Выйшаў чарговы выпуск перадачы радыё «Свабода» «Адзін дзень у сям'і палітзьняволенага». На гэты раз карэспандэнт пабываў дома ў Эніры Браніцкай

2006 2006-07-20T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24-гадовая Эніра Браніцкая ў першыя хвіліны зьняволеньня была пэўная, што прабудзе за кратамі некалькі дзён. Ніхто : ні яна сама, ні бацькі, ні брат, ні сябры не маглі падумаць, што некалькі дзён расьцягнуцца на некалькі месяцаў. Актывістка незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства" Эніра Браніцкая ад 21 лютага знаходзіцца за кратамі : спачатку ў ізалятары КДБ, а цяпер у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Эніру Браніцкую абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі й замаху на правы грамадзянаў паводле часткі 2 артыкулу 193 новай рэдакцыі Крымінальнага кодэксу, якая была прынятая напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Менавіта назіраньне за хадой выбараў і зьбіралася весьці Эніра Браніцкая. Суд над Энірай Браніцкай ды іншымі актывістамі "Партнэрства" будзе закрытым і пачнецца 28 ліпеня.
З маці Эніры Браніцкай, Віялетай, мы сядзім на бальконе звычайнага менскага шматпавярховіка ў Малінаўцы й курым адну цыгарэту за адной. Віялета паказвае мне апошні ліст дачкі.
"Вакол такія розныя людзі. Іншым часам цікава паназіраць за паводзінамі суседзяў. За іх успрыняцьцем рэчаіснасьці. Некаторых шкада. А яшчэ ўразілася аб'ёму непісьменнасьці ў гэтых месцах. Што ня толькі цыгане, а агульная маса. А кажуць, у нас добрая базавая адукацыя. Адна фармальнасьць. І гэта ХХІ стагодзьдзе. А людзі ня ведаюць, як пішуцца элемэнтарныя словы".
За вокнамі звычайны гарадзкі пэйзаж з шэрым бэтонам. Цячэ звычайнае беларускае жыцьцё пачатку ХХІ стагодзьдзя. Добрыя аўтамабілі, прыгожа апранутыя дзеці, чысьціня газонаў. Вось толькі ў гэтую ідылічную карцінку ніяк ня ўпісваецца нагода, якая прывяла мяне ў госьці да спадарыні Віялеты. Арышт з палітычных матываў. Гэтая зьява ў Беларусі яшчэ ня стала звычайнай.
(Карэспандэнт: ) "Эніра - гэта нешта грэцкае?"
(Віялета: ) "Не. Гэта прыдумаў мой дзядуля. Для маёй мамы. Гэта ў рэвалюцыйны час вельмі было папулярна - прыдумляць імёны. І ён прыдумаў. Гэта азначае "электрификация, наука, искусство, революция". Мне маміна імя заўжды вельмі падабалася. Вельмі шкада было, што яно прападзе. І я вырашыла, што калі ў мяне народзіцца дачка, я яе назаву так сама, як маму. Так у нас захавалася імя".
Віялета й Віктар Браніцкія - расейцы, якія ад нараджэньня жывуць у Беларусі. У жылах Эніры цячэ кроў данскіх казакоў. І слова "радзіма" для яе - не пусты гук.
(Віялета: ) "У яе вельмі патрыятычныя настроі заўжды былі. Калі ёй у Францыі прапаноўвалі заставацца, і ўсе зьдзіўляліся : як гэта, ты зьедзеш, ты не застанесься тут? Яна сказала, што яна хоча жыць толькі ў сябе дома. Толькі тут. І хоча, каб тут было добра".
(Карэспандэнт: ) "Вы падтрымліваеце яе?"
(Віялета: ) "У гэтым пытаньні - так".
(Карэспандэнт: ) "А ў якім не?"
(Віялета: ) "Сапраўды ня думала, у чым я яе не падтрымліваю. Бо ўсё, што б яна ні рабіла& Я ведаю, што яна вельмі разумны чалавек, вельмі адказны. У мяне не было прычынаў не падтрымліваць яе, асуджаць за штосьці".
Калі прадстаўнікі спэцслужбаў арыштоўвалі Эніру Браніцкую, дык загадзя падаставалі свае пасьведчаньні. Перастрахаваліся чэкісты недарэмна. Эніра - чэмпёнка. Яна ня толькі атрымала дыплём палітоляга ў БДУ, але і заваявала тытул чэмпіёнкі ўнівэрсытэту па дзюдо.
(Віялета: ) "Яна трымаецца вельмі добра. Канечне, яна стамілася. Гэта і зь лістоў адчуваецца. На спатканьні яна трымалася зусім цудоўна. Мы жартавалі. Яна валявы чалавек. І ў любой сытуацыі ведае, як сябе трымаць. Вельмі дапамагае яе жыцьцёвы досьвед: валянтэрства, уменьне жыць зь іншымі людзьмі, уменьне прывыкаць да таго, што ёсьць, да любых бытавых умоваў. Мы ў паходы зь ёй хадзілі з чатырох гадоў. Спорт. Яна штодня робіць гімнастыку. І многія ў камэры зь ёй гэта робяць. Яна цяпер адціскаецца да тысячы раз. Гэта яе вельмі трымае. Чытае, малюе. Навучылася гуляць у шахматы. Навучылася жангляваць. Будучы там, напісала мне - у мяне няма вольнага часу".
Настаўніца музыкі, Віялета, да нядаўняга часу зусім ня думала пра палітыку. Гэта было нешта далёкае і малазразумелае.
(Віялета: ) "Калі б гэта мяне цяпер ня тычылася, аб многіх пытаньняў цяпер бы ня ведала, што яны існуюць. Я звычайны абываталь, скажам сумленна і наўпрост. Канечне, газэты я чытала, тэлевізар я глядзела, але ўсур'ёз палітыкай я ніколі не цікавілася. Паколькі яна мяне асабіста ня тычылася. Цяпер палітыка ўвайшла ў мой дом - хачу я гэтага ці не хачу. Я, безумоўна, засталася наіўным чалавекам у палітыцы. Я шмат чаго не разумею яшчэ ў гэтай сфэры. Але штосьці адкрылася. Прачыніліся невялікія дзьверы".
З працы прыйшоў бацька Эніры, Віктар. Інжынэр аднаго з пасьпяховых заводаў. За што сядзіць ягоная дачка, ён зразумець ня можа.
(Віктар: ) "Нічога крымінальнага яна не рабіла. Проста хацела падлічыць, хто за каго галасуе".
(Карэспандэнт: ) "Самы небясьпечны занятак у нашай дзяржаве. А вы адчуваеце нейкую салідарнасьць з боку бацькоў палітзьняволеных, калегаў?"
(Віктар: ) "Шчыра кажучы, на працы ў мяне цікавяцца лёсам. Ёсьць разуменьне. А зь людзьмі, зь якімі яна& мы сталі ўжо сваякамі. Зблізіліся. Праз гэта мы даведаліся пра многіх іншых людзей".
Ад таго лютага Віялета і Віктар зусім па-іншаму глядзяць на многія рэчы, якія здаваліся звыклымі.
(Віктар: ) "Жыцьцё вучыць. Глядзіш іншымі вачыма на ўсё, што адбываецца. Калі паказвалі іхны арышт. Калі паказвалі пісталеты, даляры. Яны хацелі скінуць урад& Вы мне прабачце, калі беларускае тэлебачаньне так сябе паводзіць"
У апошнім лісьце Эніра працытавала ўпадабаную фразу зь "Дзёньнікаў генія" Сальвадора Далі: "Для поўнага шчасьця чалавеку патрэбныя дзьве рэчы: першая - як мага раней адседзець у турме, і другая - стаць мульцімільянэрам. Жартуе, што'зь першай, па-мойму, ужо справілася. Застаецца другая".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international