Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Студзень 2012 году

2012 2012-02-06T19:09:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/logo-ahliad-hronika1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

У студзені стан правоў чалавека ў Беларусі заставаўся крытычным. У месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 15 палітвязняў, асуджаных за сваю палітычную і грамадскую дзейнасць. У поўным аб’ёме было пакінута пакараннне касацыйнай судовай інстанцыяй кіраўніку Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму. Стала вядома, што ў адносінах да асуджанага экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава ў месцах пазбаўлення волі ўжываліся катаванні і жорсткае абыходжанне з мэтай прымусіць яго звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з прашэннем аб памілаванні -- у выніку такое прашэнне было пададзена. На больш жорсткія ўмовы ўтрымання былі пераведзены згодна з рашэннямі судоў палітвязні Мікалай Статкевіч і Мікалай Аўтуховіч.

Адміністрацыйны пераслед, арышты і штрафы, выкарыстоўваліся супраць грамадскіх і палітычных актывістаў, да арышту быў асуджаны праваабаронца Алег Волчак і журналіст Аляксандр Баразенка, затрыманы пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў.

 Назіралася далейшае звужэнне магчымасцяў рэалізацыі свабоды мірных сходаў, свабоды асацыяцыяў і свабоды слова. Чацвёрты раз атрымала адмову ў рэгістрацыя Партыя БХД, пад пагрозай спынення дзейнасці апынуўся Магілёўскі праваабарончы цэнтр. Мясцовыя органы выканаўчай улады па ўсёй краіне татальна адмаўлялі грамадзянам у магчымасці правядзення мірных сходаў па надуманых падставах. Абмежаванымі заставаліся магчымасці выказвання меркавання і распаўсюду інфармацыі, зафіксаваны выпадкі цэнзуравання доступу да інтэрнэту, затрыманне і вынясенне пакарання асобам, якія распаўсюджвалі выданні з альтэрнатыўнай інфармацыяй.

 

Пераслед і ціск на праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

24 студзеня Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле прысуд кіраўніку Праваабарончага цэнтра “Вясна”, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека  Алесю Бяляцкаму ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры з паловай гады ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за “ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры” (арт. 243, ч. 2, Крымінальнага кодэкса). Рашэнне судовай калегіі агучыў суддзя Уладзімір Сцяпурка, бок абвінавачання прадстаўляў пракурор Кірыл Чубкавец.

З шасці заяўленых адвакатам хаданіцтваў задаволены былі толькі два: аб далучэнні да матэрыялаў справы квітанцыі пра перавод сродкаў за ўрон, які нібыта нанёс А. Бяляцкі дзяржаве сваімі дзеяннямі (757 526 717 беларускіх рублёў, прыкладна 70 тысяч еўра), і дакументаў пра набыццё Бяляцкім маёмасці. Сярод адхіленых хадайніцтваў – аб запатрабаванні ад арганізацыяў, якія пералічвалі сродкі на рахунак праваабаронцы, аб мэтах гэтых пералічэнняў і выкарыстанні сродкаў. Гэтая акалічнасць, як і ігнараванне факту кампенсацыі вызначанага судом першай інстанцыі матэрыяльнага ўрону найбольш яскрава прадэманстравалі палітычную матываванасць судовага рашэння і пераследу Алеся Бяляцкага.

Сям’я праваабаронцы выказала вялікую ўдзячнасць грамадзянам, якія дапамаглі сабраць сродкі на кампенсацыю вызначанага прысудам урону, якія за некалькі дзён да разгляду касацыі былі пералічаны на рахунак суда.

Пад пагрозай апынуўся офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які афіцыйна з’яўляецца маёмасцю А. Бяляцкага і згодна з прысудам павінен быць канфіскаваны.

З заявамі пратэсту па справе Алеся Бяляцкага выступіла Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, адзначыўшы, што лічыць асуджэнне сп. Алеся Бяляцкага судовым пераследам праваабаронцы за законную праваабарончую дзейнасць.  Асудзілі прысуд праваабаронцу прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц, старшыня АБСЕ Эйман Гілмар, МЗС Францыі, Сетка Дамоў правоў чалавека (70 НДА з 15 краінаў свету) і іншыя.

Нагадаем, што крымінальная справа супраць Алеся Бяляцкага была заснавана на інфармацыі, прадастаўленай беларускім уладам Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнай пракуратурай Польшчы па рахунках, адкрытых Бяляцкім у замежных банках дзеля дзейнасці ПЦ “Вясна”. Беларускія ўлады расцанілі грошы на рахунках сп. Бяляцкага як ягоны асабісты прыбытак і абвінавацілі яго ва ўтойванні сродкаў.

Міністэрства юстыцыі Літвы прадставіла беларускім уладам інфармацыю пра сродкі на рахунку і намесніка стыршыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, у адносінах да якога 16 снежня 2011 года суд Партызанскага раёна Мінска вынес рашэнне пра спагнанне падаходнага падатку, пені і дзяржаўнай пошліны ў памеры 54 мільёны 357 тысяч 370 рублёў. У адпаведнасці з судовым рашэннем, з праваабаронцы таксама спагнаная сума дзяржаўнай пошліны ў памеры 2 мільёны  717 тысяч 870 рублёў. Не пагадзіўшыся з дадзеным рашэннем, Валянцін Стэфановіч 19 студзеня накіраваў у Мінскі гарадскі суд касацыйную скаргу, у якой дамагаецца адмены судовага рашэння. Сродкі з рахунку Валянціна Стэфановіча не з’яўляюцца ягоным прыбыткам, а выдаткоўваліся на праваабарончую дзейнасць ПЦ “Вясна”.

30 студзеня кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”  Алег Волчак быў асуджаны да 4 сутак адміністрацыйнага арышту суддзёй суда Цэнтральнага раёна г. Мінска Якунчыхіным па абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы на вуліцы (артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, “дробнае хуліганства”). Алег Волчак, які адмаўляў ужыванне нецэнзурных выразаў, быў прызнаны вінаватым паводле паказанняў намесніка старшыні Цэнтральнага РУУС г. Мінска Антона Шахлая. Затрыманы праваабаронца быў 27 студзеня і трое сутак да суда ўтрымліваўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Арышт  Алега Волчака скіраваны на пераслед за ягоную праваабарончую дзейнасць, у тым ліку – за агучванне за некалькі дзён да гэтага справаздачы пра суд над Алесем Бяляцкім, а таксама высноваў па справе аб асуджаных да смяротнага пакарання асобаў, абвінавачаных у здзяйсненні тэрарыстычнага акту ў Мінску.

 

26 студзеня стала вядома, што Магілёўскі праваабарончы цэнтр можа спыніць сваё існаванне. Прычынай гэтаму  сталі неверагодныя фінансавыя ўмовы, у якія арганізацыю спрабуюць загнаць мясцовыя ўлады. Магілёўскія чыноўнікі адвольна ўвялі нарматывы, паводле якіх для працы кіруючых органаў, якія складаюцца мінімум з трох чалавек, патрэбна памяшканне плошчай мінімум 18 кв. м. Арэндная плата за прапанаванае ўладамі памяшканне без уліку камунальных плацяжоў складае каля 2 млн. рублёў. Іншыя памяшканні для юрыдычнага адраса цэнтра, прапанаваныя чыноўнікамі, маюць яшчэ большую плошчу. Дырэктар МПЦ Уладзімір Краўчанка адзначае, што іншымі спосабамі прыпыніць дзейнасць цэнтра ўладам дагэтуль не атрымлівалася. Магілёўскі праваабарончы цэнтр – гэта адзіная зарэгістраваная праваабарончая арганізацыя, якая дзейнічае на тэрыторыі Магілёва.

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

 

Праваабарончы цэнтр “Вясна” 31 студзеня апублікаваў спіс палітычных вязняў Беларусі на дадзены перыяд часу. Па меркаванні ПЦ “Вясна”, палітычнымі зняволенымі з’яўляюцца 15 асобаў: Мікалай Аўтуховіч, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Дзімтрый Бандарэнка, Павел Севярынец, Дзімтрый Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок,  Аляксандр Францкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамалотаў.  Пры гэтым адзначана, што ў дзеяннях трох апошніх асобаў углядаюцца прыкметы правапарушэння, але адзначаецца несправядлівая кваліфікацыя іх учынкаў і празмерная, непрапарцыйная  жорскасць вынесенага пакарання.

 

12 студзеня суд Шклоўскага раёна прызначыў Мікалаю Статкевічу больш жорсткі турэмны рэжым адбыцця пакарання на бліжэйшыя тры гады за нібыта рэгулярныя парушэнні турэмнай дысцыпліны. У снежні Мікалай Статкевіч быў змешчаны ў карцэр за тое, што ў ягоных рэчах знайшлі непазначаныя ў спісе насоўкі, а потым вязня пакаралі яшчэ тройчы за тое, што ў карцэры ў яго не аказалася індывідуальнай таблічкі з прозвішчам. Сапраўднай жа прычынай ціску на экс-кандыдата можа з’яўляцца адмова пісаць прашэнне аб памілаванні на імя А.Лукашэнкі. Адразу пасля судовага рашэння Мікалай Статкевіч быў пераведзены з Шклоўскай калоніі ў Магілёўскую турму і там адразу змешчаны ў карцэр за парушэнні, нібыта здзейсненыя яшчэ ў калоніі. Нагадаем, у траўні 2011 года Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў узмоцненага рэжыму, атрымаўшы самы вялікі тэрмін за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года.

 

17 студзеня ў Івацэвіцкай калоніі № 5 адбыўся суд над Мікалаем Аўтуховічам, у выніку якога асуджаны прадпрымальнік быў прызнаны вінаватым у злосным парушэнні рэжыму. На гэтай падставе суд Івацэвіцкага раёна вынес прысуд аб змяненні меры пакарання вязню: два гады і тры месяцы, якія засталіся да канца адбыцця пакарання, Аўтуховіч павінен правесці ў турме. Нагадаем, што ў маі 2010 года Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў асуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі. У канцы месяца Мікалай Аўтуховіч быў пераведзены ў турму № 1 Гродна.

 

24 студзеня скончыліся следчыя дзеянні па крымінальнай справе віцебскага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі, які абвінавачваецца паводле артыкула 415 "Ухіленне ад адбыцця пакарання" за парушэнні рэжыму. Сяргей Каваленка ў траўні 2010 года асуджаны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле ч. 1 арт. 339 КК (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 363 (супраціў работніку праваахоўных органаў пры выкананні ім службовых абавязкаў) за вывешаны на навагоднюю елку бел-чырвона-белы сцяг. Разглядаць справу даручана суддзі Першамайскага райсуду Віцебска Алене Жук. З 19 снежня 2011 Сяргей Каваленка трымае галадоўку пратэсту ў СІЗА, з сярэдзіны студзеня ён падвяргаецца прымусоваму кармленню.

 

31 студзеня стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі ў парадку нагляду прызнаў законным і справядлівым прусыд, вынесены 16 траўня 2011 года сустаршыні аргкамітэту па стварэнні Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўлу Севярынцу -- тры гады абмежавання волі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 году.

Выкарыстанне катаванняў і жорсткага абыходжання, нездавальняючыя ўмовы ўтрымання

 

25 студзеня жонка палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава -- Ірына Халіп склікала экстранную прэс-канферэнцыю. Гэта адбылося на наступны дзень пасля спаткання з мужам, ад якога на працягу трох апошніх месяцаў не было ніякай інфармацыі: адвакатаў і сваякоў да яго не дапускалі, лісты не даходзілі. Па словах І. Халіп, палітвязень выглядаў так, нібыта прайшоў праз сталінскія лагеры. А. Саннікаў паведаміў жонцы, што ён яшчэ ў лістападзе падпісаў прашэнне аб памілаванні на імя А. Лукашэнкі. Па меркаванні Ірыны, прашэнне з вязня “выбілі” сапраўднымі катаваннямі і пагрозамі на адрас сям’і: “Андрэй не мог распавесці пра тое, што з ім адбылося за тры апошнія месяцы. Ён толькі змог перадаць: “Мая адсідка скончылася яшчэ ў верасні. Потым пачаліся катаванні”. Нагадаем, што менавіта ў  верасні палітвязня накіравалі этапам з Наваполацкай калоніі ў Віцебскую, адтуль — у Магілёўскую, потым — у калонію “Віцьба-3”. Прыкладна праз тры гадзіны пасля прэс-канферэнцыі Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што прашэнне аб памілаванні Андрэй Саннікаў падаў 23 снежня (у дзень, калі была прэс-канферэнцыя  Лукашэнкі, на якой той заявіў, што не ведае пра прашэнне), і толькі 23 студзеня 2012 года яно разам з падрыхтаванымі матэрыяламі трапіла з калоніі ў аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з катэгарычным пратэстам супраць катаванняў, пагрозаў, шантажу і іншых недапушчальных спосабаў ціску і ўздзеяння на палітвязняў. Беларускі Хельсінкскі камітэт 30 студзеня звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з просьбай праверыць інфармацыю пра катаванні Андрэя Саннікава, агучаную жонкаю экс-кандыдата ў прэзідэнты, і прыняць у выпадку неабходнасці меры пракурорскага рэагавання. Паплечнікі А. Саннікава накіравалі інфармацыю пра катаванні зняволенага палітыка ў Камітэт супраць катаванняў ААН дзеля тэрміновага рэагавання міжнароднага органа.

 

10 студзеня пракуратура Брэсцкай вобласці адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па фактах жорсткага абыходжання з Мікалаем Аўтуховічам, адзначыўшы, што падчас праверкі выявіць факты сістэматычнай знявагі яго асабістай годнасці ці схілення яго да самазабойства з боку адміністрацыі калоніі “не прадставілася магчымым”. Зварот быў накіраваны былым адвакатам палітвязня Паўлам Сапелкам з нагоды атрыманай  інфармацыі пра тое, што 11 снежня Мікалай Аўтуховіч, даведзены да адчаю беззаконнем службовых асобаў калоніі,

 Парэзаў сабе вены. Следства паставіла пад сумнеў тлумачэнні, дадзеныя Мікалаем Аўтуховічам падчас апытання: “Аўтуховіч патлумачыў, што 11.12.2011 ён, выкарыстоўваючы лязо ад аднаразовага станка, сапраўды нанёс сабе парэзы на перадплеччах абедзвюх рук, аднак звязана гэта было з тым, што нібыта адміністрацыя калоніі “займаецца пакрывальніцтвам супрацьпраўных дзеянняў загадчыка гаспадаркі атрада № 13 - Пракаповіча У.І., які збівае асуджаных”. Каго канкрэтна і пры якіх абставінах збіваў Пракаповіч У.І., Аўтуховіч пры апытанні назваць не змог”. Таксама ўказваецца, што апытаны Пракаповіч і іншыя асуджаныя факты прымянення ім гвалту адмаўляюць. Следства мяркуе, што "пашкоджанне Аўтуховічам перадплеччаў не з'яўляецца спробай самагубства", а гэты факт "быў актам членашкодніцтва ў сувязі з пратэстам існуючым патрабаванням устаноўленага парадку адбывання пакарання, што прад'яўляюцца адміністрацыяй папраўчай установы да асуджаных".

 

З 30 студзеня Дзмітрыю Бандарэнку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі Магілёва № 15: яму забаронена карыстацца мыліцай, на якую ён абапіраўся пры хадзьбе. "Яму не дазволены зручны мяккі абутак, які я яму перадавала, — паведаміла жонка палітыка. — Зараз ён павінен будзе нахіляцца для таго, каб надзяваць цвёрдыя турэмныя чаравікі. Забаронена днём ляжаць — ён павінен выходзіць на паверку на пляц, хадзіць у страі. Яму прадпісаны лёгкія віды работ". Дзмітрый Бандарэнка асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені яму была зроблена аперацыя на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска.

 

27 студзеня стала вядома, што Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча пазбавілі кароткатэрміновых спатканняў з роднымі за дысцыплінарныя спагнанні.

Па інфармацыі бацькі Мікалая Дзядка, за нязначныя парушэнні — трымаў рукі ў кішэнях, што было пасцэнена як нейкі выклік, ягоная сына  не толькі пазбавілі спатканняў, але і права карыстацца турэмнай крамай, а таксама атрымліваць перадачы.

Маці Аляксандра Францкевіча лічыць, што дысцыплінарнае спагнанне яе сыну вынесена таму, што ў сакавіку падыходзіць тэрмін, калі зняволены можа напісаць хадайніцтва аб пераводзе яго на іншы, больш спрыяльны рэжым утрымання, і каб гэтага не адбылося – ініцыянавана дысцыплінарнае спагнанне. Да гэтага ў вязня заўвагаў не было.

Смяротнае пакаранне

 

27 студзеня Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў, што адзін з асуджаных да смяротнага пакарання за здзяйсненне тэракту ў мінскім метро ў красавіку 2011 году -- 25-гадовы Дзмітрый Канавалаў прызнаў прысуд адносна сябе законным і адмовіўся падаваць прашэнне аб памілаванні. Па словах Генпракурора, пра гэта Канавалаў заявіў яшчэ 19 снежня 2011 году сябрам адмыслова створанай камісіі. Паводле Генпракурора, пра тое, што магчыма напісанне просьбы аб памілаванні на імя кіраўніка краіны, Канавалаву нагадвалі двойчы, і двойчы ён адмовіўся скарыстацца гэтым правам. Другі фігурант гэтай справы -- Уладзіслаў Кавалёў, таксама асуджаны да смяротнага пакарання, прашэнне аб памілаванні падаў 7 снежня 2011 года. Заключэнне Генпракуратуры па яго заяве ўжо падрыхтавана, у бліжэйшы час дакументы павінны быць перададзеныя ў камісію па памілаванні пры прэзідэнце.

 

30 студзеня дэпутаты Еўрапарламента Лайма Андрыкейне ад Літвы і Эдуард Кукан, былы міністр замежных справаў Славакіі, выступілі з патрабаваннем адмяніць смяротнае пакаранне Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, а таксама ўвесці ў Беларусі мараторый на смяротнае пакаранне. На думку еўрапарламентароў, суд не даказаў віну Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Сваю заяву Андрыкейне і Кукан зрабілі па выніках сустрэч з маці асуджанага Любоўю Кавалёвай у Еўрапарламенце ў Брусэлі.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў

 

2 студзеня суд Маскоўскага раёну Мінска аштрафаваў актывістак Насту Шулейку і Вікторыю Рымашкевіч, якія былі затрыманы 31 снежня каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, калі яны сустракалі арыштаваных за ўдзел у акцыі 19 снежня, на 20 базавых велічынь кожную нібыта за здзейсненае дробнае хулігантва. Справу Н. Шулейкі разглядаў суддзя Віктар Козак, В. Рымашкевіч – Святлана Бандарэнка. Да суда дзяўчаты ўтрымліваліся ў ізалятары.

У гэты ж дзень у Маскоўскім судзе на 7 сутак арышту быў асуджаны актывіст кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў, затрыманы 30 снежня ў Маскоўскім РУУС, куды актывіста выклікалі нібыта на размову. Ягоную справу разглядаў суддзя Кострыкаў.

У Кастрычніцкім судзе Мінска разглядалася адміністрацыйная справа актывіста “Студрады” Алеся Крата, які быў затрыманы раніцай 31 снежня і на якога быў складзены пратакол па арт.17.1 КаАП РБ - "дробнае хуліганства".  Суд быў перанесены.

 

5 студзеня актывіст Руху "За свабоду" Ян Мельнікаў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Суд Ленінскага раёну Мінска пакараў маладзёна арыштам у 15 сутак нібыта за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП РБ) і парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў (арт. 21.14 КаАП РБ). Актывіст быў затрыманы за распаўсюд у метро ўлётак кампаніі "Страху няма!".

 

5 студзеня суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка, разгледзеўшы прадстаўленне начальніка Першамайскага РУУС, устанавіў прэвентыўны нагляд за Васілём Парфянковым тэрмінам на 12 месяцаў, паколькі былы палітвязень “на шлях выпраўлення не стаў”. Васіль Парфянкоў пасля вызвалення з аршанскай папраўчай калоніі №8, дзе адбываў пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў снежні 2010 года, быў пастаўлены на прафілактычны ўлік у Першамайскім РУУСе па месцы жыхарства.

 

8 студзеня актывіст “Еўпарейскай Беларусі” Мікіта Каваленка каля будынку КДБ разгарнуў бел-чырвона-белыя сцягі і партрэты палітвязняў. Акцыя працягвалася не больш за хвіліну. Да юнака падбеглі людзі ў цывільным, якія выйшлі з КДБ, і затрымалі яго. 9 студзеня суддзя Цэнтральнага раёну Мінска Хадановіч пакараў Мікіту Каваленку арыштам тэрмінам 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт23.34 КаАП РБ). Разам з М. Каваленкам быў затрыманы незалежны журналіст Аляксандр Баразенка, які здымаў акцыю на відэакамэру.

 

11 студзеня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алена Цалкова прыняла пастанову аб спыненні  адміністрацыйнай справы ў дачыненні Уладзіміра Няпомняшчых за «брудную лаянку» (арт. 17.1 КаАП) у сувязі з недаказанасцю яго віны. Сведкі – супрацоўнікі міліцыі не змаглі даказаць, што актывіст АГП і Руху «За свабоду», пенсіянер МУС лаяўся матам. Гэтая падзея стала першым «палітычным» працэсам у Гомелі, калі не быў «даказаны» ў судзе факт бруднай лаянкі з боку апазіцыянера. Нагадаем, актывіст быў затрыманы міліцыяй 7 кастрычніка 2011 года, напярэдадні Народнага сходу, за расклейванне ўлётак да мерапрыемства.

 

12 студзеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску завяршыўся разгляд адміністрацыйнай справы Сяргея Каваленкі, якога прызналі вінаватым у хуліганстве. Суддзя Вольга Іванова аштрафавала актывіста КХП БНФ на чатыры базавыя велічыні за нібыта нецэнзурную лаянку на адрас супрацоўнікаў інспекцыі па выкананні пакаранняў. Як Сяргей Каваленка зможа выплаціць штраф – незразумела, бо на той момант ён ужо больш як тры тыдні ўтрымліваўся ў следчым ізалятары ў сувязі з крымінальнай справай,  распачатай паводле артыкула 415 «Ухіленне ад адбыцця пакарання».

 

17 студзеня суддзя Мінскага абласнога суда Г.В. Руноў палічыў, што пакаранне зборшчыку подпісаў за правядзенне Народнага сходу Мікалаю Ільюшонку ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь за нібыта арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, правамерна. Такое пакаранне Ільюшонку было прызначана 12 снежня 2011 года суддзёй Барысаўскага раёна Аляксандрам Шутко.

 

27 студзеня жыхара Віцебску Пятра Іванова, грамадзяніна Расійскай Фэдэрацыі, прадстаўніка партыі "Адзіная Расія" і актывіста кампаніі "Гавары праўду" аштрафавалі на 2 базавыя велічыні нібыта за нецэнзурную лаянку. Але затрымлівалі яго 6 студзеня за ўлёткі з заклікам да салідарнасці з Сяргеем Каваленкам, і менавіта гэта спадар Іваноў лічыць прычынай судовага і міліцэйскага пераследу.

 

Абмежаванні свабоды слова

 

9 студзеня журналіста Аляксандр Баразенка, які 8 студзеня здымаў акцыю каля будынка КДБ, суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Іван Майсейчык пакараў адміністрацыйным арыштам на 11 сутак па (арт23.34 КаАП РБ) – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, не ўзяўшы пад увагу тое, што журналіст пры гэтым выконваў свае прафесійныя абавязкі.

 

6 студзеня салігорскія карыстальнікі паслугаў перадачы дадзеных аператара сотавай сувязі  ТАА СП “БелСел” (гандлёвая марка DIALLOG™) заявілі пра незаконную блакіроўку правайдэрам незалежных сайтаў. Карыстальнікі вымушаны былі звярнуцца ў аддзел тэхпадтрымкі, дзе хаваць факт блакіроўкі не сталі і паабяцалі яе зняць. Аднак цэнзураванне сайтаў ліквідавана было толькі пасля пагрозаў судовага разбіральніцтва, бо фільтраванне інтэрнэт-сайтаў для фізічных асоб можа ажыццяўляцца выключна па асабістай просьбе самога карыстальніка. Самавольная блакіроўка сайтаў правайдэрам з’яўляецца незаконнай.

 

6 студзеня рэдактара і выдаўца самвыдатаўскай газеты "Крывінка" з Бешанковічаў Георгія Станкевіча аштрафавалі на 40 базавых велічыняў за парушэнне парадку распаўсюду выдання. Рашэнне прыняла суддзя Вольга Белавус. Георгія Станкевіча затрымалі 5 лістапада 2011 года, і амаль два месяцы працягвалася судовае разбіральніцтва. Суддзя Вольга Белавус мусіла вярнуць першы міліцэйскі пратакол на дапрацоўку, бо ён быў складзены непісьменна -- і гэта зацягнула судовы працэс. Нагадаем, адміністрацыйная справа была распачатая нібыта на падставе ананімнай скаргі ў міліцыю за незаконны распаўсюд "Крывінкі": маўляў, дзве спадарыні знайшлі ў сваіх паштовых скрынях выданне, на якое яны не падпісваліся, і былі гэтым вельмі абураныя.

 

Уначы з 13 на 14 студзеня на дорозе пад Віцебскам супрацоўнікі ДАІ затрымалі машыну з накладам незалежнага выдання "Витебский курьер". 10 тысяч асобнікаў забралі на праверку. У нумары быў надрукаваны артыкул "Шэсць фактаў па справе Алеся Бяляцкага, пра якія не распавядае БТ і не пішуць у “Советской Белоруссии”. Незалежная газета зарэгістравана і друкуецца ў Смаленску, таму ў Беларусі яна лічыцца расійскім друкаваным выданнем, хоць і распаўсюджваецца ў Віцебску.

 

17 студзеня арганізатары канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт» у Гомелі пад ціскам мясцовых уладаў адмовілі ва ўдзеле ў мерапрыемстве заснавальніку самага папулярнага гомельскага сайту навінаў Пятру Кузняцову. Першапачаткова заснавальнік рэсурсу «Моцныя навіны» (odsgomel.org) атрымаў запрашэнне выступіць на канферэнцыі з дакладам «Рост попыту на лакальныя навіны на прыкладзе Гомельскай вобласці». Аднак за некалькі дзён да мерапрыемства арганізатары паведамілі Пятру Кузняцову, што з-за ціску ўладаў яны скасавалі яго запрашэнне.

 

30 студзеня гарадзенскую карэспандэнтку Радыё Рацыя Гражыну Шалкевіч выклікалі ў Гродненскае абласное ўпраўленне КДБ.  Размова вялася ў асноўным пра леташнія “маўклівыя” акцыі, у часе адной з якіх Шалкевіч затрымалі і аштрафавалі як удзельніцу, таксама пра журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі. У выніку Гражына Шалкевіч была папярэджана пра крымінальную адказнасць за дыскрыдытацыю Рэспублікі Беларусь і абразу прэзідэнта.

 

Выкананне свабоды сходаў

 

12 студзеня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Шыцікаў пакінуў без задавальнення скаргу гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Анатоля Паплаўнага на рашэнне гарвыканкама аб забароне пікету. Масавае мерапрыемства грамадзяне планавалі правесці на плошчы Паўстання Гомеля 10 снежня, да Міжнароднага дня правоў чалавека.

 

13 студзеня Салігорскі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне мітынгу ў падтрымку хрысціянскіх каштоўнасцяў. Сваю забарону чыноўнікі абгрунтавалі неадпаведнасцю пададзенай заявы патрабаванням 2-га артыкула Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, а падставай для адомвы пазначана рашэнне Салігорскага выканкаму №3817 ад 30.12.2011. Што дакладана не адпавядае заканадаўству -- у лісце не тлумачылася. Праз некалькі дзён салігорскія ўлады не далі дазволу на правядзенне пікету і мітынгу, якія меркавалася правесці 21-га і 22-га студзеня на салігорскім стадыёне “Будаўнік”. Выказаць свае патрабаванні аб унясенні зменаў у Выбарчы кодэксе ды правядзенні свабодных парламенцкіх выбараў у 2012 годзе жыхары Салігорску не змаглі “ў сувязі з працамі па заліўцы лёду на тэрыторыі стадыёна”. Менавіта такую прычыну амбежавання грамадзянскіх правоў пазначылі ў сваім адказе чыноўнікі салігорскага выканкаму. 18 студзеня ў Салігорску забаранілі яшчэ два масавыя мерапрыемствы. Мясцовая грамадскасць не атрымала дазволу выканкаму на правядзенне пікету ў падтрымку палітвязняў і мітынгу па абмеркаванні ходу выканання рашэнняў IV Усебеларускага сходу.

 

18 студзеня выпускнікі “Адукацыйнага курсу па правах чалавека” падвялі вынікі бестэрміновай акцыі “Ні дня без заяўкі ў абарону Бяляцкага!”, абвешчанай у верасні 2011 году пасля арышту праваабаронцы. За гэты час у Мінгарвыканкам было пададзена больш за 60 заявак на правядзенне мірных сходаў: удзельнікі планавалі правесці пікеты ў людных месцах па ўсім Мінску. Нягледзячы на тое, што заяўкі былі аформлены ў адпаведнасці з законам, усе пікеты былі забароненыя. Прычыны былі названы стандартныя: запланавана іншае масавае мерапрыемства, нельга ўстанавіць канкрэтнае месца правядзення масавага мерапрыемства, пікетаванне будзе ствараць перашкоды руху пешаходаў і транспартных сродкаў і да т.п. У далейшым 14 з атрыманых адмоваў былі абскарджаны ў суд Маскоўскага раёна сталіцы, у задавальненні скаргаў адмоўлена.

 

19 студзеня ў судзе Слонімскага раёна адбылося паседжанне па скарзе лідэра мясцовай суполкі Партыі БНФ Івана Шэгі на дзеянні Слонімскага райвыканкаму, які паслядоўна забараніў усе заяўленыя акцыі салідарнасці з праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Суддзя Наталля Радзіонік адмовіла ў задавальненні скаргі, палічыўшы, што Слонімскі райвыканкам меў рацыю ва ўсіх выпадках.

 

Прадстаўнікі брэсцкай суполкі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” вымушаны былі адмовіцца ад правядзення 28 студзеня пікета супраць збяднення насельніцтва, які быў дазволены гарадскімі ўладамі пры ўмове, што арганізатары акцыі напярэдадні прадставяць у гарвыканкам дамовы з установамі аховы здароўя, унутраных спраў і камунальнымі службамі. Аднак паспець аформіць усе гэтыя дамовы за некалькі дзён аказалася немагчыма. Акрамя таго, сябры партыі палічылі абсурдным аплочаваць за свае грошы працу згаданых устаноў пры рэалізацыі права на мірныя сходы і выказалі намер праз суд дамагчыся адмены аплаты арганізатарамі масавых мерапрыемстваў выдаткаў, звязаных з правядзеннем такіх акцый. Разам з тым, у Брэсце былі забароненыя два іншых адзіночных пікеты, прызначаныя таксама на 28 студзеня. Аналагічныя захады зрабілі ўлады ў яшчэ двух буйных гарадах вобласці - Пінску і Баранавічах, якія не дазволілі правесці ў гэты дзень пікеты супраць збяднення насельніцтва.

 

27 студзеня Аршанскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні чатырх пікетаў супраць пагаршэння эканамічнага становішча грамадзян, заяўкі на якія падавалі актывісты партыі «Справядлівы свет». Аршанскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні пікетавання на той падставе, што аўтары заявак не ўказалі месца сваёй працы. Той факт, што ўсе яны з'яўляюцца непрацуючымі пенсіянерамі, Аршанскі гарвыканкам да ўвагі не прыняў.

 

27 студзеня ў Магілёве актывістам Беларускай партыі левых “Справядліваму свету” адмоўлена ў пікетаванні супраць збяднення людзей на падаставе таго, што ў гэты дзень на адзінай пляцоўцы ў горадзе для правядзення масавых мерапрыемстваў (стадыёне “Хімік”) будзе правадзіцца масавае фізкультурнае мерапрыемства.

Сітуацыя з выкананнем свабоды асацыяцыяў

 

23 студзеня эксперты Асамблеі НДА і Цэнтру прававой трансфармацыі прэзентавалі маніторынг прававога стану няўрадавых арганізацыяў і свабоды асацыяцыі ў Беларусі за 2011 год. Юрыст Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Юрый Чавусаў і дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка адзначылі пагаршэньне заканадаўчых умоваў для існавання некамерцыйных арганізацый у краіне. На ўзроўні правапрымяняльнай практыкі экспертамі таксама не зафіксавана значных пазітыўных зменаў, адзначаны працяг папярэдніх негатыўных тэндэнцыяў, а ў шэрагу выпадкаў – іх узмацненне.

 

18 студзеня Грамадскія ініцыятывы “Права на веру” і “СТОП 193.1!” заявілі пра намеры знайсці дзяржаўную структуру, у кампетэнцыю каторай уваходзіць ініцыяванне скасавання артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.  Актывісты  накіравалі лісты ў  Палату Прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Адміністрацыю Прэзідэнта, Савет Міністраў, Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны Суд, Канстытуцыйны Суд, Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, а таксама ў КДБ і шэраг іншых дзяржаўных устаноў Рэспублікі  Беларусь.  

 

19 студзеня міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі на выніковай калегіі Міністэрства паведаміў журналістам аб тым, што партыі “Беларуская храсціянская дэмакратыя” адмоўлена ў рэгістрацыі. Такім чынам, і чацвертая спроба аргкамітэту атрымаць легальны статус завяршылася беспаспяхова. Алег Сліжэўскі, называючы прычыны адмовы, адзначыў, што ў пададзеных для рэгістрацыі дакументах БХД быў выяўлены шэраг парушэнняў. А менавіта: парушэнні выяўленыя ва ўстаноўчых дакументах і спісах заснавальнікаў партыі. Разам з тым, 11 студзеня кіраўніцтва ствараемай партыі БХД атрымала ліст з Міністэрства юстыцыі, датаваны 6 студзеня, у якім чыноўнікі паведамілі пра прыпыненне на месяц працэсу рэгістрацыі партыі, спасылаючыся на неабходнасць дадатковай праверкі пададзеных дакументаў. 13 студзеня адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі паведаміў журналістам, што ў рэгіёнах і сталіцы распачаўся небывалы ціск на заснавальнікаў Партыі БХД: толькі за самы апошні час зафіксавана больш за 20 фактаў пераследу і пагроз у дачыненні да тых, што заявіў пра свае стасункі са ствараемай партыяй.  Нагадаем, што апошні ўстаноўчы з’езд партыі прайшоў 17 снежня 2011 года ў Мінску.

 




Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international