Слонімскі выканкам падзяліў журналістаў

2011 2011-12-07T12:45:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/slonim-apanovich.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Вячаслаў Апановіч не хацеў пускаць журналістку недзяржаўнай "Газеты Слонімскай" на сустрэчу з гродзенскім губернатарам. Журналісты дзяржСМІ на сустрэчу былі запрошаныя.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра 1 снежня праводзіў у Слоніме прыём жыхароў раёна па асабістых пытаннях. Рэдакцыя "Газеты Слонімскай" папрасіла акрэдытацыю свайго журналіста на гэтую сустрэчу. Накіраваўшы загадзя запыт у Слонімскі райвыканкам і Гарадзенскі аблвыканкам, адказ рэдакцыя атрымалі толькі ад мясцовых уладаў. Адказ быў адмоўным. Прадстаўнікі ўлады спаслаліся на артыкул 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 года № 407-ХIII "Аб зваротах грамадзян»: службовыя асобы і іншыя работнікі дзяржаўных органаў не маюць права выдаваць звесткi аб асабiстым жыццi грамадзян без iх згоды, якія сталі ім вядомымі ў сувязі з разглядам зваротаў. І тут узнікае пытанне: ці можа лічыцца асабістым зварот грамадзяніна, напрыклад, па пытаннях ЖКГ, добраўпарадкавання вуліц і г.д. Хіба гэта з'яўляецца ўварваннем у прыватнае жыццё?
Адказу з Гарадзенскага аблвыканкама рэдакцыя зусім не атрымала. Таму карэспандэнт Ганна Валадашчук сама вырашыла туды патэлефанаваць і пацікавіцца, якое рашэнне было прынята. Але, на жаль, ні ў прыёмнай старшыні аблвыканкама, ні ў ідэалагічным аддзеле ніхто не мог даць адназначнага адказу. Тады журналістка сама накіравалася ў Слонімскі райвыканкам да кабінета № 417, дзе павінен быў адбыцца прыём грамадзян Сямёнам Шапірам. Бліжэй да 11 гадзін нікога яшчэ не было, толькі праз некаторы час прыйшлі прадстаўнікі мясцовых СМІ: «раёнкі» і СлонімТВ, а затым з'явіўся і намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Вячаслаў Апановіч. Ён прапанаваў ім прайсці ў прыёмную старшыні раённага Савета дэпутатаў. А прысутнасць журналісткі "Газеты Слонімскай» ў Вячаслава Апановіч выклікала абурэнне і здзіўленне.
-Што вы тут робіце? Вам быў дадзены адказ, што ў акрэдытацыі «газеце Слонімскай» адмоўлена. Ідзіце хутчэй, - прыспешваў журналістку ўсхваляваны чыноўнік.
Аднак журналістка не збіралася нікуды сыходзіць, вырашыла дачакацца самога Шапіру і пачуць адказ з яго вуснаў. Зразумеўшы, што журналістка не збіраецца сыходзіць, Вячаслаў Апановіч ўсё ж папрасіў і яе прайсці ў прыёмную да калег. Там журналістка спытала ў яго: чаму прадстаўнікам дзяржаўнай газеты і мясцовага тэлебачання можна прысутнічаць на прыёме, а ёй не?
-Мы напісалі вам адказ, вы яго атрымалі, - нагадаў яшчэ раз прадстаўнік улады.
Узнікае пытанне: для каго тады пішуцца ўсе гэтыя законы? Бо згодна з п. 2.1. ч. 2 арт. 34 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», у сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў журналіст мае права збіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю ў дзяржаўных органаў, а таксама захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, неабходную для ажыццяўлення яго прафесійнай дзейнасці. У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі», адным з асноўных прынцыпаў дзейнасці сродкі масавай інфармацыі з'яўляецца дакладнасць інфармацыі, якая павінна адпавядаць рэчаіснасці. Атрымліваецца, што не для ўсіх літара закона аднолькавая: адных пазбаўляюць незаконна правоў самі ж прадстаўнікі ўлады, а іншым інфармацыя чамусці даступная. Пра гэта журналістка і напісала на старонках «Газеты Слонімскай».

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international