Суд не задаволіў скаргу гомельскіх праваабаронцаў на адмову ў правядзенні пікету

2012 2012-01-12T17:24:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_zala.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 студзеня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Шыцікаў пакінуў без задавальнення скаргу гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Анатоля Паплаўнага на рашэнне гарвыканкама аб забароне пікету. Масавае мерапрыемства грамадзяне планавалі правесці на плошчы Паўстання Гомеля 10 снежня, да Міжнароднага дня правоў чалавека.

Праваабаронцы не пагадзіліся з адмовай і накіравалі скаргу ў суд. У скарзе заяўнікі адзначылі, што лічаць рашэнне гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах не адпавядаючым артыкулам 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А адмову ў правядзенні пікету праваабаронцы палічылі неправамернай і абмяжоўваючай права на свабоду выказвання свайго меркавання і свабоду правядзення масавых сходаў.

«Адмову ў правядзенні мірнага сходу нельга разглядаць у якасці мер, неабходных у дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах грамадскага парадку ці абароны правоў і свабоды іншых асобаў. Лічым, што ўсталяванне дадатковых абавязкаў на грамадзян па заключэнні платных дамоваў з гарадскімі службамі не толькі ставіць пад сумненне, але і недапушчальна абмяжоўваюць права кожнага на правядзенне мірных сходаў», - падкрэслілі ў заяве Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны.

Яны прасілі суд прызнаць рашэнне гарвыканкама аб забароне на правядзенне пікету неправамерным, а таксама паставіць пытанне аб прызнанні рашэння гарвыканкама неканстытуцыйным, супярэчачым артыкулам 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Прадстаўніца гарвыканкама на судзе патлумачыла, што ў пікеце было адмоўлена на той падставе, што заяўнікі не заключылі дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і камунальнымі службамі, як таго патрабуе рашэнне гарвыканкама.

Праваабаронцы заўважылі, што не заключалі дамовы, таму што, па-першае, дадзенае рашэнне – аб масавых мерапрыемствах, не адпавядае Канстытуцыі. Па-другое, хуткая дапамога і міліцыя адмовіліся заключыць з заяўнікамі дамовы. Хуткая дапамога спаслалася на адсутнасць «свабодных» аўтамабіляў, а міліцыя на тое, што яны не ведаюць, як заключаць такія дамовы.

«Такія рашэнні нішчаць сутнасць права, а само рашэнне гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах – абсурднае. Напрыклад, грамадзяне карыстаюцца грамадскім транспартам. Але ніхто не прымушае іх заключыць дамовы на іх ахову ў грамадскім транспарце, і на уборку тралейбуса ці аўтобуса пасля паездкі. Мы, грамадзяне, плацім падаткі, у тым ліку і на дадзеныя паслугі», - прывёў прыклад Леанід Судаленка.

Яго калега Анатоль Паплаўны звярнуў увагу суддзі, што рашэнне аб масавых мерапрыемствах не адпавядае міжнародным дамовам, якія падпісала Рэспубліка Беларусь. «Калі б два чалавекі пастаялі дзве гадзіны на плошчы Паўстання з плакатам, гэта абсалютна не парушыла б правоў іншых грамадзян», - упэўнены Анатоль Паплаўны.

Суддзя прыняў рашэнне – пакінуць скаргу без задавальнення. Прычым суддзя Сяргей Шыцікаў прымае такія рашэнні ўжо не першы год, калі апазіцыянеры ці праваабаронцы дамагаюцца правесці мітынгі ці пікеты, а гарвыканкам ім адмаўляе ў гэтым.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international