Галіна Смірнова рыхтуе скаргу на ўмовы ўтрымання ў Бабруйскім ізалятары

2011 2011-12-08T17:09:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kamera-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тюремная камера. Иллюстративное фото.

Тюремная камера. Иллюстративное фото.

Актывістка бабруйскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Смірнова падчас адбывання свайго адміністрацыйнага пакарання ў ізалятары часовага ўтрымання Бабруйска за арганізацыю Народнага сходу ў горадзе, сутыкнулася з умовамі поўнай антысанітарыі.

Знаходзячыся ў камеры, дзе акрамя яе было яшчэ некалькі чалавек, яна даведалася, што сядзіць разам з жанчынай, якая ўжо некалькі разоў была асуджана за забойства і крадзяжы. Гэта з’яўляецца грубейшым парушэннем інструкцыі ўтрымання адміністрацыйна затрыманых. Акрамя гэтага, у камеры была жанчына, хворая на псарыяз войстрай ступені і перахварэўшая сухотамі, што таксама з’яўляецца парушэннем ужо ўзгаданай інструкцыі.

“Антысанітарыя заключалася ў тым, што бетонныя сцены не былі атынкаванымі. У пакоі стаяў пах сырасці і грыбка. У якасці прыбіральні ў камеры служыла звычайнае пласмасавае вядро, куды ўсе ахвотныя спраўлялі свае вялікія і малыя патрэбы. Усе гэтыя араматы дадаваліся да паху сырасці і грыбка. Тым не менш, двойчы на дзень – у шэсць гадзін раніцы і шэсць гадзін вечара -- нас выводзілі ў прыбіральню. Падлогу ў камеры  за пяць дзён ніхто не разу так і не памыў”, - расказвае Галіна Смірнова.

“У камеры было вельмі халодна. Батарэі амаль не грэлі. Камплект бязізны, які мне выдалі, складаўся з насыпкі і прасціны. Яны былі чыстымі, аднак засціранымі. Коўдра была, аднак накоўдрыкі не было. Калі я спытала дзе накоўдрык, начальнік ізалятара паглядзеў на мяне як на марсіянку і спытаў, ці не хацела б я, каб мне ў камеру насілі ежу з рэстарана. Я адказала, што не супраць. Я не рызыкнула карыстацца гэтай коўдрай, бо жанчына, якая сядзела побач, хворая на псарыяз, карысталася такой жа. Я не магла ведаць, хто карыстаўся маёй коўдрай да мяне і запатрабавала, каб мне далі магчымасць патэлефанаваць дадому, каб мне адтуль прынеслі коўдру. Гэта патрабаванне было выканана”, - працягвае актывістка АГП.    

Жанчына адзначае, што вады ўнутры камеры не было. Яна была толькі ў прыбіральні і была вельмі халодная. Каб разагрэць яе, зняволеныя набіралі ваду ў бутэлькі і клалі на ледзь цёплыя батарэі, пасля чаго ёй умываліся. Піць гэтую ваду яна не рызыкнула.

“Ежа была поснай, аднак есці яе было можна. На вячэру пастаянна давалі капусту і рыбную катлету, - гаворыць Галіна Смірнова. - Натуральнага святла ў камеры амаль не было. Вузкае акно за ўсю гісторыю ізалятара ніколі не мылася, і святло праз яго фактычна не прасочвалася. Лямпачка штучнага жаўтлявага свету гарэла пастаянна”.

Актывістка АГП кажа, што на прагулку іх выводзілі штодзённа. Гэта быў, бадай, адзіны станоўчы момант, які ў поўнай ступені выконваўся персаналам. Унутраныя “шмоны” былі кожны дзень, аднак яны не былі зневажальнымі.

“Стаўленне да мяне ахоўнікаў было станоўчым. У параўнанні са стаўленнем да астатніх адчувалася, што я адбываю палітычны арышт. Мне не хамілі, не штурхалі. Магчыма, гэта было звязана з тым, што я першая жанчына з арыштаваных за палітыку, якая знаходзілася ў гэтым ізалятары. Начальнік ізалятара кожны дзень захадзіў у камеру і пытаўся, ці маю я якія-небудзь скаргі. Калі мяне змяшчалі ў камеру ізалятара, то ён мне прадставіўся гаспадаром пяцізоркавага гатэлю “Шчыт і меч”, - працягвае Галіна Смірнова.

 “Калі я брала даведку ў начальніка ізалятара аб часе знаходжання ў яго “гатэлі”, я яму выказала ўсё, што думаю пра ягоны гатэль. Ён мне адказаў, што сам ужо не першы год спрабуе вырашыць праблему з рамонтам ізалятара і прыбіральняй, аднак гэта ніяк ў яго не атрымліваецца”, - адзначае жанчына.

З нагоды ўтрыманняў у бабруйскім ізалятары Галіна Смірнова рыхтуе скаргу ў пракуратуру і УУС.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства