Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне Беларуссю права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі

2011 2011-12-27T13:26:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/aan-logo.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 снежня кіраўніцтва “Цэнтра стратэгічнай цяжбы” атрымала адказ з Камітэта ААН па правах чалавека на зварот жыхаркі Гомеля Марысі Тульжанковай. Маладзёвая актывістка скардзілася ў Камітэт па правах чалавека ААН на парушэнне яе правоў з боку дзяржавы, а менавіта на парушэнне права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. Справа датычылася падзей 14 сакавіка 2008 года, калі пасля канцэрту гурту «N.R.M.» у Гомельскім грамадска-культурным цэнтры дзяўчына распаўсюджвала віншавальныя паштоўкі з Днём Волі і запрашэнні на святкаванне памятнай даты ў Мінску 25 сакавіка, за што была затрыманая невядомымі ў цывільным. Марысю Тульжанкову даставілі спачатку ў міліцыю, а потым – у ІЧУ, дзе яна правяла двое сутак да суду. Суд жа прызнаў яе вінаватай у парушэнні Закону аб масавых мерапрыемствах і пакараў штрафам у памеры 350 тысяч рублёў (на той момант – 162 даляры). Скаргі ў абласны і Вярхоўны суд не прынеслі плёну. “Цэнтр стратэгічнай цяжбы” дапамог падрыхтаваць зварот ад імя Марысі Тульжанковай у Камітэт па правах чалавека ААН.

«Камітэт ААН прыйшоў да высновы, што правы Марысі Тульжанковай, прадугледжаныя артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, былі парушаныя дзяржавай. І беларускі ўрад павінен забяспечыць дзяўчыне эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы пакрыццё штрафу, судовыя выдаткі, а таксама кампенсацыю за нанесеную шкоду. Дзяржава павінна прыняць меры, накіраваныя на тое, каб у будучым правы грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі не парушаліся», - пракаментаваў адказ з Камітэту кіраўнік “Цэнтру стратэгічнай цяжбы” Леанід Судаленка.

ЯгоНЫ калега Васіль Палякоў звярнуў увагу, што ўпершыню Камітэт па правах чалавека ААН у сваім рашэнні адзначыў, што ўлады павінны апублікаваць дадзенае рашэнне не толькі на рускай, але і на беларускай мове. «Раней пытанне пра мову не згадвалася ў рашэннях Камітэту. Больш таго, сябры Камітэту выказалі ў рашэнні асабістыя меркаванні. Напрыклад, пра тое, што дзяржава, на іх думку, парушыла не толькі артыкул 19 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, але і артыкул 2 дадзенага Пакту. Гаворка ідзе пра тое, што наша заканадаўства, а менавіта артыкул 8 Закону аб масавых мерапрыемствах, не адпавядае міжнародным прававым нормам. І дзяржава павінна змяніць закон, які парушае правы грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. Калі нагадаць, што наша дзяржава не толькі не змяняе гэты закон аб масавых мерапрыемствах, а наадварот – зрабіла яго больш жорсткім пасля апошніх паправак, то рашэнне Камітэту ААН выглядае ў дадзеным выпадку вельмі актуальным», - дадаў Васіль Палякоў.

Марыся Тульжанкова адзначае, што для яе такое рашэнне на зварот было нечаканым, усцешыла і дало надзею, што можна дабіцца прызнання парушэння правоў грамадзяніна з боку дзяржавы. Разам з тым, вядома, што наша дзяржава не выконвае рашэнняў Камітэту і наўрад ці можна спадзявацца на атрыманне кампенсацыі ці забеспячэнне эфектыўных сродкаў прававой абароны.

“Цэнтр стратэгічнай цяжбы” (Гомель) за апошнія гады падрыхтаваў у Камітэт ААН больш за 50 зваротаў ад грамадзян, і 32 з іх ужо зарэгістраваныя; шэсць скаргаў за пяць гадоў былі задаволеныя Камітэтам па правах чалавека ААН.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international