Пратакол на Уладзіміра Няпомняшчых суд накіраваў на дапрацоўку

2011 2011-12-05T22:39:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/niapomniashchyh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Няпомняшчых

Уладзімір Няпомняшчых

5 снежня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алена Цалкова разгледзела паўторна адміністратыўны пратакол па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), складзены ў дачыненні актывіста АГП Уладзіміра Няпомняшчых.

Міліцыя затрымала актывіста 7 кастрычніка, напярэдадні Народнага сходу, за распаўсюд ўлётак-запрашэнняў на сход. На сп. Няпомняшчых спачатку склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства), а затым яшчэ і за нібыта брудную лаянку. Актывісту, дарэчы, нават не паведамілі, што ў дачыненні да яго быў складзены яшчэ адзін пратакол, і даведаўся ён пра гэта толькі на судзе. Суд Цэнтральнага раёна пакараў яго штрафам у памеры 105 тысяч рублёў. Дарэчы, на судзе Няпомняшчых – пенсіянер МВД, папрасіў міліцыянера Валерыя Амельчанку даць слова афіцэра, што ён чуў брудную лаянку ад затрыманага, але міліцыянер адмовіўся. Іншыя міліцыянеры, нібыта сведкі бруднай лаянкі, якія прысутнічалі пры затрыманні, сведчылі на судзе, што не чулі ад актывіста бруднай лаянкі. Тым не не менш, суд пакараў яго.

 

Затым было абскарджанне ў абласным судзе, і дадзенае рашэнне было адменена, а справа накіравана на новы разгляд.

 

На судзе 5 снежня Уладзмір Няпомняшчых звярнуў увагу, што міліцыянер Валерый Амельчанка склаў пратакол з парушэннямі, змяняў паказанні на судзе, не мог дакладна сказаць, у якім месцы, пры якіх абставінах затрыманы брудна вылаяўся. Ды і сам пратакол пра брудную лаянку Уладзімір Няпомняшчых да суда ў вочы не бачыў. «Я сцвярджаю, што дадзеная справа – сфальсіфікаваная маёрам Амельчанкам, і патрабую прызнаць мяне нявінным», - адначыў на судзе актывіст.

У судзе быў дапытаны і маёр міліцыі. Ён стаяў на сваім: Уладзімір Няпомняшчых брудна лаяўся пры затрыманні. Суддзя Алена Цалкова задала шэраг пытанняў міліцыянеру, на якія не атрымала адказаў. Па-першае: чаму адміністратыўна затрыманы не быў азнаёмлены з пратаколам? Па-другое: чаму не быў складзены пратакол аб адміністратыўным затрыманні? Па-трэцяе: чаму былі складзены два пратаколы, калі правапарушэнні, калі верыць міліцыі, былі здзейснены ў адным месцы і ў адзін і той жа час? Па-чацвёртае: чаму на пратаколах няма ні подпісу Уладзіміра Няпомняшчых, ні звестак, што ён адмовіўся ад подпісу? На ўсе пытанні міліцыянер даваў адказы кшталту «не памятаю, даўно было». У выніку суддзя накіравала пратаколы на дапрацоўку.

«Паседжанне было станоўчым для мяне: суддзя аб'ектыўна падышла да разгляду справы, прынцыпова па тых пытаннях, якія не стыкуюцца, а іх вельмі шмат. Нават на судзе міліцыянер заблытаўся ў паказаннях, гэта здарылася папросту таму, што калі чалавек падманвае, то рана ці позна ён зблытаецца. На першым судзе яго калегі, якія, здавалася б, павінны яго падтрымаць, заявілі, што не чулі ад мяне бруднай лаянкі, хоць мы былі побач. Тут наогул калізія нейкая, я не ведаю, як Амельчанка будзе выкручвацца. Суддзя не спыніла справу, гэта зроблена таму, што суддзя знаходзіцца ў сістэме. Я заявіў на судзе, што як чалавеку я ёй веру, як суддзі – не», - пракаментаваў Уладзімір Няпомняшчых.

Актывіст упэўнены, што пры разглядзе справы ў сапраўды незалежным судзе яго б апраўдалі, а міліцыянер застаўся б без працы.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international