Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў скардзіцца на суддзю і супрацоўнікаў праваахоўных органаў

2012 2012-01-04T18:18:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў спрабуе абскардзіць адміністрацыйнае пакараньне, якое ён атрымаў пасьля 19 сьнежня.

Пра намер судзіцца з прадстаўнікамі ўладаў заяўляюць і іншыя арыштаваныя ў гадавіну Плошчы.

Мікалай Казлоў накіраваў у пракуратуру скаргу на міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі 19 сьнежня. Паводле былога міліцыянта, гэта было на вуліцы Энгельса, але ў пратаколе супрацоўнікі Маскоўскага РАУС напісалі, што затрыманьне адбывалася нібыта непадалёк ад Чырвонага касьцёла, дзе ў той дзень людзі ўсталёўвалі сьвечкі на гадавіну Плошчы. Таксама Мікалай Казлоў паскардзіўся на судзьдзю Маскоўскага суду Алену Чарняк, якая пакарала яго 5 суткамі адміністрацыйнага арышту:

«У першай заяве я пэўна прашу прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці гэтых двух міліцыянтаў, якія, як я лічу, падчас службы сфальсыфікавалі рапарт. Мяркую, гэта злачынства крымінальнае. А на суд скарджуся таму, што ён прыняў неправамернае рашэньне. Бо я лічу, што было дастаткова магчымасьцяў высьветліць праўду на працэсе».

20 сьнежня на працэсе над Мікалаем Казловым суд па ягоным хадайніцтве запатрабаваў дадзеныя кампаніі мабільнай сувязі адносна месцазнаходжаньня тэлефона Казлова. З гэтых дадзеных вынікала, што за некалькі хвілін да затрыманьня былы міліцыянт знаходзіўся каля Кастрычніцкай плошчы, між тым у пратаколе затрыманьня было пазначана, што яго затрымалі на вуліцы Савецкай. Аднак судзьдзя Алена Чарняк паверыла паказаньням міліцыянтаў з Маскоўскага РАУС. Мікалай Казлоў кажа, што будзе настойваць на разглядзе сваіх скаргаў і ня мае намеру адступаць, нават калі іх не задаволіць суд першай інстанцыі.

Днямі стала вядома, што яшчэ адзін арыштант 19 сьнежня, 18-гадовы жыхар Маладэчна Павал Сяргей адлічаны зь мясцовага палітэхнічнага ліцэю за пропускі заняткаў. 4 сьнежня Павал Сяргей выехаў у Менск, каб забраць зь міліцыі рэчы і дакумэнты, якія ў яго адабралі напярэдадні 10-суткавага арышту. Маці хлопца Сьвятлана непакоіцца за лёс сына, які недавучыўся і цяпер не атрымае нават атэстат аб сярэдняй адукацыі:

«Заставалася паўгода. Прасіла, умаляла…Скончыў бы і потым ваяваў за свабоду, за справядлівасьць. Канечне, я разумею, што ён нічога незаконнага не рабіў, проста прыйшоў да касьцёла, але што цяпер? Там у ліцэі на гэта ж не паглядзелі».

Адлічаны зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі і былы палітвязень Уладзімер Яроменак, які пасьля 19 сьнежня быў пакараны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту і ў ізалятары трымаў галадоўку.

Праваабаронцы «Вясны» кажуць, што ў выпадку звароту ў суд акажуць адлічаным усю неабходную прававую дапамогу. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч нагадвае, што Беларусь ратыфікавала шэраг міжнародных пагадненьняў, паводле якіх абмяжоўваць права грамадзян на сходы магчыма толькі ў выпадку нацыянальнай пагрозы ці пагрозы грамадзкай бясьпецы:

«Людзі, якія 19 сьнежня стаялі са зьнічкамі каля касьцёла, ніякім чынам не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай бясьпецы, ці грамадзкаму парадку, ці здароўю грамадзянаў, ці маральнасьці. Таму іх затрыманьні, а тым больш адміністрацыйнае пакараньне, былі цалкам незаконныя. Гэта яўныя парушэньні іх правоў».

У ізалятары на Акрэсьціна працягвае адбываць адміністрацыйны арышт актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў, якога выклікалі 30 сьнежня ў міліцыю на размову і асудзілі на 7 сутак нібыта за лаянку. За кратамі Павал Вінаградаў трымае галадоўку. Жонка актывіста Сьвятлана распавяла:

«Мне сёньня пазваніў Яроменак, які зь ім сядзеў і ўчора выйшаў. Перадаў на словах, што ў яго ўсё збольшага нармальна, настрой добры, працягвае галадоўку. Папрасіў перадаць вады і соку».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international