Эўракамісія прапануе адмяніць гандлёвыя прэфэрэнцыі для Беларусі

2006 2006-08-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Эўрапейскі камісарыят у гандлі, які зьяўляецца часткай Эўрапейскай Камісіі, мае намер прапанаваць Радзе Эўразьвязу адмяніць прэфэрэнцыі ў гандлі краінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю. Адпаведны ліст камісар па зьнешнім гандлі Эўракамісіі Пэтэр Мандэльсон накіраваў лідэрам трох буйных Міжнародных прафсаюзных цэнтраў -- Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, Эўрапейскай канфэдэрацыі прафсаюзаў, Усясьветнай канфэдэрацыі працы. Эканамічныя санкцыі зьвязаны з парушэньнем правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі й могуць быць уведзены з 2007 году.
У сваім лісьце Пэтэр Мандэльсон заяўляе, што падзяляе меркаваньне міжнароднай супольнасьці пра пагаршэньне становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі й лічыць, што Эўразьвяз мусіць неадкладна прыняць сваё рашэньне. Такая заява сьведчыць, што гэтая працэдура будзе неўзабаве завершана – кажа лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:
- Гэта больш чым рэальна. Але ніякай радасьці няма з такое нагоды. Бо вунь якую бяду беларускі ўрад нясе ў хату кожнага грамадзяніна краіны. Але відочна, што ўрэшце рэшт за ўсё даводзіцца трымаць адказ. Цяпер гэта зьвязана з парушэньнем правоў прафсаюзаў. Але настане час, калі й за ўсё астатняе давядзецца адказваць.
Працэдура адкліканьня гандлёвых прэфэрэнцыяў распачалася яшчэ ў 2003 годзе, калі міжнародныя прафцэнтры заявілі пра сыстэматычнае парушэньне правоў прафсаюзаў у Беларусі. Працягам стаўся 2004 год, калі ў Менску працавала адмысловая камісія Міжнароднай арганізацыі працы. Тады экспэрты выявілі парушэньні міжнародных нормаў з боку ўладаў паводле 12 параграфаў.
Ураду Беларусі было прапанавана выправіць такое становішча да красавіка 2006 году, аднак гэтага зроблена не было. Таму адказнасьць за адмену льгот у гандлі з Эўразьвязам цалкам ляжа на плечы ўраду Беларусі – перакананы прадстаўнік Міжнароднага Кангрэсу незалежных прафсаюзаў у краінах Усходняй Эўропы Вадзім Барысаў:
- У выпадку зь Беларусьсю парушаюцца правы, запісаныя ў Канвэнцыях №87 і №98 Міжнароднай арганізацыі працы. Гэтыя Канвэнцыі Беларусь ратыфікавала, і ў гэтым выпадку ўрад Беларусі не выконвае абавязкаў, якія на сябе ўзяў. Калі браць ХХІ стагодзьдзе, то гэта першы выпадак. І сумна, канечне, што Беларусь адкрывае гэты чорны сьпіс.
Раней эканамічныя санкцыі за парушэньне міжнародных нормаў у галіне правоў прафсаюзаў Эўразьвяз ужываў да М’янмы (Бірмы) – краіны ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Як можа паўплываць на эканамічнае становішча адмена гандлёвых ільгот для Беларусі, разважае эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук:
- Мэханізмы забароны існуюць вельмі розныя: альбо праз мытныя зборы, альбо квоты ці абмежаваньне асартымэнту тавараў. І, акрамя чыста манэтарных праблем, якія, з розных ацэнак, выяўляюцца праз амаль 300 мільёнаў даляраў, мы яшчэ панясём страты іміджавыя. І за тое, што робіць кіраўніцтва палітычнае, будуць мець пакуту прадпрыемствы й працоўны люд. Зазнае нястачу й бюджэт нашай краіны.
У выпадку адмены гандлёвых прэфэрэнцыяў рашэньне Эўразьвязу па Беларусі набудзе сілу ад 2007 году.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international