viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: "Асуджэньне Аляксандра Шалайкі, Цімафея Дранчука, Эніры Браніцкай і Міколы Астрэйкі носіць выключна палітычны характар".

2006 2006-08-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мне ўжо неаднаразова даводзілася пісаць артыкулы на тэму забесьпячэньня права грамадзянаў Беларусі на свабоду асацыяцыяў. Шмат ужо казалася пра новы Закон "Аб грамадзкіх абяднаньнях", пра ініцыянаваную ўладамі кампанію па масавай ліквідацыі найбольш актыўных грамадзкіх абяднаньняў. Аднак, з 1 студзеня 2006 году сітуацыя ў краіне кардынальна зьмянілася. Я маю на ўвазе прынятыя Палатай прадстаўнікоў, з падачы КГБ, зьмены ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. У дзеючы Крымінальны кодэкс былі ўключаныя, сярод іншых зьменаў, два новых склады злачынства, два новых артыкулы 193 і 193.1. Вось і першыя крымінальныя працэсы доўга не прымусілі сабе чакаць. Найбольш гучная з гэтых справаў, гэта справа актывістаў ініцыятывы "Партнэрства". Чатырох маладых людзей, большасьць зь якіх я ведаю асабіста, былі абвінавачаныя ў зьдзяйсьненьні "злачынства" дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Усе чацвёра былі прызнаныя вінаватымі ў зьдзяйсьненьні інкрымінаваных дзеяньняў і прыгавораны да розных тэрмінаў пазбаўленьня волі.
Дык што гэта за артыкулы, чаму яны былі прынятыя і ці адпавядаюць яны нормам міжнароднага права і Канстытуцыі краіны? Менавіта на гэтыя пытаньні я і паспрабую даць адказ.

Пачнем непасрэдна з саміх артыкулаў.
Артыкул 193 КК (арганізацыя альбо кіраванье грамадскім абяднаньнем, релігійнай арганізацыяй, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў):
арганізацыя альбо кіраваньне палітычнай партыяй, іншым грамадзкім абяднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй, дзейнасьць якіх спалучана з гвалтам над грамадзянамі, ці з прычыненьнем ім цялесных пашкоджаньняў, ці з іншымі пасягальніцтвамі на правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзянаў, ці з перашкодамі ў выкананьні грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадзкіх, сямейных абавязкаў,-
наказваецца арыштам тэрмінам да шасьці месяцаў ці пазбаўленьнем волі тэрмінам да двух год;

Тыя ж дзеяньні, зьвязаныя з арганізацыяй ці кіраваньнем палітычнай партыяй, іншым грамадскім абяднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі,-

наказваюцца арыштам тэрмінам да шасьці месяцаў ці пазбаўленьнем волі тэрмінам да трох гадоў;

Артыкул 193.1 КК (незаконныя арганізацыя дзейнасьці грамадскага абяднаньня, релігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасьці):

Арганізацыя дзейнасьці альбо ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага абяднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, у адносінах якіх маецца рашэньне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб іх ліквідацыі ці прыпыненьня іх дзейнасьці, якое ўступіла ў законную сілу, а роўна арганізацыя альбо ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага абяднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі,-
наказваюцца штрафам, ці арыштам тэрмінам да двух месяцаў, ці пазбаўленьнем волі тэрмінам да двух гадоў;

Пры гэтым пад удзелам у дзейнасьці пералічаных вышэй абяднаньняў крымінальны кодэкс разумее дзеяньні, ськіраваныя на дасягненьне мэтаў дадзеных абяднаньняў, у тым ліку вызначаных у іх статутных і іншых дакумэнтах.
Асоба, якая добраахвотна спыніла дзеяньні, прадугледжаныя дадзеным артыкулам, і заявіла аб гэтым дзяржаўным органам, вызваляецца ад крымінальнай адказансьці, калі ў яе дзеяньнях няма складу іншага злачынства.

Што тычыцца артыкулу 193 дык гэта тое, што першая ягоная частка дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасьці кіраўнікоў і ўдзельнікаў зарэгістраваных палітычных партыяў, рэлігійных і грамадскіх абяднаньняў, калі будзе даказана, што іхняя дзейнасьць зьвязана з прычыненьнем гвалту над грамадзянамі, ці з прычыненьнем ім цялесных пашкоджаньняў, ці зь іншымі пасягальніцтвамі на правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзянаў, ці з перашкодамі ў выкананьні грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадзкіх, сямейных абавязкаў. Трэба адзначыць, што у дзеючым крымінальным заканадаўстве дастаткова складаў злачынстваў, якія прадугледжваюць адказнасьць за прычыненьне шкоды асобе, здароўю грамадзянаў, грамадскаму парадку і бясьпецы, укладу сямейных адносінаў і інтарэсам непаўнагадовых, канстытуцыйным правам і абвязкам грамадзяніна. Гэтых артыкулаў, на маю думку, цалкам дастаткова каб пры неабходнасьці прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці асобу ці групу асобаў за парушэньне і пасягальніцтвы імі на правы і інтарэсы грамадзянаў. Увогуле з артыкулу не вынікае, на якія іншыя правы павінны пасягаць дзейнасьць арганізацыі. Трэба разумець, што гэтае пытаньне будзе разглядацца органамі сьледства і судамі ў кожным канкрэтным выпадку. Я дапускаю, што грамадзтва павінна ставіць заслону і бараніць сабе ад дзейнасьці рознага кшталту дэструктыўных, таталітарных сектаў, арганізацыяў, якія прапагандуюць гвалт над асобай.
Аднак у нашай сытуацыі дзеяньне гэтага артыкулу скіравана выключна супраць апанэнтаў інснуючага рэжыму А. Лукашэнкі. Улады ў прынцыпе гэтага і не адмаўляюць. Узгадайце шматлікія інтэрвю шэфа КГБ Сьцяпана Сухарэнкі на гэты конт. Вынікі судовых працэсаў супраць актывістаў "Партнэрства", Маладога фрону  таму яскравае падцьверджаньне.
Поўнае ўяўленьне пра сапраўдныя мэты гэтых новаўвядзеньняў ў Крымінальны кодэкс дае артыкул 193.1. Гэта артыкул прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў, проста па факце, без наяўнасьці нейкіх шкодных наступстваў ад такой дзейнасьці. Прычым пад дзейнасьцю разумеецца дасягненьне пастаўленых мэтаў абяднаньня, у тым ліку ўказаных у статутных і іншых дакументах. На практыцы гэта можа выглядаць наступным чынам: нейкая арганізацыя была ліквідаваная па рашэньні суда за неаднаразовае парушэньне заканадаўства (якое магло выражацца ў парушэньні справаводства ці няправільным памеры пячаткі, як у нас гэта часта і здараецца) і працягвае сваю дзейнасьць пасьля пазбаўленьня афіцыйнай рэгістрацыі. Паводле статуту гэтай арганізацыі мэтамі дзейнасьці зяўляецца прапаганда ідэяў правоў чалавека, пабудова дэмакратыі ў Беларусі, разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці і г.д. Паводле КК дзейнасьць гэтай арганізацыі незаконна, а яе арганізатараў і ўдзельнікаў можна саджаць на два гады. Менавіта па гэтым артыкуле і былі асуджаныя актывісты грамадзянскай ініцыятывы "Партнэрства". У крымінальным кодэксе нічога ня сказана наконт таго, мэты такіх абяднаньняў павінны супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ці Закону "Аб грамадскіх абяднаньнях", а вынікамі такой дзейнасьці павінна быць прычыненьне шкоды інатрэсам і правам грамадзянаў (ч.2 арт. 193 КК). Падставай для крымінальнага перасьледу той ці іншай асобы зяўляецца адна фармальная прыкмета  адсутнасьць дзяржаўнай рэгістрацыі абяднаньня, кіраўніком ці сябрам, якой ён зьяўлеяцца. А як быць з такімі нефармальнымі абяднаньнямі грамадзянаў як фан-клюбы, ці клюбы фелатэлістаў ці дваравымі і бацькоўскімі школьнымі камітэтамі? Яны ж таксама ня маюць рэгістрацыі, а пастаўленыя мэты выконваюць?
Увогуле, калі казаць пра адпаведнасьць дадзеных артыкулаў міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, хочацца працытаваць арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН і ўступіў у сілу 23 сакавіка 1976г. Дадзены Пакт ратыфікаваны ў тым ліку і нашай краінай, якая кожныя пяць годоў павінна даваць справаздачу ААН аб ягоным выкананьні.
Дык вось арт. 22 Пакта гаворыць, што кожны чалавек мае права на свабоду асацяцыяў зь іншымі, разам з правам ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх для абароны сваіх інтарэсаў.
Карыстаньне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаваньням, акрамя тых, якія прадугледжаныя законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадзтве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамазскай бяспекі ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.

Заўважце, абмежаваньне ў карыстаньні гэтым правам дапускаецца толькі ў выпадках, усталяваных законам, і неабходных у дэмакратычным грамадзтве. Але што гэта за дапусьцімыя абмежаваньні, неабходныя ў дэмакратычных краінах? Пакт дае адказ і на гэтае пытаньне. Артыкул 20 Пакта гаворыць, што павінна быць забароненая ўсялякая прапаганда вайны, усялякі выступ на карысьць нацыянальнай, расавай, ці рэлігійнай нянавісьці, якая прадстаўляе сабой падбухторваньне да дыскрымінацыі, варожасьці ці гвалту.

Дзейнасьць менавіта такіх абяднаньняў павінна быць забаронена законамі ў дэмакратычных краінах. Такія абмежаваньні зьяўляюцца неабходнымі і дапусьцімымі.

Рэспубліка Беларусь, якая ратыфікавала і ўзяла на сабе абавязкі па выкананьні палажэньняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з арт. 8 Канстытуцыі прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забясьпечвае адпаведнасьць ім заканадаўства. Ці дакладней сказаць павінна была б забясьпечыць. На практыцы ж маем тое, што маем. Нягледзячы на тое, што арт. 36 Канстытуцыі гарантуе ўсім грамадзянам Беларусі права на свабоду абяднаньняў, Закон "Аб грамадзкіх абяднаньнях" прадугледжвае шэраг абмежаваньняў гэтага права, якія дастатковымі ў дэмакратычным грамадстве ніяк не назавеш. Так, новая рэдакцыя гэтага Закону, як і папярэднія, дэкляруе права на абяднаньне на прынцыпах добраахвотнасьці і самастойнасьці, дэкляруе неўмяшальніцтва ў іх дзейнасьць з боку дзяржаўных органаў.
Я ня буду пералічваць шматлікія абмежаваньні і перашкоды, якія прадугледжвае гэты Закон для функцыянаваньня і рэгістрацыі грамадскіх абяднаньняў. Я закрану толькі арт. 7 Закона  абмежаваньні пры ствраэньні і дзейнасьці грамадскіх абяднаньняў. Першая частка гэтага артыкулу забараняе стварэньне і дзейнасьць у Беларусі грамадзкіх абяднаньняў, саюзаў, якія маюць на мэце гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу альбо вядучых прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасьці. У дадзенай часцы ч.1 арт. 7 адпавядае і нормам Канстытуцыі і Міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А вось у другой часцы гэты артыкул забараняе дзейнасць на тэрыторыі Беларусі незарэгістраваных абяднаньняў. За што з 1 студзеня 2006 г. прадугледжваецца крымінальная адказанасьць. Вось так незарэгсітраваныя арганізацыі былі прыроўненыя да арганізацыяў вядучых прапаганду гвалту і вайны. Асабіста я лічу, што гэтае абмежаваньне, а тым больш крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных абяднаньняў груба парушае прынцыпы міжнароднага права і Канстытуцыю краіны. Дадзеныя артыкулы КК дазвалюць прыцягваць да адказнасьці і пазбаўляць свабоды людзей, ўся віна якіх у тым, што яны належаць да незарэгістраванай арганізацыі. Гэта недапушчальна для дэмакратычных краінаў. Але нашая краіна даўно ўжо не такая. Таму і зьяўляюцца ў крымінальным кодэксе выразна палітычныя артыкулы, а ў турмах  палітычныя вязьні. Заканадаўча можна замацаваць усё што заўгодна. Досьвед сусьветнай гісторыі, ў тым ліку і нашай, паказвае гэта. У фашыстоўскай Нямеччыне людзей палілі ў печах на "законных" падствах, на "законных" падставах садзілі ў турмы людзей, што жылі ў міжрасавых шлюбах у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ў часы апартэіду, на "законных" падставах тысячы людзей былі зьнішчаныя альбо асуджаныя на вялікія тэрміны за антысавецкую прапаганду ў СССР, на "законных" падставах знаходзяцца ў турмах сотні палітвязьняў у краінах Цэнтральнай Азіі ў нашыя часы, у тым ліку за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных абяднаньняў. Гісторыя паўтараецца.
Менавіта таму беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць дадзеныя арткулы крымінальнага кодэксу псэўдазаконнымі, палітычнаматываванымі, не адпавядаючымі міжнародным нормам у галіне правоў чалавека. Адпаведна і асуджэньне Аляксандра Шалайкі, Цімафея Дранчука, Эніры Браніцкай і Міколы Астрэйкі носіць выключна палітычны характар.
Усе гэта разумеюць і г. зв. дэпутаты, якія гэтыя законы прымаюць, і Сьцяпан Сухарэнка, і судзьдзі. Разумеюць і робяць сваю "працу", хто сьвядома, атрымліваючы маральнае задавальненьне ад зробленага, хто ад страху ці абыякавасьці і камфармізму. Але што рабіць нам, хто разумее і бачыць, як краіна скатваецца ў брудную, сьмярдзючую твань таталітарызму? Што рабіць тым, хто нязгодны? Я магу сказаць толькі адно. Супрацьстаяць. Кожны як можа, як умее&

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства