viasna on patreon

Сёння - Дзень памяці Андрэя Сахарава

2011 2011-12-14T15:54:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saharov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Сахараў

Андрэй Сахараў

Андрэй Сахараў пайшоў з жыцця 22 гады таму, 14 снежня 1989 года. Ён пахаваны на Востракоўскіх могілках у Маскве.

Вядомы фізік, адзін са стваральнікаў савецкай вадароднай бомбы, самы малады на той час акадэмік (у АН СССР ён быў абраны ў 32 гады), у канцы 1960-х гадоў ён з'яўляўся адным з лідэраў праваабарончага руху ў Савецкім Саюзе.

З канца 1950-х гадоў Андрэй Сахараў актыўна выступаў за спыненне выпрабаванняў ядзернай зброі і зрабіў унёсак у заключэнне Маскоўскай Дамовы пра забарону выпрабаванняў у трох асяроддзях. «Мы занадта мала ведаем пра законы гісторыі, будучыня непрадказальная, а мы - не богі. Мы, кожны з нас, у кожнай справе, і ў "малой", і ў "вялікай", павінны зыходзіць з пэўных маральных крытэрыяў, а не абстрактнай арыфметыкі гісторыі. Маральныя ж крытэрыі катэгарычна дыктуюць нам - не забі!» Так навуковец Сахараў выказаў сваё стаўленне да пытання аб апраўданні магчымых ахвяраў ядзерных выпрабаванняў і - шырэй - наогул чалавечых ахвяраў у імя аптымальнай будучыні.

З канца 1960-х гадоў ён становіцца адным з лідэраў праваабарончага руху ў СССР.

Андрэй Сахараў адзначаў у сваёй знакамітай публікацыі "Роздум пра прагрэс, мірнае суіснаванне і інтэлектуальную свабодзеу", што яго жыццё склалася так, што спачатку ён сутыкнуўся з глабальнымі праблемамі, а потым ужо з больш канкрэтнымі, асабістымі, чалавечымі. І менавіта знаёмства з паўсядзённым жыццём людзей і турбота пра іх прымусіла Сахарава прысвяціць жыццё барацьбе за вырашэнне тых праблем, якія ён адкрыта апісваў у сваіх лістах да ўладаў. Ён заклікаў да рэформаў, якія спрыяюць захаванню правоў чалавека ў адпаведнасці з прынцыпамі Дэкларацыі правоў чалавека ААН.

Яго імкненне азнаёміць са сваёй прапановай шырокую грамадскасць паслужыла імпульсам для стварэння праваабарончай арганізацыі. Разам з калегамі і сябрамі Андрэем Цвердахлебавым і Валерам Чалідзэ яны заснавалі «Маскоўскі Камітэт правоў чалавека». Галоўнай мэтай Камітэта і была дзейнасць па ажыццяўленні прапанаваных ім рэформаў.

Дарэчы, пад мэтамі, якія ставілі перад сабою Сахараў і яго паплечнікі ў 1970 годзе, сёння можа падпісацца кожная праваабарончая арганізацыя Беларусі:
- ліквідацыя практыкі закрытых судовых працэсаў;
- прыняцце новага закона аб друку, які гарантуе доступ грамадскасці да ўсёй наяўнай інфармацыі;
- рэформа сістэмы месцаў зняволення;
- амністыя для палітычных зняволеных;
- адмена смяротнага пакарання;
- адкрыццё межаў і
- забарона на выкарыстанне псіхіятрычных установаў у палітычных мэтах.

І Андрэй Сахараў павінен быў адчуць немалое задавальненне, калі выказаныя ім ідэі пра неабходныя ўмовы міру і раззбраенне знайшлі водгук у фармулёўках Заключнага Акту Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Гэты вядомы як Хельсінкскі Акт дакумент 1 жніўня 1970 года ў сталіцы Фінляндыі падпісалі 35 дзяржаваў.

У праваабарончай дзейнасці Андрэя Сахарава быў цэлы шэраг вельмі адважных па тых часах дзеянняў і заяваў.

У 1960-х - пачатку 1970-х гадоў ён ездзіў на працэсы над дысідэнтамі. Дарэчы, падчас адной з такіх паездак у 1970 годзе ў Калузе ён і пазнаёміўся з Аленай Бонэр, з якой ажаніўся ў 1972 годзе. І ёсць меркаванне, што пераключэнне з навуковай працы на праваабарончую дзейнасць адбылося менавіта пад яе уплывам .

У 1974 годзе Сахараў сабраў у сябе на кватэры прэс-канферэнцыю, на якой паведаміў замежным журналістам пра Дзень палітвязняў у СССР.

У 1975 годзе ён напісаў кнігу «Пра краіну і свет». У тым жа годзе Сахараву была прысуджана Нобелеўская прэмія міру. А ў савецкіх газетах публікуюцца калектыўныя лісты дзеячоў навукі і культуры з асуджэннем палітычнай дзейнасці Сахарава.

У верасні 1977 году ён звярнуўся з лістом у арганізацыйны камітэт па праблеме смяротнага пакарання, у якім выступіў за адмену яе ў СССР і ва ўсім свеце.

У снежні 1979 года і студзені 1980 года выступіў з шэрагам заяваў супраць уводу савецкіх войскаў у Афганістан, якія былі надрукаваныя ў заходніх газетах.

22 студзеня 1980 года па дарозе на працу Андрэй Сахараў быў затрыманы і са сваёй другой жонкай Аленай Бонэр без суда сасланы ў горад Горкі. Тады ж, за антысавецкую дзейнасць улады пазбавілі яго звання тройчы Героя Сацыялістычнай Працы, звання лаўрэата Сталінскай і Ленінскай прэмій, а таксама ордэна Леніна. Членства ў Акадэміі Навук СССР яго не пазбавілі.

У канцы 70-х - пачатку 80-х гадоў у савецкім друку праводзілася кампанія супраць Сахарава. У энцыклапедыях, якія выходзілі з 1975 па 1986 год, артыкул пра Сахарава завяршалася фразай «У апошнія гады адышоў ад навуковай дзейнасці». А ў ліпені 1983 года чатыры акадэмікі падпісалі ліст з асуджэннем Андрэя Сахарава пад назвай «Калі губляюць гонар і сумленне».

На працягу ўсяго часу горкаўскай ссылкі Сахарава ў многіх краінах свету ішла кампанія ў яго абарону. Напрыклад, плошча ў пяці хвілінах хады ад Белага Дома, дзе знаходзілася савецкае пасольства ў Вашынгтоне, была пераназваная ў «Плошчу Сахарава». У розных сусветных сталіцах рэгулярна, пачынаючы з 1975 года, праводзіліся «Сахараўскія Слуханні». З горкаўскай ссылкі ён быў вызвалены з пачаткам перабудовы. У канцы 1986 года - пасля амаль сямігадовага заключэння - разам з Аленай Бонэр Сахараў вяртаецца ў Маскву.

У 1975 годзе Нобелеўскі Камітэт прысудзіў Андрэю Сахараву Прэмію міру - як аднаму і з выдатных змагароў за правы чалавека. Гаворачы словамі Камітэта, «велізарны ўнёсак Андрэя Сахарава ў справу міру складаецца ў тым, што ён у вельмі цяжкіх умовах, праз найвялікшае самаахвяраванне, самым дзейсным чынам змагаўся за сцвярджэнне тых каштоўнасцяў, якія абвяшчае сваёй мэтай Хельсінкскі Акт. Канчатковай мэтай барацьбы Сахарава за правы чалавека, за раззбраенне, за супрацоўніцтва паміж усімі краінамі і народамі з'яўляецца міжнародны мір». Пры ўручэнні прэміі Нобелеўскі камітэт выказаў глыбокае шкадаванне, што Андрэю Сахараву ўлады не дазволілі атрымаць гэтую прэмію асабіста.

А праз дзевяць гадоў, у 1984-ым, была ўручана першая прэмія ўжо імя самога Андрэя Сахарава.   

У 1980 годзе Нарвежскі Хельсінкскі камітэт заснаваў Прэмію свабоды імя Андрэя Сахарава - пры яго згодзе і падтрымцы. Мэта гэтай прэміі - дапамагчы тым людзям, якія за свае меркаванні, выказванні, веру або сумленне падвергліся пераследу або былі заключаныя пад варту.  

У 1988 годзе Еўрапейскі парламент заснаваў Прэмію "За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якая прысуджаецца штогод за "дасягненні ў справе абароны правоў чалавека і яго асноўных свабодаў, а таксама за павагу міжнароднага заканадаўства і развіццё дэмакратыі".

Гэтая ўзнагарода ўручаецца штогод за дасягненні ў такіх галінах, як абарона правоў чалавека і яго асноўных свабодаў; развіццё дэмакратыі і адстойванне вяршэнства закона; павага да міжнароднага заканадаўства і абарона правоў меншасцяў. Цырымонія ўручэння прэміі Сахарава адбываецца 14 снежня на сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу. Дарэчы, у 2011 годзе лаўрэатамі прэміі сталі пяць актывістаў «арабскай вясны».

З гонарам трэба адзначыць, што сярод лаўрэатаў Сахараўскіх прэміяў ёсць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Так, Прэмію свабоды імя Андрэя Сахарава Нарвежскага Хельсінкскага Камітэту ў 2006 годзе атрымаў кіраўнік Праваабарончага Цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі. Прэмію "За свабоду думкі" імя Сахарава, заснаваную Еўрапарламентам, у 2004 годзе атрымала "Беларуская асацыяцыя журналістаў" на чале з Жаннай Літвіной,  а ў 2006 годзе – палітык Аляксандр Мілінкевіч.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства