Волчак: на працэсе "не былі захаваны нават элементарныя межы закону"

2012 2012-01-31T17:40:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Алег Волчак звязвае сваё затрыманне не з сустрэчамі, што маюць адбыцца ў яго, а непасрэдна з праваабарончай дзейнасцю. Пра гэта ён заявіў журналістам 31 студзеня пасля таго, як выйшаў з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), дзе правёў чацвёра сутак паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве. Нагадаем, былы следчы пракуратуры, кіраўнік грамадскага аб'яднання "Прававая дапамога насельніцтву" (Кіеў) Алег Волчак быў затрыманы ў Мінску 27 студзеня. На вуліцы да яго падышоў міліцыянер, папрасіў для праверкі дакументы і затрымаў. 30 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў Волчака вінаватым у дробным хуліганстве. Сведкамі на слуханнях выступілі супрацоўнікі міліцыі, якія сцвярджалі, што праваабаронца "лаяўся матам і размахваў рукамі". Волчак абвінавачанні адмаўляў, аднак суддзя Аляксандр Якунчыхін вынес абвінаваўчы прыгавор.

Як расказаў праваабаронца пасля таго, як выйшаў з ЦІП, спачатку яго змясцілі ў камеру разам з асобамі без пэўнага месца жыхарства. "Там, вядома, былі жудасныя ўмовы: пабітае акно, праз якое ў камеру пранікае холад, увесь час гарыць лямпачка і цячэ вада з крана. Нас заклікаюць эканоміць ваду і святло, а тым часам у ЦІП вада цячэ кругласутачна. Няма матрацаў, даводзіцца спаць на голых дошках, і няма ніякіх чалавечых умоў", — паведаміў Волчак.

Пры гэтым ён заявіў, што харчаванне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў палепшылася. Замест двух разоў зняволеных цяпер кормяць тройчы на дзень, прычым, напрыклад, у абед даюць нават катлеты, "якія можна есці", адзначыў праваабаронца.

Каментуючы меркаванні некаторых інтэрнэт-рэсурсаў аб тым, што яго затрыманне было звязана з запланаванымі паездкай за мяжу для ўдзелу ў праваабарончым мерапрыемстве і сустрэчай з групай афіцэраў, Волчак адзначыў: сустрэчы з воінамі-"афганцамі" і былымі афіцэрамі сілавых структур "на нейтральнай тэрыторыі" сапраўды плануюцца. "Але мы не робім нічога супрацьзаконнага, мы ствараем грамадскую арганізацыю", — дадаў ён. (Волчак, былы ўдзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, з'яўляецца сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання ветэранаў баявых дзеянняў "Абаронцы Айчыны".)

Сваё затрыманне Волчак звязвае з тым, што праваабаронцы і, у прыватнасці, арганізацыя "Прававая дапамога насельніцтву", якую ён узначальвае, "наблізіліся да палітычнай дзейнасці". Гэта выказваецца ў складанні справаздач аб сітуацыі ў Беларусі, аналізе розных крымінальных працэсаў і ў іншых сферах, растлумачыў Волчак.

Так, напрыклад, 23 студзеня "Прававая дапамога насельніцтву" прэзентавала ў Мінску справаздачу па крымінальнай справе Алеся Бяляцкага — віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, асуджанага ў лістападзе 2011 года на 4,5 гады пазбаўлення волі за "ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры".

Слуханне сваёй адміністрацыйнай справы ў судзе юрыст Волчак расцаніў як "працэс, на якім не былі захаваны нават элементарныя межы закону". "Затрымалі мяне паводле галаслоўнага абвінавачання, і суд нават не задаволіў мае хадайніцтвы аб азнаямленні з пратаколамі", — заўважыў ён.

Праваабаронца мае намер падаваць у Мінскі гарадскі суд скаргу ў сувязі са сваім затрыманнем і рашэннем суда Цэнтральнага раёна.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international