Навучэнцы Беларускага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю заклікаюць кожнага грамадзяніна, якому не абыякавы лёс Беларусі, далучыцца да акцыяў у абарону Ліцэю.

2003 2003-06-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мы хочам праінфармаваць вас пра тое, што адбываецца цяпер у Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. 27 траўня міністр адукацыі П.Брыгадзін падпісаў загад аб прызначэньні на пасаду дырэктара ліцэю спн. Тамары Шчэрбачэвіч. Мы, ліцэісты, разам з нашымі настаўнікамі і бацькамі, лічым гэтае прызначэньне неабгрунтаваным.

Прычыны такога нашага стаўленьня да загаду міністра наступныя: па-першае, спн. Шчарбачэвіч не валодае беларускай мовай, чаго патрабуе Статут ліцэя, зацьверджаны Міністэрствам адукацыі, а значыць, зьяўляецца прафэсійна непрыдатнай да працы ў ліцэі; па-другое, новапрызначаная дырэктарка, нягледзячы на шматлікія запрашэньні, ні разу не зьявілася ні на бацькоўскія, ні на вучнёўскія сходы, чым выказала сваю непавагу да нас. На сустрэчах з настаўніцкім калектывам спн. Шчэрбачэвіч паказала сваё поўнае няведаньне асаблівасьцяў нашага ліцэя, мелі месца і прамыя пагрозы выкладчыкам, многія зь якіх зьяўляюцца выдатнікамі адукацыі, высока дасьведчанымі спэцыялістамі ў сваіх прадметах. Большасьць іх ужо выказала сваё меркаваньне: калі спн. Шчэрбачэвіч застаецца на пасадзе, яны напішуць заявы пра добраахвотны сыход. Такім чынам, выдатны пэдагагічны калектыў, які фарміраваўся на працягу 13 гадоў, будзе зьнішчаны, а гэтага мы не можам дапусьціць. Супраць прызначэньня спн. Шчэрбачэвіч адзінагалосна выступілі і бацькі, і выкладчыкі.

Дагэтуль ліцэй фактычна ўзначальваў сп. Уладзімер Колас, адзін з яго заснавальнікаў. Пашырэньне вядомасьці нашай навучальнай установы, стварэньне унікальнай добразычлівай атмасфэры супрацоўніцтва паміж выкладчыкамі й вучнямі - у многім яго заслуга. Але Міністэрства адукацыі адмовілася разглядаць кандыдатуру сп. Коласа, нават не патлумачыўшы прычыны. Дапусцім, што ён дрэнна працаваў на сваёй пасадзе. Чым жа тады можна патлумачыць тое, што ліцэісты стабільна займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, а працэнт тых, хто паступае ў ВНУ, амаль роўны колькасьці выпускнікоў. Мала верыцца ў тое, што спн. Шчэрбачэвіч, ня маючы нават сваіх мэтадычных распрацовак, зможа аб'ектыўна ацэньваць працу сп. Баршчэўскага, які свабодна размаўляе на шасьці мовах, зьяўляецца вядомым у Беларусі і за яе межамі перакладчыкам, прафэсара лінгвістычнага унівэрсытэту сп. Шатона, які валодае 32 мовамі, некаторыя зь якіх і выкладае нам, сп. Васіля Сёмухі, які пераклаў Біблію на беларускую мову... (сьпіс можна працягваць).

За час свайго існаваньня ліцэй стаў унікальнай навучальнай установай, вядомай як ў Беларусі, так і за яе межамі. Ён стаў вядомым асяродкам беларушчыны, адукацыйным цэнтрам, які стабільна "выпускае" разумных і выхаваных людзей. Прызначэньне рускамоўнай спн. Шчэрбачэвіч, кампэтэтнтасць якой, па зьвестках з папярэдніх месцаў яе працы, выклікае вялікія сумневы, дае нам падставы лічыць гэткія крокі чыноўнікаў спробай - і ўжо не першай - зьнішчыць беларускі ліцэй..

Будучыню ліцэя навучэнцы бачаць толькі пад кіраўніцтвам У.Коласа, пра што адзінагалосна выказаліся на вучнёўскім сходзе 29 траўня 2003 г.

Просім кожнага грамадзяніна, якому не абыякавы лёс Беларусі, далучыцца да акцыяў у абарону Беларускага Ліцэю.

Зьнішчэньне Беларускага Ліцэю - знішчэньне беларускамоўнай адукацыі!

Абаронім Беларускі Ліцэй ад сваволі чыноўнікаў разам!

Навучэнцы НДГЛ імя Якуба Коласа

Радыя запрасіць Вас 18 чэрвеня ў будынак ліцэю на вялікі ўрачысты канцэрт. Імпрэза будзе складацца зь некалькіх частак: прэзэнтацыі дыска, адкрыцьцё выставы суполкі мастакоў “Пагоня” і ўзнагароджаньне лепшых чальцоў школьнага самакіраваньня.

На імпрэзу запрошаныя чыноўнікі, як сказаў У.Колас, каб прадэманстраваць ім узровень нашай творчасьці і паказаць, што мы ёсьць. Таксама шэраг амбасадараў і вядомых людзей. Разам з выставаю у падтрымку ліцэю навучэнцы прадэманструюць вынікі сваёй гадавой творчай працы, каля 300 фотаздымкаў, архіўныя відэаматэрыялы, віртуальную вандроўку па ліцэю і шмат іншага. Наклад сувэнірнага дыска – 100 асобнікаў.

Чакаем усіх жадаючых 18 чэрвеня а 17 гадзіне па вул. Кірава, 21. Уваход вольны!

Запрашаем журналістаў!

Гэта, магчыма, апошняя імпрэза ліцэю. Дыск падвядзе вынікі 13-гадовага жыцьця й барацьбы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international