Бабруйск: На Алену Тоўсцік ціснуць з аддзела адукацыі і пазбаўляюць жылля
Алена Тоўсцік, асуджаная за запаленыя свечкі на Дзяды, распавяла бабруйскім праваабаронцам пра псіхалагічны ціск, які аказвае на яе мясцовы аддзел адукацыі.
-Кожны дзень мне трэплюць нервы сваімі праверкамі і тэлефанаваннямі, -прызналася маладая маці. – Маю сям’ю нібыта прызналі небяспечнай, бо я маю адміністратыўнае парушэнне, муж невядома дзе знаходзіцца. Але канкрэтнай прычыны недаверу да мяне як да маці я ад супрацоўнікаў аддзела адукацыі так і не пачула. Прасіла паказаць паперы з пастановамі -- іх не прыносяць, толькі нейкія ксеракопіі запрашэнняў на размову.
Апошнія паўгады у Алены Тоўсцік вельмі часта хварэе яе маленькая дачка, даводзіцца пастаянна ляжаць у бальніцах. Зараз дзіця знаходзіцца ў рэанімацыі з цяжкай формай ларынгіта. Але нават у гэты час увага да маладой сям’і з боку аддзела адукацыі не слабее. Алена расказвае, што на днях забегла з бальніцы на паўгадзіны дахаты, узяць неабходнае. І нават тады да яе падыйшла прыбіральшчыца і паведаміла, што зноў прыходзілі, зноў цікавіліся.
-Бывае, у маці пажыву пару дзён з дачушкай, і мне ўжо тэлефануюць з пытаннем “чаму дома не была?!” Няўжо я сапраўды павінна перад імі ва ўсім справаздачыцца, - здзіўляецца Алена Тоўсцік. – Я ў іх пытаю, калі вы так клапоціцеся пра маю дачку, чаму тады не заступіліся за нас у судзе, калі нас пазбавілі жытла?
Праблемы з інтэрнатам пачаліся ў сям’і Тоўсцікаў пасля арышта на Дзяды. Першае судовае паседжанне па высяленні адбылося 15 снежня мінулага года, другое – 9 студзеня бягучага года.
– Зараз ужо дакладна вядома, што мы павінны пакінуць інтэрнат у красавіку. Па афіцыйнай прычыне я не магу там жыць, бо не працую на прадпрыемстве, якому належыць будынак. Я зараз у дэкрэтным адпуску, іншае жыллё нам не прапануюць -- кажуць няма. Уся гэтая сітуацыя з хваробай дачкі, пераследам аддзела адукацыі і жытлом вельмі цяжкая, - з сумам кажа Алена Тоўсцік.