Радыё Свабода працягвае расказваць пра сем'і палітвязьняў. На гэты раз карэспандэнт наведаў сям'ю Цімафея Дранчука

2006 2006-07-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цімафея Дранчука дома чакаюць жонка Вольга з трохмесячным сынам Платонам, бацькі і сястра. Актывіст незарэгістраванай арганізацыі "Партнерства" Цімафей Дранчук ад 21 лютага знаходзіцца за кратамі ў сьледчым ізалятары КДБ. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі й замаху на правы грамадзянаў паводле часткі 2 артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу. Суд над актывістамі "Партнерства" прызначылі на 28 ліпеня. Судовы працэс будзе закрытым.
Жонка Цімафея Дранчука Вольга Анцыповіч  карэспандэнтка "Комсомольской правды" в Белоруссии", пазнаёмілася са сваім будучым мужам дзякуючы працы.
- Мы знаёмыя з Цімафеем з 1997 года, - кажа Вольга. - Гэта быў яшчэ "Малады фронт", але пачаткам нашых адносінаў мы лічым 10 сьнежня 2002 года, калі была акцыя ў абарону правоў чалавека. Цімафей у гэтай акцыі ўдзельнічаў, а я пра гэту акцыю пісала. І як у жыцьці атрымліваецца: зараз Цімафея судзяць за тое, што ён быў у незарэгістраванай арганізацыі, якая быццам бы пасягала на гэтыя самыя правы чалавека...
Вольга зазначае, што ведала, калі знаёміліся, што спакойна ёй зь Цімафеем ня будзе. "Але калі ў нас адносіны склаліся, значыць, мне і ня трэба, каб было спакойна з чалавекам, мне патрэбна, каб быў такі чалавек. А па-другое, я разумела, чым Цімафей займаецца, чым гэта можа пагражаць у нашай краіне. Але заўсёды здаецца, што гэта здарыцца не з табой. Я ніколі не магла ўявіць, што буду цяжарная на апошнім месяцы, а прыйдуць людзі, якія забяруць Цімафея, я ня буду яго бачыць вось ужо 5 месяцаў&"
Цімафея Дранчука арыштавалі 21 лютага, калі ён раніцай выйшаў з кватэры купіць кветкі для жонкі Вольгі, у якой быў дзень нараджэньня. Да крамы з кветкамі ён не дайшоў&
- Гэта быў апошні месяц маёй цяжарнасьці, і ў такім стане жанчына павінна думаць толькі пра будучае дзіця, пра тое, што набыць, дзе што паставіць... Я ж вымушаная была думаць, як перадаць перадачу, даведацца, як пісаць туды лісты, чаму лісты ад Цімафея не даходзяць, і замест таго, каб у Інтэрнэце чытаць сайты для маладых бацькоў і замаўляць на будучыню памперсы, я чытала, хто што сказаў пра "Партнерства", у чым іх чарговым разам абвінавацілі, і было вельмі страшна& Мы зь Цімафеем вельмі шмат марылі: сын народзіцца, мы разам будзем дома, як гэта будзе адбывацца. А калі яго забралі, я зразумела, што нічога гэтага ня будзе.
На 44-ы дзень пасьля арышту Цімафея нарадзіўся сын Платон, якога бацька яшчэ не трымаў на руках. Толькі на 20-ы дзень пасьля ягонага нараджэньня бацька ўбачыў сына на фотаздымках.
- Зразумела, што стала лягчэй і мне, і Цімафею, - кажа Вольга. - Нават у лістах, якія ён пісаў да нараджэньня сына, у кожным радку было шалёнае хваляваньне за тое, як Платон народзіцца. Як бы я ні старалася трымаць сябе ў руках, стрэс быў проста жудасны. І Цімафей увесь час спадзяваўся, што яго выпусьцяць да таго, як Платон павінен нарадзіцца, ён мяне падтрымае, і ўсё будзе добра. Пакуль Платон не нарадзіўся, я пісала Цімафею лісты кожны дзень, а тое і двойчы на дзень. Зразумела, такое я сабе дазволіць ужо не магу. І Ціма нават пажартаваў, што Платон адабраў у мяне ўвесь час, які нават належыць яму.
Пасьля нараджэньня сына Вольга Анцыповіч зь немаўляткам пераехала да бацькоў, якія дапамагаюць. Дапамагаюць і сапраўдныя сябры мужа.
- Банальна так казаць, але я насамрэч даведалася, хто ёсьць хто, - упэщненая Вольга. - Было некалькі людзей, у якіх я была ўпэўненая на ўсе 100%, што менавіта яны прыйдуць у першы дзень. Іх няма дагэтуль. А так, канечне, дапамога адчуваецца вельмі вялікая. У першую чаргу, гэта мае бацькі. І сябры Цімафея, якія дапамагаюць не толькі тэлефанаваньнямі, а вельмі канкрэтнымі рэчамі: падвезьці, адвесьці куды трэба.
Дапамагаюць сваякі Цімафея. Бацька, вядомы эколаг Валер Дранчук зьвяртаецца ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, апублікаваў у "Народнай Волі" лісты Цімафея з няволі. Сястра Юлія ўзяла на сябе зносіны з адвакатамі:
- Спачатку было проста цяжка. Потым было страшна. Потым было прыкра. Потым пачалася такая стадыя невядомасьці, якая цяжка перажываецца наагул... Натуральна, калі нарадзіўся ўнук, бацькам стала і больш цяжка, і больш лёгка. Бацька проста памаладзеў на 10 год. Мама, калі яна з унукам, значна лягчэй пераносіць. Ён сьмяецца, яе пазнае, яны размаўляюць пра сваё. У гэтым плане унук дапамог бацькам перажываць. Але з іншага боку, калі мы ўсе прыяжджалі ў раддом, было вельмі цяжка. Я ведаю, наколькі гэта важна для Цімафея, каб усё было правільна. Бацька праз адваката запытаўся ў Цімы, якія кветкі менавіта ад яго купіць для Вольгі, і мы паспрабавалі хоць нейкім чынам ягоную прысутнасьць абазначыць.
Безумоўна, вельмі крыўдна, што бацька ня бачыць, як ягоны першанец пачаў усьміхацца, вымаўляць першыя склады, кажа Вольга Анцыповіч:
- Нават калі Цімафей прыйдзе, пачуцьцяў мы дабярэм, але вось гэтыя пачуцьці нам ужо ніхто ня верне, і гэтыя эмоцыі таксама. І таго пазбавілі, што па праву належыць Платону. Ну а наконт таго, што адпомсьціць  адпомсьціць ня хочацца. Зямля круглая, і ўсё да ўсіх вяртаецца. Тут ёсьць і нешта невыпадковае: калі затрымалі і Астрэйку. і Шалайку, і Цімафея, у іх ва ўсіх аказаліся цяжарныя жонкі. Я спадзяюся, што людзі, якія іх затрымлівалі, якія іх будуць судзіць  ім недзе ў глыбіні душы няёмка, што яны робяць. Бо ў народзе заўжды казалі, што цяжарную жанчыну нельга крыўдзіць. Я думаю, нашы дзеці вырастуць вельмі добрымі людзі. Наш сын увесь час, колькі ён будзе жыць, будзе ведаць і памятаць, што калі ён нарадзіўся, яго бацька ня мог падарыць мне кветкі, ён ня мог напісаць мне запіску ў радзільны дом. І я думаю, што нават калі гэты рэжым ня зьменіцца, і калі гэты рэжым будзе яшчэ і тады, калі Платон будзе дарослым, то гэты рэжым нажыў сабе апанента 100% проста па нараджэньні.
Некалькі дзён таму Вольга Анцыповіч мела апошняе перад судом спатканьне зь Цімафеем.
Вельмі добра выглядае, што мяне нават уразіла, - зьдзіўляецца Вольга. - А трымаецца... Ведаеце, казаць, што ў турме чалавек трымаецца вельмі добра& нармальны чалавек ня можа вельмі добра сябе адчуваць у такіх умовах. Але ні разу я ад яго не чула: "як мне дрэнна". Ён вельмі бадзёра на ўсё глядзіць, адзінае, кажа, што вельмі цяжка чакаць вось гэтыя апошнія дні, якія сталі цягнуцца ўдвая даўжэй. Усе кажуць, што трэба ісьці пасьля абвяшчэньня прысуду і чакаць, таму што калі будзе яшчэ пакараньне, нам па закону абавязаныя прадаставіць спатканьне. Ну, а калі выпускаюць, то хацелася б пайсьці з Платонам, каб ён адразу ж убачыў у першыя хвіліны сына. Я вельмі веру і спадзяюся, што ўсё гэта скончыцца ў судзе і Цімафея выпусьцяць&

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international