viasna on patreon

Працягваецца ціск на Мікалая Уласевіча

2011 2011-12-14T15:27:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikola_ulasevic.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 Ціск на грамадскага актывіста з Варнянаў Мікалая Уласевіча працягвае ўзмацняцца. На гэты раз невядомыя асобы распаўсюджваюць на тэрыторыі Ашмянскага і Астравецкага раёну ўлёткі-пасквілі, у якіх грамадскі актывіст усяляк паліваецца брудам. Улёткі надрукаваны пад загалоўкам “Наш дом” і звернутыя да жыхароў рэгіёну – такім чынам Уласевіча “прывязваюць” да вядомай грамадскай арганізацыі. Змест улёткі скляпаны прымітыўна і надзвычай абразліва – у ёй гаворыцца пра нібыта скрадзеныя Уласевічам грошы, пра яго ўяўныя афёры, сумленная дзейнасць актывіста расцэньваецца як “кляузничество и возможность получения хороших барышей”.

 Мікола Уласевіч у канцы лістапада з сардэчнымі праблемамі патрапіў у шпіталь. Так што суд, які па зыску мясцовага праўладнага прадпрымальніка Андрэя Дзятко, мусіў адбыцца 30 лістапада ў Ашмянскім раённым судзе, быў адкладзены. У пасквілі гаворыцца пра “успешного предпринимателя” і пра “зладзея” “дзядзю Колю”, які за кошт раённага бюджэту – грошай жыхароў – “адпачывае” ў шпіталі.

Рэгіянальныя праваабаронцы не маюць сумневу, што за брудным пасквілем стаяць дзяржаўныя структуры. Яны не чакаюць, што мясцовая міліцыя будзе імкнуцца знайсці выканаўцаў прымітыўнай палітычнай замовы.

 Нагадаем, што стартавай прычынай працэсу стала скарга Уласевіча, якую ён падаў яшчэ ў красавіку бягучага году на шматразовыя злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі старшыні Астравецкага райвыканкаму Адама Кавалько. Скарга была накіравана ў Генеральную пракуратуру і Савет Бяспекі пры прэзідэнце. Вынікам стала тое, што адзін з фігурантаў скаргі па фактах парушэння заканадаўства, індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Дзятко, які на думку Уласевіча неаднаразова атрымліваў прэферэнцыі ад галоўнага “вертыкальшчыка” раёну, падаў на грамадскага актывіста ў мясцовы суд. Справа мусіла разглядацца ў Астравецкім раённым судзе, але нечакана была перанесена ў Ашмянскі. Старшыня прадпрыемства “Дятко-Строй” падаў іск аб абароне свайго гонару і дзелавой рэпутацыі, у якім патрабуе спагнаць з Уласевіча 30 мільёнаў рублёў. Мікалай Уласевіч перакананы, што ў такой форме адбываецца палітычная замова па яго пераследзе за актыўную грамадскую дзейнасць у розных формах, найперш за актыўную кампанію супраць пабудовы АЭС пад мястэчкам Варняны Астравецкага раёну.   

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства