viasna on patreon

Летні адпачынак дэмакратычнай моладзі спрабуюць сарваць

2006 2006-08-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На Меншчыне пад пагрозай зрыву знаходзіцца летні адпачынак дэмакратычнай моладзі. Тут адбыліся ператрусы й затрыманьні актывістаў.
Каля трох дзясяткаў моладзевых актывістаў вырашылі супольна адпачыць на Меншчыне. Месцам адпачынку выбралі прыгожае лясное возера, што на памежжы Смалявіцкага й Чэрвеньскага раёнаў. 2 жніўня яны заснавалі тут намётавы лягер. Аднак неўзабаве да іх, як паведаміў Радыё Свабода моладзевы актывіст з Жодзіна Сяржук Гудзілін, зьявіліся "няпрошаныя" госьці:
- Быў дагляд рэчаў. Гэта рабіла міліцыя. Але допыты праводзілі і відэаздымкі як бы спэцслужбы. Яны нам патлумачылі, што ў тым раёне як бы адбылося забойства разам са згвалчваньнем нейкай маладой асобы. І на падставе гэтага яны як бы шукалі ці то зброю, ці то рабаўнікоў-гвалтаўнікоў. 20 чалавек абшукалі, і ў каго быў нататнік, тэчкі з канспэктамі, дапаможнікамі, то ўсё гэта забралі. Яны ўзялі яшчэ эколяга пра запас, які патлумачыў, што нашы намёты знаходзяцца бліжэй 50 мэтраў ад вады, як патрэбна па інструкцыі. Асноўнае, што цікавіла ворганы, гэта швэды. Яны жадалі іх знайсьці.
Як патлумачыў Сяржук Гудзілін, да іх у госьці для сумеснага адпачынку прыехалі грамадзяне Швэцыі  прадстаўнікі хрысьціянска-дэмакратычнай моладзі гэтай краіны.
4 жніўня удзельнікі моладзевага адпачынку Павел Красоўскі з Жодзіна і актывіст Іван Шыла з Салігорску былі дастаўлены ў Чэрвень, дзе іх працягвалі дапытваць пра месцазнаходжаньне іншаземцаў. Расказвае Іван Шыла:
- Іх спужала, што прыедуць іншаземцы  швэды. Чым мы будзем там займацца? Я патлумачыў начальніку чэрвеньскай міліцыі, што мы будзем час разам праводзіць са швэдзкай моладзьдзю. Але ён гэтага ўвогуле не хацеў разумець: "Як гэта беларуская і швэдзкая моладзь будуць разам праводзіць час?!"
Пракамэнтаваць гэтыя допыты ў Чэрвеньскім РАУС адмовіліся. Як зазначыў дзяжурны міліцыянт, на гэты момант у іх няма затрыманых актывістаў. Паводле Івана Шылы, 4 жніўня ён і Красоўскі былі адпушчаныя, аднак намётавы лягер вырашана было згарнуць. Як паведаміў Сяржук Гудзілін, сёньня яны зьмянілі месца дыслякацыі, пакінулі лес і перабраліся ў адно з бліжэйшых паселішчаў:
- Сёньня мы ўжо не на тым месцы. Усё як бы ідзе сваім ладам, але частка людзей не вытрымала дрэннага надворя, пераходаў-пераездаў. Чалавекі тры-чатыры зьехала.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства