Улады рыхтуюцца зачыніць Беларускі Хельсінкскі Камітэт?

2011 2011-12-21T12:42:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міністэрства па падатках і зборах просіць ініцыяваць працэс ліквідацыі РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”. З такім паведамленнем падаткавікі звярнуліся ў Міністэрства юстыцыі, пра што ў Мін’юсце паведамілі старшыні БХК Алегу Гулаку.
Згодна з законам, пры наяўнасці двух папярэджанняў, якія былі вынесеныя грамадскаму аб’яднанню на працягу года, Мін’юст мае права падаць у суд патрабаванне аб прыпыненні дзейнасці або ліквідацыі арганізацыі. Нагадаем, што 6 чэрвеня 2011 г. Міністэрства юстыцыі вынесла ўжо другое сёлета пісьмовае папярэджанне Беларускаму Хельсінкскаму Камітэту. Падставай для папярэджання сталі «парушэнні падаткавага заканадаўства, якія носяць працяглы характар». Абскарджанне гэтага папярэджання ў судовым парадку не прынесла праваабаронцам станоўчых вынікаў.

На думку афіцыйных асобаў, БХК павінны заплаціць у бюджэт звыш Br 240 млн. падаткаў і штрафных санкцыяў па выкарыстаных у 2002-2003 гг. грантах Еўракамісіі, якія згодна з мiжнароднымі дамовамі Рэспублiкi Беларусь прадстаўляліся ў безпадаткавым рэжыме. У рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі ад Еўракамісіі фінансаваліся больш за 30 грамадскіх аб'яднанняў, аднак падатковыя плацяжы былі налічаныя толькі ў дачыненні да 2 арганізацыяў.

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Маскоўскім раёне г. Мінска пацвердзіла мэтавае выкарыстанне атрыманых сродкаў. Разам з тым, Інспекцыя аднесла грантавыя сродкі да даходаў ад пазарэалізацыйнай дзейнасці і налічыла суму да выплаты.

БХК палічыў рашэнне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах незаконным, абскардзіў яго ў судовым парадку. Нацыянальныя суды ўсіх інстанцыяў пастанавілі, што праваабаронцы нічога не павінныя кампенсаваць у бюджэт. Аднак напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г., маніторынг якіх ажыццяўляў БХК, рашэнні гаспадарчых судоў былі перагледжаныя Прэзідыумам Вышэйшага Гаспадарчага Суда. Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах апісала і канфіскавала маёмасць, якая належыць БХК, на суму Br 255 000 руб. Рахункі арганізацыі арыштавалі.

Разам з тым, у 2006 г. Дэпартамент фінансавых расследванняў Камітэта дзяржкантролю спыніў у сувязі з адсутнасцю падзеі злачынства крымінальную справу, узбуджаную за ўхіленне ад выплаты падаткаў у дачыненні да службовых асобаў БХК.

Нагадаем, што сёння Беларускі Хельсінкскі Камітэт – апошняя зарэгістраваная ў Беларусі праваабарончая арганізацыя рэспубліканскага ўзроўню. БХК ажыццяўляе маніторынг усіх выбарчых кампаніяў, рыхтуе экспертныя заключэнні па найбольш рэзанансных справах, аказвае прававую падтрымку грамадзянам у 11 гарадах краіны.

У цяперашні час БХК вядзе перапіску з Мін’юстам па апісаным вышэй пытанні.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international