КДБ папоўніў сваю калекцыю камп'ютараў

2012 2012-01-24T11:21:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У палітолага Пікуліка сканфіскавалі не толькі ноўтбук, але і банкаўскія карткі.

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Вільня) Аляксей Пікулік мае намер падаць запыт у пракуратуру і Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК) наконт інцыдэнту, які адбыўся з ім на беларуска-літоўскай мяжы.

Як паведаміў Пікулік, пры перасячэнні мяжы 19 студзеня ў яго ўзніклі праблемы.

«У чацвер вечарам я вяртаўся ў Беларусь з Літвы на аўтамабілі праз пункт пропуску «Каменны Лог» па «зялёным калідоры», — сказаў палітолаг. — Без тлумачэння прычын супрацоўнікі беларускай мытні прымусілі мяне пераставіць машыну з «зялёнага» ў «чырвоны» калідор і запоўніць дэкларацыю. Пасля агляду машыны, у ходзе якога ніякіх забароненых да перамяшчэння рэчаў знойдзена не было, мяне павялі да начальніка змены на асабісты надгляд. Трэба сказаць, асабісты надгляд з’яўляецца выключнай формай мытнага кантролю і праводзіцца толькі пры дастатковых падставах меркаваць, што надглядаемы ўтойвае пры сабе і добраахвотна не выдае штосьці забароненае да перамяшчэння».

Паводле слоў Пікуліка, якія ў гэтым выпадку былі «дастатковыя падставы», здаецца, не ведаў не толькі ён, але і супрацоўнікі мытні, якія «паводзілі сябе вельмі карэктна». «Склалася ўражанне, што ў іх было заданне знайсці штосьці вельмі крамольнае і вельмі забароненае, але што менавіта шукаць, яны не мелі ўяўлення», — пракаментаваў прадстаўнік BISS.

«Начальнік змены з кімсьці пастаянна сазвоньваўся.

Ужо дзесьці за межамі Ашмянскай мытні было прынята кампраміснае рашэнне — канфіскаваць у мяне банкаўскія карткі і асабісты камп’ютар, а самога мяне «зразумець, дараваць і адпусціць». У выніку, прыбыўшы ў пункт пропуску гадзін у дзевяць вечара, я паехаў у Мінск толькі ў тры раніцы», — сказаў Пікулік.

Пікулік падкрэсліў, што не хоча «рабіць з мухі слана» і рабіць з сябе «чарговую ахвяру самавольства рэжыму».

«Да высвятлення сапраўдных прычын я не хацеў бы рабіць ніякіх публічных заяў аб магчымым падтэксце гэтага інцыдэнту», — заявіў акадэмічны дырэктар інстытута.

«Усё, што мы робім у BISS, мы робім адкрыта і публічна. Усё ёсць на сайце і ў СМІ, у нас няма ніякіх сакрэтаў, — дадаў ён. — Больш за тое, мы без праблем уключаем усіх зацікаўленых асоб у публічную рассылку нашага інстытута. Калі нам прышлюць адрасы электроннай пошты супрацоўнікаў спецслужбаў, якім цікава чытаць нашы матэрыялы, то яны будуць у рассылцы ў той жа дзень. Мы адкрытая арганізацыя, і мы заўсёды будзем заставацца над схваткай».

Пікулік не разумее, навошта ў яго канфіскавалі асабісты камп’ютар і банкаўскія пластыкавыя карткі.

«Шукаць інфармацыю, якая можа прычыніць шкоду здароўю і маралі грамадзян Беларусі? А навошта канфіскоўваць пластыкавыя карткі, якія з’яўляюцца ўласнасцю банкаў, якія іх эмітавалі?

Скарыстаць іх па прызначэнні не ўдасца, а калі меркаваць, што пад слоем фарбы на картцы прадрапаны заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, — гэта смешна і недарэчна», — сказаў дырэктар BISS.

Разам з тым ён адзначыў: «Фармальна пакуль усе дзеянні ў дачыненні да мяне, нягледзячы на ўсю іх нелагічнасць і невытлумачальнасць, умоўна з’яўляюцца законнымі, і падстаў для сур’ёзных скаргаў на гэтым этапе ў мяне няма."

Палітолаг разлічвае атрымаць канфіскаваную ў яго на мытні маёмасць на працягу найбліжэйшых трыццаці дзён.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства