viasna on patreon

Справу збітай міліцыянтамі пенсіянеркі-“хуліганкі” Менгарсуд накіраваў на новы разгляд

2011 2011-12-27T17:24:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyja2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка Менску Святлана Вяргейчык у адказ на сваю скаргу атрымала з Менскага гарадскога суда пастанову ад 13 снежня 2011 года, якой суддзя Карноў адмяніў рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Менска ад 2 верасня, а адміністратыўную справу накіраваў на новы разгляд да іншага суддзі.

Нагадаем, што суддзя Кастрычніцкага суда Мітраховіч 2 верасня 2011 года на падставе артыкула 17.1 КаАП аштрафаваў Святлану Дзмітрыеўну на 700 тысяч рублёў. Пенсіянерку прызналі вінаватай у тым, што яна “6 ліпеня 2011 года ў 19:45, знаходзячыся ў грамадскім месце па адрасе г.Менск, вул.Чкалава, 7, нецэнзурна лаялася, крычэла, размахвала рукамі, на неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі не рэагавала, чым парушыла грамадскі парадак, то бок здзейсніла адміністратыўнае правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 17.1 КаАП”.

Разгледзеўшы скаргу Святланы Вяргейчык у Менгарсуд на пастанову Кастрычніцкага райсуда, суддзя Карноў палічыў, што “ўказаная пастанова падлягае адмене, а справу трэба накіраваць на новы разгляд да іншага суддзі”. Спасылаючыся на нормы ПВКаАП, ён пастанавіў, што рашэнне райсуда па справе спн. Вяргейчык нельга прызнаць законным і абгрунтаваным, паколькі суд разглядаў справу ў  адсутнасць абвінавачваемай, чым суддзя Мітраховіч пазбавіў яе магчымасці даць тлумачэнні па справе, тым больш што ў тлумачэннях, зафіксаваных падчас складання пратаколу, Святлана Дзмітрыеўна сваёй віны не прызнала.

На думку юрыста Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянціна Стэфановіча, які рыхтаваў скаргі, нават калі суд Кастрычніцкага раёна фармальна будзе разглядаць гэту справу паўторна, ён абавязаны будзе спыніць яе па прычыне таго, што прадугледжаныя заканадаўствам тэрміны ўжо скончыліся.

“Паводле Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, пры новым разглядзе справы спагнанне можа быць накладзенае не пазней за месяц ад моманту адмены пастановы і пры гэтым – не пазней за тры месяцы ад моманту здзяйснення правапарушэння, - тлумачыць сваю выснову юрыст. - Хаця, канешне, суд можа справу разгледзець і высветліць, наколькі законна было накладзена спагнанне. Аднак мяркую, што наўрад ці яны будуць гэта рабіць. Паколькі тэрміны скончыліся, то будзе пастанова пра спыненне справы ў звязку з гэтым”.

Па гэтым інцыдэнце юрыст “Вясны” таксама рыхтаваў скаргу ў пракуратуру Кастрычніцкага раёна з нагоды выкарыстання падчас затрымання фізічнай сілы ў дачыненні да жанчыны з боку супрацоўнікаў міліцыі.

“Пракуратура, праўда, адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да спн. Вяргейчык. Тым не менш, прадпісанне было выпісана начальніку кастрычніцкага РАУСу за невыкананне патрабаванняў ПВКаАП і невыкананне закона “Аб органах унутраных справаў”, - тлумачыць Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца лічыць, што Святлане Вяргейчык варта надалей дамагацца прыцягнення да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі:  

“Пачнем з таго, што падставаў для затрымання ў міліцыянтаў у прынцыпе не было. Ніякіх дзеянняў, якія б пацягнулі за сабой адміністратыўную ці нейкую іншую адказнасць, спн. Вяргейчык не здзяйсняла. Гэта, дарэчы, бачна і ў пастанове пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы – там паказанні міліцыянтаў адрозніваюцца ад таго, што яны пісалі ў пратаколах, там яны ўжо не кажуць, што Вяргейчык нецэнзурна лаялася. А напачатку яны абвінавачвалі яе менавіта ў гэтым”.

У такім выпадку наступная скарга павінна быць накіраваная ў Пракуратуру горада Менска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства