Мінгарвыканкам забараніў больш за 60 пікетаў у падтрымку Алеся Бяляцкага

2012 2012-01-18T13:07:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialacki_poster.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У якасці пратэсту на арышт Алеся Бяляцкага ў верасні 2011 года праваабаронцы абвясцілі бестэрміновую акцыю “Ні дня без заяўкі ў абарону Бяляцкага!”, арганізаваную выпускнікамі “Адукацыйнага курсу па правах чалавека”.

За гэты час у Мінгарвыканкам было пададзена больш за 60 заявак на правядзенне мірных сходаў: удзельнікі планавалі правесці пікеты ў людных месцах па ўсім Менску.

Мэтай пікетаў было выказванне пратэсту супраць арышту вядомага ў свеце праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

“Нягледзячы на тое, што заяўкі былі аформлены ў адпаведнасці з Законам “Аб масавых мерапрыемствах”, а колькасць удзельнікаў не перавышала 5-ці, а часам і 2-ух чалавек, усе пікеты былі забароненыя. Праваабаронцы атрымалі практычна ідэнтычныя адмовы, якія з'яўляюцца фармальнымі адпіскамі. Прычыны забароны стандартныя: запланавана іншае масавае мерапрыемства, нельга ўстанавіць канкрэтнае месца правядзення масавага мерапрыемства, пікетаванне будзе ствараць перашкоды руху пешаходаў і транспартных сродкаў і да т.п. Такія адмовы супярэчаць не толькі міжнародным дамовам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, але і ўласна Закону “Аб масавых мерапрыемствах” і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, - каментуе ініцыятар пікетаў Сяргей Усцінаў.

У далейшым 14 з атрыманых адмоваў на правядзенне пікетаў былі абскарджаны ў суд Маскоўскага раёна г. Мінска. 12 студзеня скаргі былі разгледжаны суддзёй Рудніцкай А.Б. у адкрытым судовым паседжанні, 13 студзеня ў задавальненні скаргаў было адмоўлена.

“На жаль, судовае разбіральніцтва сталася толькі фармальнасцю: пры вынясенні рашэння суддзя ўлічыла толькі аргументы прадстаўнікоў адказчыка, праігнараваўшы міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь і Закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Цікавым апынуўся той факт, што прадстаўнік Мінгарвыканкама Уральскі ў судзе тлумачыў гэты Закон як яму ўздумаецца. А менавіта: законам не забаронена праводзіць масавае мерапрыемства ў падземных пераходах і салонах аўтобуса, а толькі на адлегласці менш за 200 метраў ад падземных пераходаў і менш за 50 метраў ад прыпынкаў грамадскага транспарту. Тым не менш, прадстаўнік адказчыка пераконваў суд у тым, што і непасрэдна ў падземным пераходзе і ў салоне аўтобуса Законам забаронена правядзенне масавых мерапрыемстваў. На маё пытанне аб тым, ці звяртаўся ён у кампетэнтныя органы за растлумачэннем гэтай нормы закона, я атрымаў адмоўны адказ. Тым не менш, суд стаў на бок забароны мірнага сходу”, - распавядае праваабаронца.

На думку Сяргея Усцінава, дадзены факт яшчэ раз даказвае адсутнасць у Беларусі справядлівага судовага разбіральніцтва і відавочную забарону на мірныя сходы з мэтай выказвання альтэрнатыўнага ўладам меркавання.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international