viasna on patreon

Пракурор Бялыніцкага раёна крытыкуе працу праваахоўных органаў

2012 2012-02-09T15:34:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prakurory.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У апошнім нумары бялыніцкай раённай газеты “Зара над Друццю” змешчаны артыкул пракурора Бялыніцкага раёна Міхаіла Андросенкі “Супраць карупцыі дзейсныя ўсе метады”. У сваім артыкуле саветнік юстыцыі выказвае крытычныя меркаванні наконт працы супрацоўнікаў кантралюючых і праваахоўных органаў у выяўленні правапарушэнняў і злачынстваў карупцыйнай накіраванасці.

У прыватнасці, Міхаіл Андросенка піша: “У адпаведнасці з ч. 1 арт. 27 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” кіраўнікі дзяржаўных арганізацый абавязаны своечасова інфармаваць праваахоўныя органы аб фактах учынення работнікамі правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі. Аднак такіх паведамленняў зарэгістравана не было. Як, дарэчы, і матэрыялаў з раённай падатковай інспекцыі, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзелаў фінансавага і эканомікі райвыканкама. Гэта гаворыць аб недастатковай рабоце супрацоўнікаў кантралюючых органаў па выяўленні злачынстваў карупцыйнай накіраванасці.

У ходзе праверак падраздзяленняў РАУС па выкананні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці” устаноўлена, што мае месца пасіўнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў у выяўленні правапарушэнняў і злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. На недастатковым узроўні праводзілася работа па выяўленні фактаў легалізацыі даходаў, атрыманых ад злачыннай дзейнасці. На гэтыя недахопы звенута ўвага кіраўніцтва РАУС, раённай інспекцыі па падатках і зборах”.

Неабходна адзначыць, што раней пракурор Бялыніцкага раёна ўжо выказваў у той жа раённай газеце “Зара над Друццю” рэзкую крытыку наконт праводзімай у раёне працы па сацыяльнай рэадаптацыі былых зняволеных:

“Як сведчыць міліцэйская статыстыка, палова ўсіх злачынстваў і правапарушэнняў адбываецца ў Бялынічах. Калі ў сельсаветах работа па выкананні закона аб прафілактыцы ў той ці іншай ступені праводзіцца, то ў самім райцэнтры грамадскія пункты правапарадку яшчэ не створаны. Не заўважаецца і дзейнасці назіральнай камісіі пры выканкаме па рабоце з раней судзімымі грамадзянамі і тымі, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, па аказанні ім дапамогі па працаўладкаванні, сацыяльнай рэадаптацыі. А прафілактычная работа з гэтай катэгорыяй грамадзян, якая праводзіцца супрацоўнікамі РАУС, патрабуе значнага паляпшэння.

Такім чынам, суб’екты прафілактыкі ў сваім узаемадзеянні дапускаюць істотныя недахопы па выкананні патрабаванняў Закона “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. Значыць, неабходна прыняць вычарпальныя і эфектыўныя меры па стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі ў раёне шляхам наладжвання сістэмнай выніковай работы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі” .

Між тым, у справаздачы аб працы раённага выканаўчага камітэта па сацыяльна-эканамічнаму развіццю Бялыніцкага раёна ў 2011 годзе, канстатуюцца толькі станоўчыя дасягненні ў працы ахоўнікаў правапарадку: “Проводимые организационные и практические мероприятия по укреплению правопорядка способствовали в 2011 году снижению криминогенной напряжённости, повышению безопасности граждан. Меньше совершено тяжких и особа тяжких преступлений, снизилось количество преступлений, совершённых лицами в состоянии алкагольного опьянения, а также ранее судимыми лицами”.

Пра тое, што ў 2011 годзе ў Бялыніцкім раёне было здзейснена 321 злачынства, што на 9 злачынстваў больш, чым пазалетась, што ў раёне на 2 чалавекі забілі болей, чым у папярэднім годзе, у гэтай “справаздачы аб дасягненнях” не ўтрымліваецца ні слова.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства