Еўрапарламент абмяркуе праблему смяротнага пакарання ў Беларусі

2012 2012-02-14T09:30:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Еўрапарламент на паседжанні 16 лютага абмяркуе праблему прымянення смяротнага пакарання ў шэрагу краінаў, у тым ліку і ў Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба Еўрапарламенту, абмеркаванне беларускага пытання пройдзе ў святле прысуду, вынесенага Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Любоў Кавалёва, маці аднаго з прыгавораных да расстрэлу, спадзяецца, што настойлівыя рэкамендацыі Еўропы ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне пачуюць улады Беларусі.

Жанчына ўзгадвае, што факты, якія яна агучыла падчас выступу ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы 23 студзеня, шмат каго з еўрапейцаў шакавалі: «Хачу сказаць, што там сачылі за працэсам у справе аб выбуху ў менскім метро, і там, як і ў нас, людзі не вераць у справядлівасць суда і выраку».

Любоў Кавалёва гаворыць, што на сённяшні дзень пад петыцыяй з заклікам захаваць жыццё ейнаму сыну і Дзмітрыю Канавалаву падпісаліся больш за 55 тыс. чалавек, а пад петыцыяй ААН – больш за 65 тыс. Шмат беларусаў выказваюць словы маральнага падтрымання, наўпрост падыходзячы на вуліцы, прапаноўваюць спыніцца на начлег, калі яна прыязджае ў справе сына ў Менск, расказвае Любоў Кавалёва. «Днямі я атрымала грашовы перавод, на якім было напісана «для Улада і ягонай мамы». Мне так няёмка і сорамна. Я ведаю, як цяпер цяжка ўсім выжываць на гэтыя капейкі. І калі людзі аддаюць апошняе… Ніякіх словаў не хопіць, каб выказаць падзяку гэтым людзям», – плача Любоў Кавалёва.

Жанчына гаворыць, што не ведае, калі камісія ў справе памілаванні будзе прымаць рашэнне адносна далейшага лёсу Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Яна непакоіцца, каб паседжанне «не было такім жа фармальным, як і суд». «У адным з інтэрв’ю Кісялёў, які ўзначальвае камісію ў справе памілавання, заявіў, што ўсе смяротныя прысуды ў краіне выносіліся цалкам абгрунтавана. Ну дык пра што тут яшчэ можна гаварыць?» – роспачна пытае Любоў Кавалёва. Жанчына прызнаецца, што толькі людская салідарнасць і падтрыманне не даюць ёй згубіць надзеі.

Вярхоўны суд Беларусі 30 лістапада прызнаў Уладзіслава Кавалёва суўдзельнікам у здзяйсненні тэракту і прысудзіў яго да смяротнага пакарання. 7 снежня асуджаны падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Маці і сястра Уладзіслава Кавалёва звярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН са скаргаю на парушэнне права на жыццё і прынцыпаў справядлівага судовага разбірання. ААН заклікала ўлады Беларусі не выконваць прысуду, пакуль гэтая скарга не будзе разгледжана па сутнасці.

Дзмітрый Канавалаў, таксама прыгавораны ў справе аб выбуху ў менскім метро да найвышэйшай меры, пісаць прашэнне аб памілаванні адмовіўся, паведаміў журналістам генеральны пракурор Аляксандр Канюк.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international