viasna on patreon

Адміністрацыя прэзідэнта адказала на зварот маці асуджанага да смерці Кавалёва

2012 2012-02-20T09:37:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Адміністрацыі прэзідэнта лічаць мэтазгодным правядзенне прававога аналізу заканадаўства паводле зварота маці асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва.

Як раней паведамляў БелаПАН, 1 лютага Любоў Кавалёва звярнулася ў Канстытуцыйны суд (КС) Беларусі з просьбай разгледзець на адпаведнасць Канстытуцыі Крымінальна-выканаўчы кодэкс, які не прадугледжвае прыпыненне смяротнага пакарання ў сувязі са зваротам асуджанага ў міжнародныя інстанцыі ў мэтах абароны сваіх правоў.

У сувязі з гэтым Кавалёва асцерагаецца, што прысуд у дачыненні да яе сына, абвінавачанага па справе аб тэракце ў мінскім метро, можа быць прыведзены ў выкананне да канчатковага разгляду ў Камітэце ААН па правах чалавека, куды звярнуліся яна і яе дачка.

У КС жанчыне адказалі, што права на зварот у Канстытуцыйны суд маюць толькі адмыслова ўпаўнаважаныя Канстытуцыяй органы.

6 лютага Кавалёва разаслала лісты ў арганізацыі, якія законнае права звяртацца ў КС, — Савет міністраў, абедзве палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд і кіраўніку дзяржавы. Яна прасіла іх накіраваць у КС заключэнне аб неадпаведнасці названага кодэкса Канстытуцыі краіны і факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Адказ паступіў пакуль толькі з аддзела па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта — 18 лютага. У ім сказана, што па прапанове Кавалёвай «мэтазгодны комплексны прававы аналіз заканадаўства з удзелам кампетэнтных дзяржаўных органаў», паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, які кансультуе Кавалёву па прававых пытаннях.

Нагадаем, смяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву быў вынесены 30 лістапада 2011 г. Вярхоўным судом. 7 снежня асуджаны падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Маці і сястра Кавалёва накіравалі ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу аб парушэнні права на жыццё. У ёй указвалася на парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору. Скарга была афіцыйна зарэгістраваная ў Камітэце ААН па правах чалавека 15 снежня. Камітэт ААН, у сваю чаргу, звярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбай не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд Кавалёву, пакуль скарга не будзе разгледжаная па сутнасці.

16 лютага Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Аляксандра Лукашэнку памілаваць Уладзіслава Кавалёва і другога фігуранта крымінальнай справы Дзмітрыя Канавалава, які, паводле афіцыйнай інфармацыі, з прашэннем аб памілаванні да прэзідэнта не звяртаўся. Еўрадэпутаты таксама заклікалі ўлады Беларусі аб’явіць мараторый на смяротнае пакаранне.

17 лютага МЗС Беларусі выказаў абурэнне пазіцыяй Еўрапарламента. «Рэзалюцыя Еўрапарламента аб прымяненні смяротнага пакарання ў Беларусі выклікае папросту абурэнне: Еўрапарламент дэ-факта становіцца на бок тэрарыстаў, некампетэнтна падвяргаючы сумневу высновы, следства і рашэнні беларускага суда па справе аб тэрактах. Еўрапарламент таксама, што не робіць яму гонару, груба ўмешваецца ў ажыццяўленне правасуддзя ў суверэннай дзяржаве», — заявіў МЗС.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства