляцкім, які ў цяперашні час адбывае 4,5 гады пазбаўлення волі. Той факт, што інфармацыя, перададзеная літоўскім Міністэрствам юстыцыі беларускім уладам, была няпоўнай (як паказана ў лісце літоўскага Міністэрства юстыцыі ад канца жніўня 2011 года), не быў прыняты да ўвагі.

Абсерваторыя рашуча асуджае пацверджанне прысуду ў дачыненні да сп. Валянціна Стэфановіча і няспынны судовы пераслед супраць яго, якія, як падаецца, скіраваныя на спыненне яго дзейнасці ў галіне правоў чалавека і дзейнасці ПЦ “Вясна”, і асуджае працяглыя парушэнні нормаў справядлівага судовага разбіральніцтва ў гэтай справе.

Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады спыніць любыя формы пераследу – у тым ліку на фінансавым, адміністратыўным і судовым узроўні – супраць сп. Валянціна Стэфановіча, а таксама супраць усіх праваабаронцаў у краіне і прытрымлівацца палажэнняў Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 года, і забяспечыць пры любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international