Алесь БЯЛЯЦКI: «Камуністы і не думалі здавацца»

2012 2012-01-20T11:26:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

“Народная Воля” ўжо тройчы друкавала друкавала лісты Алеся Бяляцкага са следчага ізалятара, у якіх ён згадвае найбольш важныя моманты ў сваім жыцці. У працяг гэтых успамінаў — аповед пра першага палітвязня і першую палітычную галадоўку ў новай Беларусі, змешчаны ў № 11-12.

24 cтудзеня — шанц на змену прыгавору праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Менавіта ў гэты дзень справа чалавека, які сваёй дзейнасцю дапамог тысячам і тысячам беларусаў, якія апынуліся за кратамі ці адзін на адзін з праваахоўнай сістэмай, будзе разглядацца ў касацыйным парадку Мінскім гарадскім судом. Надзея на тое, што прыгавор будзе зменены, застаецца. Бо надзея памірае апошняй...

1990 год прайшоў пад знакам змагання з камуністычнай сістэмай. Камуністычная партыя Беларусі, якая хоць і была забюракратызавана і аслаблена, тым не менш налічвала 600 тысяч сяброў і, як спрут, працінала ўсё цела краіны, усе дзяржаўныя ўстановы. Кіраўніцтва партыі было далёкае ад разумення нацыянальных інтарэсаў, вылучалася недалёкасцю, закасцянеласцю і кансерватызмам. Нездарма пісьменнік Алесь Адамовіч назваў тагачаснае беларускае кіраўніцтва “беларускай Вандэяй”. На той час відавочна было, што менавіта камуністычная партыя, камуністычная ідэалогія ўяўлялі сабой найбольшую пагрозу для незалежнасці Беларусі, якую мы выношвалі і выспельвалі ў той час, шчодра і ліхаманкава рассейваючы споры свабоды і незалежнасці па краіне.

Змаганне за фізічнае выжыванне беларускага народа, якое распачаў БНФ у 1989 годзе, узняўшы праз мітынгі, інфармацыйныя кампаніі, навуковыя канферэнцыі тэму Чарнобыльскай катастрофы і яе наступстваў, рэзка ўзняла аўтарытэт і вядомасць народнага руху ў вачах народа. Выявіліся непрыгожыя і нават злачынныя факты, калі нашыя партбосы адмовіліся ў Маскве ад саюзнай дапамогі, заявіўшы, што Беларусь сама справіцца з Чарнобыльскай трагедыяй. Затым беларускія ўлады дзе зусім схавалі, а дзе зменшылі рэальныя маштабы катастрофы, у выніку чаго дзясяткі тысяч людзей працягвалі гадамі жыць на забруджаных радыяцыяй землях. Такая сітуацыя была прамым вынікам адсутнасці права людзей атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю.

Тым не менш камуністы і не думалі здавацца. Памятаю, як пасля першага Чарнобыльскага Шляху, які прайшоў шматтысячным шэсцем ад парку Чалюскінцаў да плошчы Леніна (цяперашняй Незалежнасці), міліцыя аб’явіла аблаву на ягоных арганізатараў — Зянона Пазьняка і Генадзя Грушавога. Пэўны час яны хаваліся, пазбягаючы арышту. У прэсе пастаянна ішла зняважаючая кампанія супраць БНФ і тых ідэалаў незалежнасці, свабоды і дэмакратыі, за якія выступаў Фронт.

А ўвосень 1990 года Фронт пачаў падрыхтоўку да масавай антыкамуністычнай акцыі. Месцам яе правядзення выбралі плошчу Леніна з помнікам Леніну, які быў сімвалам камуністаў і фізічным увасабленнем камуністычнай ідэі. Акцыя меркавалася як чыста антыкамуністычная, чыста антысавецкая акцыя, выкліканая несумяшчальнасцю ідэалогій. Яшчэ 3—5 гадоў таму такое немагчыма было сабе ўявіць. Дзясяткі гадоў перад гэтым доўгія калоны дэманстрантаў праходзілі міма бронзавага Леніна і ўскладалі яму ў балванахвальстве вянкі і кветкі.

І вось 7 лістапада тысячы людзей сабраліся на плошчы з антыкамуністычнымі лозунгамі і крычалі: “Далоў камунізм!” Міліцыянты стрымлівалі націск людзей. Я спачатку апынуўся каля Чырвонага касцёла, а міліцыянты ўнізе адціскалі людзей, прымушаючы іх адступаць да гатэля “Мінск”. Тады мы пачалі зрываць з галоў міліцыянтаў зімовыя шапкі і закідваць іх як падалей. Стройныя ланцугі супрацоўнікаў міліцыі змяшаліся. Голагаловыя пабеглі шукаць свае згубленыя шапкі.

Затым грамада людзей перабудавалася, і разагрэтыя таўханінай людзі хістануліся наўпрост да помніка Леніну. Відаць, загаду ўжываць гвалт супраць дэманстрантаў не было, і людзі адцяснілі міліцыянтаў і прарваліся да Леніна. Прамоўцы выступалі проста з помніка. Да Леніна ўсклалі “дары” ад “удзячных беларусаў” — вянок, сплецены з калючага дроту, і лагерную фуфайку, а на сам помнік падвесілі “дасягненні” камунізму: сетку-авоську з пустымі пляшкамі ад гарэлкі і віна.

У чалавеку, які вазюкаўся з гэтай авоськай, у хутка надышоўшай восеньскай цемры я пазнаў майго знаёмага, былога аспіранта Інстытута філасофіі Акадэміі навук Валеру Сядова. Валера — высокі, гучнагалосы, экспрэсіўны і шчыры, блакітнавокі і барадаты — не раз быў госцем у маім аспіранцкім пакоі.
Акцыя скончылася, людзі спакойна разышліся. Але яна, мабыць, нагнала страху ў душы кіраўнікоў кампартыі. Яны ўпершыню ўбачылі, як шмат людзей выступае супраць камунізму. І гэты страх яны ўжо не забудуць. Ён узновіцца ў 1991 годзе, калі пасля няўдалага антыгарбачоўскага перавароту дэпутаты-камуністы пад ціскам фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце прагаласуюць за роспуск камуністычнай партыі і за абвяшчэнне незалежнасці.

Але тады, у 1990 годзе, камуністычная ўлада яшчэ спрабавала кантраляваць сітуацыю. У выніку гэтай акцыі была ўзбуджана крымінальная справа: Валеру Сядова як аднаго з актывістаў арыштавалі і кінулі ў СІЗА. Такім чынам, ён стаў першым палітычным зняволеным у новай гісторыі Беларусі. За кратамі ён распачаў першую палітычную галадоўку. Зянон Пазьняк, які быў ужо дэпутатам Вярхоўнага Савета, разам з іншымі дэпутатамі-фронтаўцамі ўзнялі гвалт, і Валеру праз некаторы час выпусцілі з СІЗА.

У сувязі з гэтай справай мяне выклікалі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе следчы абвясціў мне, што я з’яўляюся сведкам па факце злачынства каля помніка і мушу даць паказанні. Я палічыў узбуджэнне гэтай крымінальнай справы незаконным. Відавочнай была яе палітычная падаплёка. Судзіць трэба было не тых, хто выступіў супраць камунізму, а сам камунізм як чалавеканенавісніцкую ідэалогію, якая прынесла столькі гора і нягод беларускаму народу.

Усё гэта з абурэннем і заўзятасцю я выказаў следчаму і абвясціў, што ў знак пратэсту адмаўляюся даваць хоць якія паказанні. Следчы паведаміў, што сведка мусіць гаварыць, інакш ён можа ўзбудзіць і супраць мяне крымінальную справу. Я ж заўпарціўся і стаяў на сваім. Следчага таксама заела, ён выклікаў сведкаў і склаў на мяне пратакол.

Крымінальная справа па падзеях на плошчы Леніна ці то завісла, ці то рассмакталася, але дзесьці праз месяц мяне зноў выклікалі ў міліцыю і паведамілі, што супраць мяне ўзбуджана крымінальная справа за адмову даваць паказанні ў якасці сведкі. Я быў азадачаны такім паваротам гэтага жыццёвага сюжэта. Ужо і справа, па якой я праходзіў сведкам, паехала ў архіў, ужо і Валера Сядоў даўно быў на свабодзе, а мяне спрабавалі пакараць.

Размаўляў са мною ўжо іншы следчы, хлопец гадоў 30 з кепскім зрокам. Ён сказаў мне, што цалкам разумее мае погляды, разумее, што першая справа была ўзбуджана па палітычных матывах і што ён з’яўляецца прыхільнікам дэмакратычных змен у Беларусі. Ён патлумачыў мне, што, згодна з Крымінальным кодэксам, сведка абавязаны даваць паказанні, а за адмову можна патрапіць у турму. Ён прапанаваў даць іх і запісаць у такім выглядзе: “не памятаю”, “не магу дакладна сказаць”, “не ўпэўнены”. Я пагадзіўся са следчым, і гэтую дзіўную справу супраць мяне спынілі. Было такое адчуванне, што я адмахнуўся ад яе, як ад надакучлівага авадня, які немаведама чаму прычыпіўся да мяне і спрабаваў уджаліць.

Ваўсю ішло стварэнне экспазіцыі музея Максіма Багдановіча, у якім я працаваў дырэктарам і які мусіў адчыніцца ў снежні 1991 года, ваўсю віравалі іншыя надзённыя палітычныя і грамадскія падзеі. І я быў завязаны ў гэтым па самыя вушы. Памірала савецкая і нараджалася Новая, Незалежная Беларусь. На нашых вачах і пры нашай дапамозе адбываўся гэты цуд, і мы спрыялі яму з усяе моцы.


Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international