viasna on patreon

Сутнасць Указу №13 слонімцам абяцаюць растлумачыць толькі к красавіку

2012 2012-02-01T16:08:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dom-budoulia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чыноўнікі Слонімскага райвыканкама не ведаюць, як патлумачыць людзям, што будзе адбывацца на рынку жылля і ільготнага крэдытавання будаўніцтва кватэр. Слонімцы ўстрывожаны…

25 студзеня ў зале пасяджанняў Слонімскага райвыканкама прадстаўнікі мясцовай вертыкалі сабралі прадстаўнікоў чатырох жыллёвых будаўнічых спажывецкіх кааператываў горада Слоніма. На сходзе прысутнічала каля 400 чалавек, усім нават не хапіла сядзячых месцаў.

Як патлумачылі работнікі Слонімскага райвыканкама, яны сабралі людзей, каб патлумачыць далейшы лёс будаўніцтва дамоў. Але найперш прадстаўнікі ўлады прасілі, каб людзі не пісалі скаргі і звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, бо яе ўжо завалілі лістамі з усёй краіны. Акрамя гэтай просьбы, прадстаўнікі Слонімскага выканкама, раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і мясцовай філіі "Беларусбанку" фактычна нічога патлумачыць не змаглі. Было толькі заяўлена, што пакуль на сённяшні дзень яны не маюць тлумачэнняў па ўказу прэзідэнта № 13 "Аб некаторых пытаннях прадстаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" ад 6 студзеня 2012г. І толькі пасля з’яўлення тлумачэнняў людзям змогуць канкрэтна патлумачыць, што іх чакае далей. Па іх словах, тлумачэнні павінны з’явіцца толькі недзе ў красавіку месяцы. Пачуўшы гэта, людзі пачалі абурацца і пытацца, навошта іх сабралі, калі толкам ніхто не можа патлумачыць, што будзе далей і чаго чакаць.

    Пасля слонімцы пачалі задаваць пытанні, на якія ў асноўным адказвала работніца ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Слонімскага раённага Заяц Людміла. Яна сказала, што прадстаўнікі Слонімскага райвыканкама на сённяшні дзень, так як і большасць з прысутных, нічога толкам не ведаюць, як будзе прымяняцца на практыцы ўказ №13 да тых, хто ўжо пачаў будаўніцтва, але не скончыў яго.

    Супрацоўніца "Беларусбанку" паведаміла, што тым грамадзянам, якім ужо адкрыта крэдытная лінія, умовы змяняцца не будуць. Аднак яна дадала, што, вядома,  тых грошай, якія будуць выдаткаваны па папярэдніх дамовах, не хопіць для завяршэння будаўніцтва, бо кошты на ўсё моцна ўзляцелі. Але яна пакуль не можа сказаць, на якіх ўмовах і пад які працэнт будзе адбывацца дафінансаванне будаўнічых прац, па старому ці новаму ўказу прэзідэнта.

    На пытанне прысутных, колькі каштуе квадратны метр жылля на сёння, Людміла Заяц сказала, што па стану на снежань 2011г. па слонімскіх кааператывах № 57 і 58 кошт складае больш за пяць мільёнаў, недзе 5 300 000 (пяць мільёнаў трыста тысяч руб), па кааператыву "Милосердие" кошт метру роўны амаль пяці мільёнам, недзе 4 950 000 (чатыры мільёны дзевяцьсот пяцьдзесят руб), па кааператыву № 59 квадратны метр каштуе каля чатырох мільёнаў. Варта нагадаць, што першапачаткова, на момант заключэння крэдытных дамоў з банкам, кошт квадратнага метру складаў у сярэднім 2 500 000 (два мільёны пяцьсот тысяч рублёў).

    Пачуўшы гэта, людзі моцна пачалі абурацца і казаць, хто ж зможа пацягнуць такі крэдыт, тым больш кошты на квадратны метр яшчэ ні адзін раз могуць узляцець. Тым больш улічваючы тое, што на сённяшні дзень ні адзін з дамоў недабудаваны.  Са слоў Людмілы Заяц стала вядома, што адзін з дамоў на сённяшні дзень узведзены толькі на 4%, другі на 14%, а пра астатнія два нічога не было сказана.

    У выніку сходу людзі так і не атрымалі зразумелых тлумачэнняў ад работнікаў райвыканкама, чаго ім чакаць ад указу №13. Што будзе далей, ці змогуць людзі дабудаваць жыллё ў Слоніме і ці пацягнуць яны крэдыт. У выніку людзі апынуліся яшчэ ў большай разгубленасці і моцна абураны тым, як улады іх “ пракідваюць”.

    Напрыканцы прадстаўнік райвыканкаму яшчэ раз папрасіў усіх прысутных не пісаць скаргі і звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, а пачакаць пакуль з’явяцца тлумачэнні па ўказу. Аднак людзі адрэагавалі супрацьлеглым чынам, заявіўшы, што будуць яшчэ больш пісаць усюды, бо іх сённяшняя ўлада проста падманвае і хлусіць.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства