Палітвязень Аліневіч: Начальнік СІЗА КДБ прапаноўваў працаваць на іх хакерам

2012 2012-01-11T09:13:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У лісце з турмы да сястры Ігар Аліневіч апісаў здзекі за кратамі.
«…Пасля Плошчы пачаўся масавы прэс. У СІЗА нагналі карнікаў у масках. Пастаянна раўлі, рэгулярныя шмоны. Гэта душыла волю.
Пасля Новага года збілі тройчы за непадпарадкаванне зневажальным загадам. Ініцыятарам гэтай «творчасці» стаў начальнік СІЗА КДБ Арлоў, — мяркуе палітвязень Аліневіч.
— Забралі ТБ. Пасля вярнулі, але круцілі перадачы пра ўсялякую містыку, чачэнцаў, жыдамасонскую змову і іншае. Гэта моцна ціснула на псіхіку, але глядзець — абавязкова.
Адвакатаў не пускалі да канца следства. Бліжэй да лютага [2011] пачалося ўзмацненне жорсткасці. Прымушалі голым стаяць на падлозе, без мэты прысядаць, некаторых клалі проста тварам.
Але самае жорсткае — бег з рэчамі і матрацам па калідорах і лесвіцах. Я ў выніку плюнуў і адмовіўся: вырашыў «ускрыцца», каб паехаць у бальнічку. Але начальнік «прахаваў» усё, бо ў іх у камерах відэаназіранне і [сочаць] псіхолагі, якія рэгулююць узровень ціску на чалавека. У выніку самыя жорсткія катаванні знялі, а да сакавіка і зусім адмянілі.
Але ўсё перажыў нармальна. Час бавіў за чытаннем энцыклапедыі па псіхалогіі, навучаннем маляванню па дапаможніку, гульнямі ў шахматы і даміно, фізухай.
Яшчэ зімой я ведаў, чым усё скончыцца, і нават змірыўся. На судзе больш быў рады магчымасці ўбачыць бацькоў, сяброў і, канечне, сваіх таварышаў, якія духам не палі. А таксама паглядзець у вочы тым баязліўцам і здраднікам, якія мяне сюды пасадзілі.
Калі з’язджаў на Валадарку, начальнік СІЗА прыйшоў у камеру. Гаварыў пра несправядлівы прысуд і прапаноўваў застацца ў іх на прывілеяваных умовах хакерам працаваць.
Абяцалі ноўтбук. Пасля, калі адмовіўся, прапаноўвалі ў персанал абслугі пайсці. Танныя метады.
…Ты ведаеш, уся гэтая сітуацыя з пратэстамі, арыштамі, палітзэкамі і падобнае дабротна ўплывае на соцыум.
Людзі пачалі знаёміцца ў ізалятарах, падчас пратэстаў, пры абмеркаванні акцыі і пры салідарнасці з палітвязнямі.
Летнія пратэсты з’явіліся з самога народу — апазіцыя да іх не мае дачынення. Лета — толькі рэпетыцыя. Больш буйныя падзеі наперадзе.
Самае галоўнае, каб ты не думала, што я тут пакутую. Зразумей, у мяне сумленне чыстае.
Змагаўся за праўду смела, трымаў адказ прыстойна. Мяне любяць і паважаюць. Так што на душы лёгка і радасна, а асабісты досвед і карысныя знаёмствы ўзбагаціліся, напэўна. Засталося прайсці толькі выпрабаванне часам. Яно адкіне ўсё лішняе і непатрэбнае, і я выйду зусім цэласным чалавекам».
* * *
Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў арганізацыі шэрагу акцый у 2009—2010: антымілітарысцкага шэсця пад Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла», падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка», нападзе на пасольства Расіі ў Мінску, нападзе на ізалятар на Акрэсціна. Вінаватым сябе не прызнаў. Да арышту працаваў камп'ютарнікам. Напісаць яму можна на адрас: 211440 Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК № 10.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international