“Вясна” патрабуе неадкладнага вызвалення Сяргея Каваленкі

2012 2012-01-11T16:50:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць палітычны пераслед актывіста партыі КХП-БНФ Сяргея Каваленкі

Менск, 11 студзеня 2012 г.

19 снежня 2011 г. у г. Віцебску ў сувязі з узбуджэннем крымінальнай справы паводле арт. 415 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі) быў затрыманы і ўзяты пад варту ў СІЗА актывіст партыі КХП-БНФ Сяргей Каваленка. На дадзены момант ён утрымліваецца ў адзіночнай камеры СІЗА г. Віцебска і 23-ці дзень трымае галадоўку пратэста. Яго жыццю і здароўю пагражае сур’ёзная небяспека.

Нагадаем, што 14 траўня 2010 г. суд Кастрычнікага раёна г. Віцебска асудзіў Сяргея Каваленку да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Крымінальны пераслед актывіста пачаўся пасля таго, як 7 студзеня 2010г.  ён на вачах у соцень мінакоў вывесіў на 40-метровай вышыні бел-чырвона-белы сцяг, здолеўшы залезці па зборнай металічнай канструкцыі на самую верхавіну галоўнай навагодняй ёлкі ў Віцебску. Сяргей Каваленка абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 339 КК (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 363 (супраціў работніку праваахоўных органаў пры выкананні ім службовых абавязкаў).

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыў і лічыць, што публічная дэманстрацыя і вывешванне Каваленкам нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга ні ў якім выпадку не можа кваліфікавацца як хуліганскія дзеянні, паколькі яны  не носяць характару асаблівага цынізму і яўнай непавагі да грамадства і не мелі гэтага на мэце.

Дзеянні Каваленкі з’яўляюцца грамадска-палітычнай акцыяй, здейсненай у дадзенай форме, і не былі скіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку ці праяву непавагі да грамадства.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае паўторнае прыцягненне Сяргея Каваленкі да крымінальнай адказнасці за нібыта ўіхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі як працяг палітычных рэпрэсій у дачыненні да яго і спробу далейшай ізаляцыі актывіста апазіцыйнай партыі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Сяргея Каваленку, спыніць крымінальную справу і забяспечыць яму належную і неадкладную медыцынскую дапамогу.

Праваабрончы цэнтр “Вясна” нагадвае прадстаўнікам адміністрацыі СІЗА, кіраўніцтву МУС Беларусі, што адказнасць за жыццё і здароўе Сяргея Каваленкі цалкам кладзецца на іх.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international