У Вільні зноў згадалі пра Плошчу

2012 2012-01-18T09:47:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

16 студзеня ў Беларускім Доме правоў чалавека супольна з Праваабарончым цэнтрам "Вясна" і Грамадзянскай кампаніяй "Наш Дом" прайшла прэзентацыя кнігі, дзіцячай размалёўкі, паштоўкі і відэа кліпа, прысвечаных удзельнікам Плошчы-2010 – мірнай акцыі пратэсту супраць парушэнняў падчас выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што прайшла ў Беларусі 19 снежня 2010 года.
У першай частцы прэзентацыі ў Доме правоў чалавека была прадстаўлена кніга беларускага журналіста Аляксандра Тамковіча “Супраць плыні”, выдадзеная пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра “Вясна”.  У кнізе Аляксандра Тамковіча апісаныя 18 жыццевых гісторый беларусаў, якія былі пазбаўленыя волі пасля акцыі пратэсту 19 снежня. Сваю 19-ую гісторыю ўсім прысутным на прэзентацыі распавяла журналістка Наталля Радзіна:
- Раней я толькі пісала пра палітвязняў, але потым я і сама стала палітвязнем. І тады я зразумела, што самае страшнае для палітвязня – гэта тое, што на цябе забудуцца.
Як адзначыў Аляксандр Тамковіч,большая частка з тых людзей, чые гісторы трапілі кнігу, не былі вядомыя да падзеяў Плошчы-2010. Героі кнігі – удзельнікі Плошчы-2010, асуджаныя па крымінальных абвінавачаннях, частка якіх да гэтага часу знаходзіцца за кратамі, частка – ужо на волі.Сярод героеў кнігі і паэт Уладзімір Някляеў, прафесар Анатоль Паўлаў, палітык Мікалай Статкевіч, якія паспелі адсвяткаваць сур’ёзныя юбілеі, і зусім юныя Фёдар Мірзаянаў і Мікіта Ліхавід, і загартаваныя ў жорсткіх ідэйных баях Анатоль Лябедзька і Павел Севярынец. Іх усіх аб’яднала вера ў справядлівасць, любоў да Бацькаўшчыны, гатоўнасць змагацца за праўду і будучыню.
Адзін з самых маладых героеў кнігі Мікіта Ліхавід зазначыў, што за кратамі ён зразумеў: Беларусь – адна вялікая турма.
"Беларусь – гэта турма, паверце мне, я яе бачыў. Турма – гэта невялікае грамадства, дзе камусьці дастаецца ўсе, а камусьці – нічога, дзе людзі гатовыя па галовах ісці да ўлады. Тое самае і ў Беларусі, гэта адна вялікая калонія," - заявіў Ліхавід.

У другой частцы прэзентацыі былі прадстаўленыя паштоўка, дзіцячая кніжка-размалёўка "Мой тата – міліцыянт. Што ён робіць на працы"  і відэакліп, прысвечаныя 13 жанчынам, пацярпелым ад падзей 19 снежня 2010 года, якія апынуліся ў адной камеры ў выніку разгону мірнай дэманстрацыі. У гэтых матэр’ялах былі закранутыя пытанні жаночай салідарнасці, а таксама спецыфічна “жаночых” праблемаў у турме і абыходжання міліцыянтаў-мужчынаў з затрыманымі жанчынамі. Кіраўнік Грамадзянскай Кампаніі “Наш Дом” Вольга Карач распавяла пра кампанію “Асцярожна, міліцыя”, матэр’ялы з якой былі прадстаўленыя на прэзентацыі:
- У мужчыны, які працуе ў міліцыі, ёсць два жыцці: першае – там, дзе ён клапатлівы бацька і сем’янін, другое – на працы, дзе ен дазваляе сабе збіццё жанчын і сэксуальныя пагрозы. І мы хочам распавесці пра гэта другое жыццё так, як гэта бачаць ахвяры гвалту з боку міліцыі.  
***
19 снежня 2010 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, якія суправаджаліся шматлікімі парушэннямі унутранага выбарчага заканадаўства і не адпавядалі міжнародным стандартам. Увечары дзесяткі тысяч людзей сабраліся на дэманстрацыю для мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Дэманстрацыя была жорстка разагнаная, і больш за 700 чалавек, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты,былі збітыя, арыштаваныя ці аштрафаваныя. У гэты дзень пачалася беспрэцэдэнтная хваля палітычна матываваных рэпрэсіяў у Беларусі, што выявіліся ў масавых ператрусах, канфіскацыях абсталявання, пераследзе і доўгіх тэрмінах турэмнага зняволення для тых, хто асмеліўся выказаць свой пратэст.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international