viasna on patreon

Гомельскія “раёнкі “ пра правы чалавека

2011 2011-12-12T11:56:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravy-chalaveka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Некаторыя раённыя газеты Гомельскай вобласці ўзгадалі, што 10 снежня адзначаецца міжнародны Дзень правоў чалавека, прычым своеасабліва. Калі ў іншых краінах у гэты дзень карэспандэнты гутараць непасрэдна з амбудсменамі, упаўнаважанымі па правах чалавека ці правабааронцамі, то раёнкам, відаць, не было з кім размаўляць пра правы і свабоды людзей. Але, імаверна, быў ідэалагічны загад: напісаць пра правы чалавека. Вось і выкручваліся газеты як маглі.

Напрыклад, лельчыцкая раённая газета «Светлае жыццё» пра правы чалавека ўзгадала ў артыкуле «Гарантавана Канстытуцыяй», які можна назваць «прававы лікбез». Асабіста пра правы чалавека і дзень 10 снежня ў артыкуле змешчана гістарычная даведка: калі была прынятая Дэкларацыя правоў чалавека, чаму яна была прынятая, якія правы і свабоды замацаваны ў гэтым дакуменце. Затым аўтар артыкулу пераходзіць да Канстытуцыі, не забыўшы працытаваць прэзідэнта. У дадатак сваім чытачам газета прапануе азнаёміцца з роляй Канстытуцыйнага суду.

Кармянская раённая газета «Зара над Сожам» вырашыла, што за правы чалавека ў рэгіёне адказвае натарыус, таму ў артыкуле «Ці дастаткова мы ведаем права», прысвечаным Дню правоў чалавека, змясціла інтэрв'ю загадчыцы натарыяльнай канторы. Узгадаўшы пра памятную дату 10 снежня, аўтар артыкулу піша: «Адказаць на пытанні, якія тычацца прававой пісьменнасці насельніцтва, прававой абароны нашых грамадзян, мы папрасілі загадчыцу натарыяльнай канторы». І натарыус распавяла: «Што тычыцца прававой абароны чалавека, то ў гэтым плане ў нас, не пабаюся гэта сказаць, самыя лепшыя законы. Праблема ў іншым – мы іх кепска ведаем і не умеем імі карыстацца».

І вось у гэтым артыкуле – яскравы прыклад, як дзяржаўныя журналісты нівеліруюць паняцці «правы» і «абавязкі». Натарыус распавядае, што многія грамадзяне, аказваецца, не хочуць выконваць свае абавязкі. Суразмоўца даводзіць карэспандэнту, а той – чытачам, што «ў 22.00 трэба прыглушыць гук, таму што ў суседзяў ёсць права на сон і цішыню», і што трэба плаціць падаткі. Натарыус абураецца несвядомымі грамадзянамі, што не плацяць падаткі, а патрабуюць заробак. Трывога за несвядомых грамадзян перадалася і карэспандэнту, які запытаў: «Якое ж выйсце вы бачыце з такой сітуацыі?» І загадчыца натарыяльнай канторы сказала, як адрэзала: «Што тычыцца грамадзян, якія памятаюць толькі пра свае правы, але нічога не хочуць ведаць пра абавязкі, то тут мае месца недастатковасць ідэалагічнага выхавання».

Вось так у раёнах адзначаюць Дзень правоў чалавека: не забыўшы папікнуць грамадзян за іх «несвядомасць» і нагадаўшы пра неабходнасць выконваць абавязкі перад дзяржавай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства