За апошні год сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі значна пагоршылася

2011 2011-12-10T13:32:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Такую ацэнку даюць прадстаўнікі, БХК, ПЦ “Вясна” і “Міжнароднай амністыі” ў каментарах БелаПАН з нагоды 63-яй гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

"Ніколі яшчэ ў Беларусі мы не сустракалі 10 снежня ў такой цяжкай сітуацыі, — заявіў у каментары БелаПАН старшыня РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) Алег Гулак. — Гэты год быў самым цяжкім у дачыненні да правоў чалавека ў гісторыі сучаснай Беларусі і па колькасці рэпрэсій, і па жорсткасці прысудаў, прычым акцэнт рэпрэсій быў накіраваны не толькі на палітычных актывістаў, але і на праваабаронцаў, адвакатаў".

Лідар БХК нагадаў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і жорсткага разгону шматтысячнага апазіцыйнага мітынгу на плошчы Незалежнасці ў Мінску крымінальныя справы аб масавых беспарадках былі распачаты ў дачыненні да большасці кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Многія адвакаты, якія абаранялі іх, потым былі пазбаўлены ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць.

У офісах праваабарончых арганізацый неаднаразова праводзіліся вобыскі, а лідар закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Сапраўднай прычынай крымінальнага пераследу Бяляцкага стала яго шматгадовая праваабарончая дзейнасць, перакананы яго калегі.

"Рэпрэсіі ўлады накіраваны на праваабаронцаў, гэта значыць на тых, хто непасрэдна не з'яўляецца яе апанентам у барацьбе за ўладу, на так званых "санітараў", якія выводзяць з поля боя "параненых". Гэта, канешне, сумна, але, нягледзячы ні на што, мы павінны прыкладаць усе намаганні для захавання правоў чалавека", — перакананы Алег Гулак.

Намеснік старшыні незарэгістраванага праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч назваў адыходзячы год цяжкім як для праваабаронцаў, так і для ўсяго беларускага грамадства.

"Мы назіраем рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Я б нават сказаў, горш было толькі ў выпадках гвалтоўных знікненняў апанентаў беларускай улады ў 1999 годзе", — лічыць Стэфановіч. Паводле яго слоў, "такой колькасці палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі не назіралася апошнія гадоў пятнаццаць".

Акрамя таго, адзначыў праваабаронца, у 2011 годзе "вельмі выразна" праявіліся ўсе праблемы беларускага правасуддзя.

"Гэта тычыцца не толькі палітычна матываваных працэсаў, а і працэсу "мінскіх тэрарыстаў" Кавалёва і Канавалава, які выклікаў масавы недавер і да судовай сістэмы Беларусі, і да сістэмы следства, — сказаў Стэфановіч. — Большасць беларусаў не вераць у тое, што тэракт у метро мог ажыццявіць адзіночка з сярэдняй адукацыяй. Мне здаецца, гэта — квінтэсенцыя недаверу да ўсёй следчай і судовай сістэмы Беларусі, і да дзейнасці праваахоўных органаў у прынцыпе".

Эксперт аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" Хізэр Макгіл, якая знаходзіцца гэтымі днямі ў Мінску, у каментары БелаПАН заявіла: "У Беларусі вельмі сур'ёзна парушаюцца правы чалавека. Гэта тычыцца правоў на свабоду сходу, на свабоду меркаванняў, а таксама на праваабарончую дзейнасць: ніводная з праваабарончых арганізацый у апошнія гады не была зарэгістравана. Пры гэтым праваабаронцы і іншыя грамадзяне могуць зведаць крымінальны пераслед за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі".

"Беларусь не прытрымліваецца асноўных норм правоў чалавека", — рэзюмавала Макгіл.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international