Алесь Бяляцкі – “Грамадскі лідар году-2011”
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў прызнаны лаўрэатам узнагароды “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2011” у намінацыі “Грамадскі лідар году”. Пра гэта стала вядома падчас штогадовай цырымоніі ўзнагароджаньня прэміі, заснаванай Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый.
Прэміяй “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” адзначалі выбітных прадстаўнікоў і арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці Беларусі ўжо ў трэці раз. У якасьці прадстаўнікоў Алеся Бяляцкага ўзнагароду прыйшлі атрымаць сябры ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч і Тацьцяна Равяка. Валянцін Стэфановіч падзякаваў арганізатарам узнагароды за салідарнасьць і падтрымку Алеся Бяляцкага і адзначыў, што “не гледзячы на тое, што наш "галоўны лесавік" зараз за кратамі, не гледзячы на моцныя маразы, Вясна ўсё адно прыйдзе”.
У намінацыі “Месца году” пераможцам стала Галерэя “Ў”. Перамогу ў намінацыі “Новая ініцыятыва” атрымала кампанія “Народны журналіст”. У намінацыі “Рэгістрацыя году” журы адзначыла “Офіс па правах людзей з інваліднасьцю”, а ў намінацыі “Адмова году” – “Цэнтр разьвіцьця валянтэрства”.
У намінацыі “Кампанія году” журы ўзнагародзіла кампанію па зборы подпісаў супраць прыняцьця закону “Аб некамерцыйных аб’яднаньнях”. У рубрыцы “Рэгіянальная падзея/акцыя году” адзначылі забастоўку супрацоўнікаў ЖКГ у Барысаве. Пераможцам у намінацыі “Крэатыў году” стаў інтэрнэт-рэсурс Prokopovi.ch.