viasna on patreon

Аспіранта Аляксея Паўлоўскага адлічылі з Акадэміі навук за скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта?

2011 2011-12-13T17:02:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paplauski.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Магілёвец цягам двух месяцаў змагаўся за ложка-месца ў інтэрнаце, якое яму гарантаваў інстытут фізіалогіі Нацыянальнай Акадэміі навук, аднак замест вырашэння праблемы з пражываннем застаўся без статуса аспіранта.

Рашэнне аб адлічэнні з аспірантуры Аляксей Паўлоўскі атрымаў учора,12 снежня. Пасля таго, як яго не пусцілі на занятак па беларускай мове, ён вырашыў даведацца прычыну свайго нядопуску ў дырэктара інстытута фізіалогіі Іосіфа Залуцкага, які сказаў хлопцу каб той ішоў прэч з інстытута, бо яго ўжо адлічылі. Вечарам Аляксей атрымаў на рукі рашэнне аб сваім адлічэнні. У рашэнні бюро Прэзідыума Акадэміі навук аб адлічэнні аспіранта стаіць дата 5 снежня, акрамя таго, канкрэтнай прычыны з-за якой яго адлічылі няма.

“У рашэнні толькі спасылкі на нейкія пратаколы, выпіскі і г.д., аднак канкрэтнай прычыны, чаму мяне адлічылі няма. 6 снежня, з-за праблемы з рухам грамадскага транспарта, я на паўгадзіны спазніўся на заняткі, за што атрымаў вымову – думаў, што гэта магло стаць нагодай для адлічэння, аднак, калі ўбачыў, што рашэнне прынята 5 снежня, то здзівіўся. Стала таксама вядома, што яшчэ 23 лістапад інстытут фізіалогіі на пасяджэнні навуковай рады прыняў рашэнне аб маім адлічэнні. У загадзе аб адлічэнні вымова, якую я атрымаў 6 снежня, не фігуруе”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.

Былы аспірант кажа, што будзе дабівацца тлумачэнняў у дырэктара інстытута фізіалогіі і бараніць сваё права на вучобу праз суд.

“Усе праблемы ў мяне пачаліся пасля таго, як я напісаў скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства адукацыі з нагоды таго, што мне і іншым аспірантам не выдаюць ложка-месцы ў інтэрнаце. Я пагражаў правядзем акцыі “За квітнеючую Беларусь з ложка-месцамі для ўсіх”, калі мне і іншым аспірантам не дадуць месцы ў інтэрнаце, бо ва ўведамленнях, якія мы атрымалі пасля паступлення ў аспірантуру, было пазначана, што інстытут гарантуе прадастаўленне ложка-месцаў. Увесь гэты час аспіранты вымушаны былі пражываць на здымных кватэрах. Пад маім зваротам падпісалася яшчэ чатыры аспіранты”, - расказвае Аляксей.

“Пасля гэтага адміністрацыя Акадэміі навук пачала выклікаць усіх аспірантаў да сябе і ціснуць на іх, каб яны адклікалі свае подпісы. Пагражалі тым, што ўзнікнуць праблемы пры абароне кандыдацкіх прац. Усе, за выключэннем мяне, адклікалі свае подпісы. З гэтага моманту на мяне пачалі псіхалагічна ціснуць. Называлі мяне БНФаўцам, пагардліва ставіліся, прыдзіраліся. У выніку я ўчора падаў заяву ў пракуратуру на супрацоўніцу лабараторыі, якая сябе неадэкватна паводзіла ў дачыненні да мяне. Ніяк не маглі зацвердзіць мне навуковага кіраўніка. Папярэдні адмовіўся ад мяне заднім чыслом. Усяго ж навуковых кіраўнікоў за час майго непрацяглага навучання ў аспірантуры ў мяне змянілася чатыры. Адзін з іх меў прозвішча Лукашэнка”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.

Хлопец кажа, што дырэктару інстытута Іосіфу Залуцкаму вельмі не падабалася, што інфармацыя аб скаргах у Адміністрацыю прэзідэнта і непрадастаўленні ложка-месцаў з’явілася на незалежных інфармацыйных сайтах.

У інтэрвью БелаПАН Іосіф Залуцкі адзначыў, што Аляксей Паўлоўскі скажае факты і хлусіць, а месцаў у інтэрнаце пакуль няма. Датычна выбара навуковай тэмы для працы дырэктар інстытута адзначыў, што Аляксей сам адмаўляецца ад прапанаваных тэмаў і калі ён не выбярэць яе сабе, то яго адлічаць.

Трэба адзначыць, што Аляксей Паўлоўскі скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова і магістратуру ў ім. Там ён меў сярэдні бал - 9.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства