Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі абмяркоўваецца ў Еўрапарламенце

2012 2012-01-25T09:27:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/euraparlament1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 - 25 студзеня 2012 г. намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч і кіраўнік аддзела Усходняй і Цэнтральнай Азіі  Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Саша Кулаева прымаюць удзел у шэрагу сустрэч з прадстаўнікамі Еўракамісіі, дэпутатамі і супрацоўнікамі Еўрапейскага парламента, а таксама нацыянальнымі дэлегацыямі Еўрапарламента. Сустрэчы  арганізаваныя Брусельскім офісам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека пры ЕС.

24 студзеня ў Еўрапарламенце адбылася дыскусія па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у якой акрамя прадстаўнікоў Федэрацыі і ПЦ “Вясна” прынялі ўдзел прадстаўнікі Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі  Юры Джыбладзэ, Вольга Захарава, а таксама маці аднаго з  прыгавораных да смяротнага пакарання Любоў Кавалёва.

Дэлегацыя праваабаронцаў выказала  занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека, якая стала значна пагаршацца апошнім часам у Беларусі. Асаблівую трывогу  выклікае становішча беларускіх вязняў: пазбаўленне Андрэя Саннікава сустрэчы з адвакатам, змена рэжыму  адбыццця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў дачыненні да Міколы Аўтуховіча і Міколы Статкевіча, галадоўка ў СІЗА г. Віцебска і крымінальны пераслед актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленкі і іншыя трывожныя тэндэнцыі.

Прадстаўнікі ПЦ “Вясна” і Міжнароднай федэрацыі адзначылі апошнія змены заканадаўства ў галіне свабоды мірных сходаў і  асацыяцыяў, падрабязней спыніўшыся на леташніх  зменах у Крымінальным Кодэксе Рэспублікі Беларусь.

На сустрэчы закраналася і праблема смяротнага пакарання ў Беларусі,  якая застаецца апошняй краінай Еўропы і былога СССР, дзе дагэтуль практыкуецца  гэты від пакарання.

Прадстаўнікі Еўрапарламенту, і ў  прыватнасці, віцэ-прэзідэнт Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч, выказалі словы падтрымкі праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, касацыйная скарга якога не была задаволеная Мінскім гарадскім судом 24 студзеня 2012 г.

Таксама 24 студзеня прадстаўнікі Федэрацыі і ПЦ “Вясна” сустрэліся з Еўракамісарам па пытаннях пашырэння палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле. Падчас  40-хвіліннай размовы Штэфан Фюле перадаў шчырыя словы падтрымкі ўсім беларускім праваабаронцам, сябрам ПЦ “Вясна”, Алесю Бяляцкаму, якія ў неспрыяльных і складаных умовах працягваюць такую неабходную і важную працу па абароне правоў чалавека.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international